Top.Mail.Ru

Якія новаўвядзенні чакаюць абітурыентаў сёлета?

У 2025-м скончаць школу каля 56 тысяч адзінаццацікласнікаў. Наперадзе іх чакаюць выпускныя і ўступныя іспыты — здача цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання, канчатковы выбар спецыяльнасці, ВНУ або каледжа. Да вырашальнага перыяду — усяго пара месяцаў, уступная кампанія гэтага года афіцыйна пачнецца ў канцы мая правядзеннем ЦЭ і ЦТ, у канцы чэрвеня падаваць дакументы ў навучальныя ўстановы пачнуць мэтавікі, а ў ліпені — усе астатнія. Скончыцца прыёмная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў пачатку жніўня. У Міністэрстве адукацыі запэўнілі, што прынцыповых змяненняў у правілы прыёму не прадугледжана. Аднак ёсць некаторыя нюансы, пра якія расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі ведамства Сяргей Пішчоў.


Пра тэрміны

— У гэтым годзе, як і ў мінулым, цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванне будуць праходзіць у адзіныя тэрміны, — расказаў кіраўнік галоўнага ўпраўлення. — Цэнтралізаваны экзамен выпускнікі нашых школ здаюць 26 і 29 мая, сертыфікаты па выніках здачы ЦЭ абітурыенты выкарыстоўваюць для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі. Адразу ж пасля іспытаў на цэнтралізаваным тэсціраванні можна здаць дадатковыя навучальныя прадметы. Далейшы шлях — у прыёмную камісію.

Прыём мэтавікоў, па словах кіраўніка галоўнага ўпраўлення, будзе вынесены за рамкі асноўнага. То-бок спачатку пройдзе ўступная кампанія дл тых, хто заключыў дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы, а потым пачнецца прыём дакументаў на агульных падставах.

Аб пераздачы

Адно з найбольш значных новаўвядзенняў гэтага года — тое, што выпускнікам школ, якія не здалі цэнтралізаваны экзамен, дазволяць яго пераздаць.

— Паўторна ЦЭ можна будзе здаць у жніўні. Шанц паступіць у ВНУ ў цяперашнюю ўступную кампанію, зразумела, будзе прапушчаны — да таго часу ўступная кампанія завершыцца. Аднак разам з тым у абітурыентаў будзе магчымасць падаць дакументы ў каледж і атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць.

Толькі па сумоўі

Сёлета ў школах краіны адбудзецца першы выпуск інжынерных класаў. Адкрыўся гэты кірунак у 2023 годзе, і вось ужо каля дзвюх з паловай тысячы выпускнікоў інжынерных класаў рыхтуюцца паступіць у ВНУ на шэраг інжынерных спецыяльнасцяў.

 

— Для такіх абітурыентаў прадугледжана магчымасць паступлення без уступных выпрабаванняў, па сумоўі, — кажа прадстаўнік Мінадукацыі. — Але ёсць важная ўмова — у іх атэстаце адзнакі па профільных прадметах павінны быць не ніжэй за 8 балаў, а па ўсіх астатніх — не ніжэй за 7. 

Спецыяльнасці ўжо зацверджаны, а пытанні для сумоўя размешчаны на сайтах ВНУ.

У топе

Якія спецыяльнасці найбольш папулярныя ў абітурыентаў? Калі меркаваць па мінулым годзе, то гэта медыцынскія, інжынерныя і педагагічныя.

— Такая тэндэнцыя захоўваецца і ў цяперашнюю ўступную кампанію, — дзеліцца Сяргей Пішчоў. — Гэта пацвярджаецца і планамі прыёму, якія да 1 красавіка будуць размешчаны на інфармацыйных рэсурсах ВНУ.

Расказаў кіраўнік галоўнага ўпраўлення і аб новых спецыяльнасцях, якія будуць адкрыты ў 2025-м.

— На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрыта новая спецыяльнасць «Інтэлектуальная электроніка», у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце — «Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў». Абітурыенты змогуць выбраць і спецыяльнасць «Фізічная культура. Ваенна-патрыятычнае выхаванне», якая адкрыта ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова. Усе спецыяльнасці забяспечаны заяўкамі ад арганізацый — заказчыкаў кадраў.

Без мітусні і чэргаў

З гэтага года дакументы ў прыёмную камісію можна будзе падаць, скарыстаўшыся паслугай электроннай чаргі.

— Цяпер сэрвіс даступны ў пілотным рэжыме для выпускнікоў, якія здалі рэпетыцыйны ЦЭ, у іх асабістых кабінетах на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. У поўным аб’ёме сэрвіс запрацуе для ўсіх абітурыентаў за некалькі дзён да пачатку прыёму дакументаў у ВНУ. Пры гэтым скарыстацца ім змогуць удзельнікі ЦЭ і ЦТ як гэтага, так і мінулага года. 

«У кругласутачным рэжыме маладыя людзі змогуць выбраць па жаданні любыя тры ВНУ, факультэты і спецыяльнасці, куды плануюць падаць дакументы», — растлумачыў Сяргей Пішчоў.

— Пацвярджэннем выбару будзе талон з названымі ВНУ, спецыяльнасцю, датай і часам падачы дакументаў, які абітурыент заўсёды зможа загрузіць у сваім асабістым кабінеце на сайце РІКВ.

Кіраўнік галоўнага ўпраўлення расказаў, што пасля рэгістрацыі неабходная інфармацыя будзе накіравана таксама і ў выбраную абітурыентам ВНУ.

— На падставе гэтай інфармацыі прыёмная камісія будзе планаваць сваю работу і ў выпадку неабходнасці будзе прыцягваць на прыём дакументаў дадатковыя сілы, каб скараціць час на падачу дакументаў, — падсумаваў ён.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю