Top.Mail.Ru

Якія ўмовы паступлення ва ўстановы адукацыі чакаюць сёлета алімпіяднікаў і мэтавікоў

Для мэтанакіраваных і матываваных

Пераможцаў і лаўрэатаў алімпіяд справядліва называюць залатым фондам краіны. Права паступіць у ВНУ яны заваёўваюць упартай працай і грунтоўнымі ведамі, якія пацвярджаюцца высокімі адзнакамі на інтэлектуальных спаборніцтвах розных узроўняў. Тое ж можна сказаць і пра маладых людзей, якія становяцца «зоркамі» конкурсаў прафесійнага майстэрства. Аднак не варта лічыць, што прэферэнцыі ва ўступнай кампаніі атрымлівае кожны з іх. Штогод Мінадукацыі вызначае, пераможцам якіх алімпіяд і конкурсаў прафмайстэрства сёлета не давядзецца здаваць экзамены пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.

Без экзаменаў

У гэтым годзе афіцыйна вызначаны пералік міжнародных алімпіяд, пераможцы якіх (з дыпломамі І, ІІ, ІІІ ступеняў) сёлета маюць права на залічэнне без уступных іспытаў у ВНУ Беларусі для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, а таксама па-за конкурсам для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У спіс увайшлі: Міжнародная матэматычная алімпіяда (2025 год, Аўстралія), Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі (2025 год, Бразілія), Міжнародная фізічная алімпіяда (2025 год, Францыя), Міжнародная біялагічная алімпіяда (2025 год, Філіпіны), Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і рускай літаратуры «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» (2024 год, Расія).

14-39 копия.jpg

У адукацыйным ведамстве таксама вызначылі пералік вучэбных прадметаў трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму. Пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеняў) гэтага этапу маюць пра-

ва на залічэнне ў ВНУ ў 2025 годзе без уступных экзаменаў пры паступленні ў адпаведнасці з пэўнымі ўмовамі. Таксама правам на залічэнне без уступных выпрабаванняў у ВНУ (каледжы) у бягучым годзе могуць скарыстацца ўладальнікі дыплома І, ІІ або ІІІ ступені VІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.

Паспець, каб не спазніцца

Мэтавая падрыхтоўка вельмі цікавая для выпускнікоў. Абітурыент ужо ў самым пачатку на стадыі паступлення бачыць свайго работадаўца і ведае, куды пойдзе і можа атрымаць дадатковыя льготы. Далей пасля паступлення ён індывідуалізуе свой працэс падрыхтоўкі праз практыкі, праз выкананне курсавых і дыпломнай работ пад патрэбы канкрэтнага заказчыка.

14-40 копия.jpg

Сёлета больш за 150 арганізацый — заказчыкаў кадраў гатовы ўзаемадзейнічаць з абітурыентамі і ўстановамі ССА для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Колькасць арганізацый-заказчыкаў, якія падалі заяўкі на мэтавыя месцы ў ВНУ, больш за 400. Як паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ, у гэту ўступную кампанію для асваення адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі даступныя звыш 70 спецыяльнасцяў і 890 месцаў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія кірункі, як «Інжынерыя і інжынерная справа», «Лясная гаспадарка», «Архітэктура і будаўніцтва». У ліку найбольш запатрабаваных таксама «Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці» (з прысваеннем кваліфікацыі «Наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем 5-га разраду»), «Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання», спецыяльнасці па абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў.

— Агульная колькасць мэтавых месцаў у ВНУ нашай краіны складае каля 5,3 тысячы, з якіх 2,3 тысячы — на медыцынскія спецыяльнасці, 1,2 тысячы — на сельскагаспадарчыя, — працягнуў ён.

Колькасць заяў, якія падаюцца абітурыентамі для ўдзелу ў конкурсе для атрымання сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, па словах Сяргея Пішчова, не абмяжоўваецца. Удзел у конкурсе ў адпаведнасці з правіламі прыёму ва ўстаноўленыя тэрміны можа прыняць кожны ахвотны. З камплектам дакументаў у ВНУ або каледж трэба падаць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы з подпісам будучага навучэнца каледжа або студэнта, а таксама заказчыка кадраў.

14-41 копия.jpg

Ён таксама нагадаў, што абітурыенты, якія паступаюць на ўмовах мэтавага дагавора, здаюць адзін ўнутраны ўступны экзамен у вуснай або практычнай форме па вучэбным прадмеце, які вызначаны прадметам першага профільнага іспыту. Уступны іспыт у практычнай форме праводзіцца для спецыяльнасцяў, па якіх у якасці профільных экзаменаў вызначаны дысцыпліны «Творчасць» і «Фізічная культура і спорт». Конкурс будзе выбудоўвацца на аснове сумы сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і бала, атрыманага на ўнутраным уступным экзамене.

Абітурыенты, якія не праходзяць па конкурсе для атрымання сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, могуць удзельнічаць у конкурсе на агульных падставах.

Шукаю работу

Найбольш частае пытанне на гарачую лінію або падчас правядзення Дня адчыненых дзвярэй: «Дзе знайсці будучага работадаўца, з якім можна заключыць дагавор на мэтавае навучанне?» Усё, аказваецца, вельмі проста.

На сайце Міністэрства адукацыі ва ўкладцы «Абітурыент» ёсць падрабязныя табліцы з назвай спецыяльнасцяў і пералікам арганізацый. Выбар больш чым дастатковы: каля 600 заказчыкаў кадраў гатовы наладзіць супрацоўніцтва з абітурыентам ужо на этапе паступлення. Акрамя таго, інфармацыя па ВНУ прадстаўлена ў зручным фармаце інтэрактыўнай карты і працаваць з ёй вельмі лёгка.

14-42 копия.jpg

Неабходна выбраць ВНУ і азнаёміцца з колькасцю месцаў па розных кірунках. Знаходзіце спецыяльнасць, на якой хочаце вучыцца, і бачыце арганізацыі, якімі гэтыя месцы вылучаныя. Пасля ўжо можна звяртацца на прадпрыемства, каб заключыць дагавор. А пытанні можна адрасаваць ВНУ, куды абітурыент збіраецца паступаць, патэлефанаваўшы на гарачую лінію.

Сачыце за часам

На добры толк, то ўжо сёння ў абітурыента-мэтавіка на руках павінен быць асноўны дакумент — дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы з арганізацыяй-заказчыкам. Бо той тыдзень, з 27 чэрвеня да 2 ліпеня, калі яны падаюць дакументы ў ВНУ, надыходзіць, як правіла, раптоўна, і можа заспець знянацку тых, хто не сабраў дакументы і не падрыхтаваўся да ўступнага выпрабавання.

14-44 копия.jpg

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю