Умовы скарэкціраваны
Навучанне па мэтавай траекторыі ўжо даказала сваю мэтазгоднасць. Ураўненне з трох складнікаў, у якім прадпрыемства атрымлівае работніка, эканоміка краіны — неабходнага спецыяліста, а абітурыент — магчымасць паступіць у ВНУ або каледж па-за агульнага патоку, дае свае станоўчыя вынікі. Але працэс гэты, як паказала практыка, складаны, з нюансамі, таму патрабуе некаторых карэкціровак, якія і былі зроблены да цяперашняй уступнай кампаніі.
Што гэта за карэкціроўкі, якім чынам яны закрануць заказчыкаў кадраў і абітурыентаў, з чытачамі «Звязды» дзеліцца начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ.
Заказчыкі
Адной са значных карэкціровак, паводле яго слоў, з’яўляецца магчымасць заключаць дагаворы на мэтавае навучанне прыватным арганізацыям. Праўда, ёсць умова — гэтым правам надзяляюцца арганізацыі, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё рэгіёна.
— Такім чынам узмацняецца роля мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады для ўмацавання кадравага патэнцыялу, — кажа Сяргей Пішчоў.
Яшчэ адно абавязковае патрабаванне — строгае абгрунтаванне і дэталёвая аргументацыя ад заказчыка кадраў: чаму вам патрэбен канкрэтна гэты спецыяліст? У сувязі з гэтым для абодвух бакоў правілы становяцца стражэй: у выпадку скасавання дагавора без важкіх падстаў фінансавую адказнасць будуць несці як заказчык, так і студэнт-мэтавік.
— Працэс фарміравання мэтавага набору выразна пазначаны пастановай Савета Міністраў № 572 і праходзіць у некалькі этапаў, — інфармуе Сяргей Мікалаевіч. — Да 20 сакавіка прадпрыемствы, зацікаўленыя ў спецыялістах, накіроўваюць заяўкі ў профільныя ведамствы. Пасля дэталёвага аналізу, да 15 красавіка, дзяржорганы падаюць зводную інфармацыю заснавальнікам ВНУ. Міністэрства адукацыі зацвярджае канчатковую колькасць месцаў да 1 мая.
Пакуль аб’ём мэтавага набору фарміруецца на падставе запытаў рэальнага сектара эканомікі. Пры гэтым захоўваюцца ўстаноўленыя правіламі прыёму ліміты: на медыцынскіх спецыяльнасцях мэтавая квота можа дасягаць 80 %, на сельскагаспадарчых — 70 %, па астатніх кірунках — да 60 %. Найбольшую цікавасць у абітурыентаў традыцыйна выклікаюць медыцынскія, педагагічныя і інжынерныя профілі.
Нягледзячы на ўсе карэкціроўкі, алгарытм узаемадзеяння захаваны ранейшы, удакладняе Сяргей Пішчоў:
— Спачатку арганізацыі падаюць заяўкі на мэтавую падрыхтоўку ў аблвыканкамы або, калі гаворка пра сталіцу, — у Мінскі гарвыканкам.
Абітурыенты
Бонусам для абітурыентаў гэтага года прадстаўнік Мінадукацыі назваў тое, што інфармаванне аб зацверджаных мэтавых месцах у гэтым годзе будзе ўзмоцнена: заказчыкаў абавязалі публікаваць даныя аб колькасці выдзеленых мэтавых месцаў на сваіх інтэрнэт-рэсурсах. Там жа абітурыенты могуць падрабязна даведацца пра ўсе нюансы, якія іх цікавяць.
Як і раней, паступіць на мэтавае навучанне можна будзе толькі пры наяўнасці конкурсу больш аднаго чалавека на месца. Да таго ж сёлета ўступае ў сілу вельмі важная ўмова.
— Наяўнасць конкурсу неабходна як на этапе падачы дакументаў, так і пасля ўнутраных экзаменаў у ВНУ, — тлумачыць Сяргей Пішчоў.
Як ужо адзначалася, колькасць мэтавых месцаў у разрэзе ВНУ і спецыяльнасцяў будзе афіцыйна зацверджана да 1 мая. Пасля гэтага абітурыенты змогуць прыступаць да заключэння дагавораў з прадпрыемствамі-заказчыкамі. Прыём дакументаў на мэтавае навучанне пройдзе, як і ў мінулыя гады, раней асноўнага набору — з 27 чэрвеня да 2 ліпеня. Залічэнне завершыцца да 12 ліпеня.
Для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі абітурыент падае наступныя дакументы:
— дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста;
— медыцынскую даведку;
— рэкамендацыю з апошняга месца працы (службы) або педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончыў абітурыент;
— дакумент, які сведчыць асобу;
— характарыстыку, выдадзеную ўстановай агульнай сярэдняй адукацыі або ўстановай, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі (для асоб, якія атрымалі агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную адукацыю або сярэднюю спецыяльную адукацыю ў год прыёму ў ВНУ);
— дакументы аб ільготах (пры іх наяўнасці)
— дакумент аб адукацыі.
Абітурыенты, якія не праходзяць па конкурсе для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на агульных падставах. Для гэтага неабходна прадаставіць сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД