Здавалася б, чаму яшчэ можна навучыць тых, хто кіруе вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і сам вучыць? Тым не менш у беларускай сталіцы на працягу двух дзён, 26 і 27 жніўня, праходзіла маштабнае адукацыйнае мерапрыемства — другая Нацыянальная школа рэктараў.
Першая мела месца ў 2025 годзе і заклала традыцыю адкрытага дыялогу паміж дзяржавай, навукай і бізнесам. На гэты раз стаяла задача вызначыць прыярытэты развіцця беларускіх універсітэтаў на бліжэйшыя гады і выпрацаваць канкрэтныя механізмы адаптацыі вышэйшай школы да ўмоў тэхналагічнага суверэнітэту, глабальнай лічбавай трансфармацыі і выхаду на новыя міжнародныя рынкі.

Пляцоўкамі для дыскусій сталі Белтэлерадыёкампанія, Міністэрства замежных спраў, Нацыянальная акадэмія навук і Парк высокіх тэхналогій. Пра тое, наколькі важныя і актуальныя тэмы там падымаліся, кажа ўзровень спікераў і экспертаў. Сярод іх, у прыватнасці, быў міністр інфармацыі Дзмітрый ЖУК, які вёў дыялог пра выхаванне моладзі ў лічбавую эпоху. Першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей ЛУКАШЭВІЧ абмеркаваў з удзельнікамі мерапрыемства інструменты дыверсіфікацыі экспарту. А мадэратарам пленарнага пасяджэння выступіў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ. Слухачамі школы былі рэктары вядучых ВНУ краіны.
Медыягігіена, выхаванне і адаптацыя
Дзелавая праграма першага дня стартавала на пляцоўцы Белтэлерадыёкампаніі. У фокусе ўвагі — пытанні медыягігіены і выхавання моладзі ў лічбавым асяроддзі. Удзельнікі абмеркавалі стварэнне і вядзенне ва ўніверсітэтах рэестра стваральных сеткавых аўтараў, механізмы процідзеяння недакладнай інфармацыі ў студэнцкім асяроддзі, распрацоўку інструментаў для ацэнкі эфектыўнасці работы інстытута куратарства, а таксама стварэнне шматпрофільных маладзёжных рэдакцый на базе студэнцкіх медыяцэнтраў.
Тут галоўную ролю трэба адвесці выкладчыкам універсітэтаў, лічыць Дзмітрый Жук:
— Яны павінны быць для студэнтаў менавіта тымі аўтарытэтнымі людзьмі, якія навучаць не толькі ведам у пэўнай вобласці, нейкім прадмеце, але яшчэ і раскажуць пра краіну так, каб маладыя людзі разумелі, дзе яны жывуць, і ганарыліся нашымі дасягненнямі.
У Міністэрстве замежных спраў асаблівую ўвагу надаюць пытанням экспарту адукацыйных паслуг і прыцягнення ў беларускія ВНУ студэнтаў з іншых краін.
— Навучаючы такіх спецыялістаў, наша вышэйшая школа закладвае падмурак для будучых міжнародных эканамічных праектаў, — упэўнены Сяргей Лукашэвіч. — Беларуская адукацыя цэніцца і вельмі добра зарэкамендавала сябе ў свеце. Але цяпер трэба ўсё гэта адаптаваць пад патрэбы замежных студэнтаў, якія едуць да нас.
На пляцоўцы НАН ключавымі тэмамі сталі камерцыялізацыя навуковых распрацовак, трансфер універсітэцкіх тэхналогій у рэальны сектар эканомікі, механізмы інтэграцыі вузаўскай і акадэмічнай навукі, павышэнне эфектыўнасці работы саветаў па абароне дысертацый.
Завяршыўся першы дзень дыскусіяй у Парку высокіх тэхналогій. Тут адбылося абмеркаванне ўкаранення этыкі штучнага інтэлекту, рэгулявання выкарыстання нейрасеціва ў навучальным працэсе, а таксама пытанняў лічбавай інфраструктуры ВНУ і кібербяспекі.
Чатыры стратэгічныя задачы
Вынікам першага дня работы секцый стала вызначэнне шляхоў вырашэння ключавых пытанняў развіцця беларускай вышэйшай школы.
— Нацыянальная школа рэктараў становіцца пляцоўкай для змены фармату кіраўніцкага мыслення рэктараў нашых ВНУ, — зрабіў выснову Андрэй Іванец. — Бо мэта рэктара ці начальніка — дзейнічаць на апярэджанне, выкарыстоўваць нестандартныя падыходы, наўпрост пераймаць станоўчы вопыт у прызнаных экспертаў і практыкаў краіны і пры гэтым асабіста адказваць за выкананне кожнага даведзенага паказчыка.

Аналізуючы папярэднія вынікі работы школы, міністр назваў чатыры стратэгічна важныя задачы, якія сфарміраваліся ў працэсе дыскусій і абмеркаванняў і ад вырашэння якіх залежыць эфектыўнасць работы ўніверсітэтаў, якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, узровень дабрабыту работнікаў, запатрабаванасць падрыхтоўкі ў Беларусі і на міжнароднай арэне. Што ж гэта за задачы?
Першая — кадравае ўзнаўленне і тэхналагічны суверэнітэт. У аспірантуру, на думку кіраўніка адукацыйнага ведамства, павінны прыходзіць матываваныя і падрыхтаваныя выпускнікі ВНУ:
— Іх мэтай павінна стаць абарона якаснай і ў тэрмін падрыхтаванай дысертацыі. Але і мы павінны думаць аб тым, каб за дасягнутыя вынікі маладым навукоўцам забяспечыць сістэмную падтрымку, у тым ліку матэрыяльную.
Другая — кіраванне лічбавым ландшафтам ВНУ і бяспека.
Гаворка тут ішла пра выкарыстанне студэнтамі штучнага інтэлекту.
— Забараняць або абмяжоўваць генератыўныя нейрасеткі сёння бессэнсоўна, — упэўнены Андрэй Іванец. — Вышэйшая школа павінна ўзначальваць гэты працэс і ўкараніць адзіны рэгламент дэкларавання выкарыстання штучнага інтэлекту ў дыпломных работах. Трэба паскараць тэмпы ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у навучанне, але пры гэтым захаваць фундаментальную падрыхтоўку.
Трэцяя — дыверсіфікацыя экспартных паслуг.
Ранейшыя падыходы ў сферы экспарту адукацыі сябе вычарпалі, лічыць кіраўнік галіны. Выхадам на новы ўзровень могуць стаць нетрывіяльныя падыходы, узмацненне інтэграцыі ВНУ ў прастору БРІКС+ШАС і ЕАЭС, якія становяцца лідарамі на міжнароднай арэне.
— Рэктары ўніверсітэтаў павінны самі ініцыіраваць сумесныя праграмы падвойных дыпломаў, — працягнуў міністр адукацыі. — І разам з міжнароднымі службамі актыўна ўбудоўваць свае паслугі ў парадак дня дзелавых місій Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Чацвёртая — трансфармацыя ідэалагічнай работы з улікам цыфравізацыі.
На думку Андрэя Іванца, у цяперашніх віртуальных рэаліях неабходна перагледзець работу куратараў і выхаваўчых аддзелаў:
— Нельга дапусціць, каб свядомасць моладзі занялі дэструктыўныя сілы. Таму на базе медыяцэнтраў ВНУ павінны запрацаваць маладзёжныя рэдакцыі, якія будуць супрацоўнічаць з рэспубліканскімі СМІ, блогерамі, лідарамі меркаванняў моладзі і фарміраваць інфармацыйны парадак дня нашага студэнцтва.
У тэму
Да навучальнага года гатовы
Праведзеную работу па падрыхтоўцы школ, каледжаў і ВНУ да 1 верасня прааналізавалі на нарадзе пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Наталлі ПЯТКЕВІЧ, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Як адзначылі міністр адукацыі, намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, установы адукацыі гатовы да пачатку навучальнага года. Завершаны рамонтныя работы ў школах і каледжах, прыведзены ў парадак харчаблокі і спартыўныя аб’екты, абноўлены школьны аўтобусны парк. На асаблівым кантролі — пытанні забеспячэння ва ўстановах адукацыі проціпажарнай, дарожнай і санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі.
Пытанні завяршэння падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да 2026/27 навучальнага года знаходзяцца на пастаянным кантролі ўрада, адзначылі ў прэс-службе. Асаблівую ўвагу намеснік Прэм’ер-міністра звярнула на пытанні арганізацыі гандлю школьнай прадукцыяй. Пастаўлена задача захаваць у гандлёвых аб’ектах разнастайнасць асартыменту і размернага шэрагу якаснага адзення дзелавога стылю, спартыўнай формы і абутку для навучэнцаў, школьных канцылярскіх прылад.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА