Top.Mail.Ru

Якія задачы стаяць перад дзелавой пляцоўкай «Белагра-2026»

Новыя рынкі, напрамкі і партнёры


Замест заяўленых 12 краін-удзельніц Беларускага аграпрамысловага тыдня ў Мінск прыбылі дэлегацыі з 16 дзяржаў. «Сёння „Белагра“ пачынае фарматавацца ў сусветны ўзровень», — пракаментаваў гэты факт намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Юрый ШУЛЕЙКА. Паводле яго слоў, пляцоўка аграпрамысловага тыдня ў цэлым і выстаўкі ў прыватнасці павінны выканаць некалькі розных задач: азнаямленне, продаж і доўгатэрміновае супрацоўніцтва.


Якім бачаць гэтае супрацоўніцтва найбуйнейшыя гульцы на рынку сельскагаспадарчай вытворчасці нашай краіны і замежжа, карэспандэнту «Звязды» расказалі ўдзельнікі і госці форуму.

Ёсць кантакт!

— Нам заўсёды цікавыя новыя рынкі. Цікава там паспрабаваць свае сілы, замацавацца, знайсці надзейных партнёраў, якія будуць дапамагаць у прасоўванні нашай прадукцыі, стымулюючы пры гэтым уласны інтарэс па рабоце з намі, — сказаў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег ЖЫДКОЎ. — Нам цікавыя водгукі спажыўцоў — для таго, каб далей планаваць выпуск нейкіх новых і інавацыйных відаў прадукцыі, адаптаваных да патрэбы кожнага з рэгіёнаў, дзе мы прысутнічаем.


Яшчэ адзін цікавы момант, па словах старшыні канцэрна, — на новых рынках сутыкацца з новым узроўнем канкурэнцыі. І гэтая цікавасць дазваляе рухацца наперад.

— Сёння мы пачынаем прасоўваць свой інтарэс на рынку Індыі, замацоўваемся ў Манголіі, — адзначыў Алег Жыдкоў. — У найбліжэйшы час у Інданезіі будзем спрабаваць сябе на бізнес-місіі. Паралельна паціху прамацваем афрыканскі кантынент для таго, каб там знайсці апорныя кропкі і прапанаваць розны спектр нашай прадукцыі — ад гатовых тавараў да сыравінных пазіцый, з якіх там, на месцы, можна будзе вырабляць асобную групу тавараў.

У кожнага экспанента выстаўкі і верагоднага партнёра Белдзяржхарчпрама — свая індывідуальнасць, у тым ліку і нейкая ўнікальная асаблівасць, канстатаваў старшыня канцэрна:

— Калі казаць пра буйныя таварныя пазіцыі, то нашы прадпрыемствы і іх прадукцыю цэняць за стабільна высокі ўзровень якасці. Гэта дазваляе не ўваходзіць у цэнавую гонку на паніжэнне кошту, а прапаноўваць свой тавар на рынкавых умовах нават дзесьці крыху даражэй.


Наш вопыт цікавы і запатрабаваны

Наш найбліжэйшы партнёр — Расія — прадставіў на выстаўцы самую маштабную экспазіцыю.

— Сёння ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь заслугоўвае, па-першае, самай глыбокай павагі, па-другое, самай пільнай увагі, — падкрэсліў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі Раман НЯКРАСАЎ. — Нам вельмі цікавы ваш вопыт у развіцці вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, перш за ўсё, у малочнай жывёлагадоўлі. Ёсць вельмі добрыя напрацоўкі ў сферы перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. І вельмі цікавыя вынікі па лёне, рапсе, збожжавых і іншых культурах — соі, перш за ўсё.

У Расіі шырока прадстаўлена беларуская селекцыя, дадаў ён:


— Насенне — гэта традыцыйная культура Беларусі. І мы стараемся займацца насенняводствам, пераймаючы і выкарыстоўваючы ў сябе беларускі досвед. Як вынік — у Расіі шырока прадстаўлены пасевы соі беларускай селекцыі. Заходнія рэгіёны нашай краіны — тыя, якія падыходзяць да прыродна-кліматычных умоў Беларусі, з вялікім задавальненнем набываюць насенне такіх збожжавых культур беларускай селекцыі, як насенне пшаніцы, ячменю, трыцікале, азімага жыта, азімага і яравога рапсу.

У галіне жывёлагадоўлі, на думку Рамана Уладзіміравіча, трэба працягваць развіваць супрацоўніцтва па селекцыі ў птушкагадоўлі, па эфектыўнасці вытворчасці ялавічыны — попыт, як сцвярджае намеснік міністра, на гэты прадукт расце з кожным годам:

— Нам і нашым беларускім партнёрам вельмі важна адрэагаваць на рост гэтага рынку, прычым не толькі стварэннем адпаведных умоў на жывёлагадоўчых комплексах, але і думаць аб стварэнні мясной вытворчасці як асобнай галіны.

Трэці важны кірунак, які вылучыў Раман Някрасаў, — гэта ветэрынарная бяспека. Бо ў жывёлагадоўлі ветэрынарныя рызыкі і ветэрынарныя фактары маюць сваё вырашальнае значэнне.


«Нам цікава супрацоўніцтва з Беларуссю»

Для ўдзелу ў Беларускім аграпрамысловым тыдні і выстаўцы «Белагра-2026» з Амана прыбыла самая шматлікая дэлегацыя з кіраўнікоў і прадстаўнікоў 44 кампаній. Узначаліў яе міністр сельскай гаспадаркі, рыбалоўства і водных рэсурсаў Сауд бін Хамуд бін Ахмед Аль-Хабсі.

— Нам цікава супрацоўніцтва з Беларуссю, — адзначыў кіраўнік інвестыцыйнага камітэта гандлёва-прамысловай палаты Амана Сауд Ахмед Абдулкарым Ал-Нахар:

— У першую чаргу, нам вельмі падабаюцца людзі, з якімі мы сустракаемся. Ваша краіна — вельмі чыстае і надзейнае месца. Мы адчуваем сябе тут у бяспецы.


Пасля кампліментаў Беларусі і яе жыхарам, якія слухаць заўжды прыемна, кіраўнік інвесткамітэта падкрэсліў галоўную прычыну зацікаўленасці ў супрацоўніцтве з нашай краінай:

— Паміж урадамі Амана і Беларусі склаліся вельмі добрыя адносіны, і гэта найлепшыя ўмовы, каб інвеставаць у сумесныя прадпрыемствы ў самых розных сферах дзейнасці.

Прадстаўнік Амана таксама выказаў упэўненасць, што з гадамі сувязі паміж аманскімі і беларускімі кампаніямі будуць толькі ўмацоўвацца — для гэтага ўжо сёння ёсць сур’ёзныя перадумовы. На яго думку, такая шматлікая і прадстаўнічая дэлегацыя прыехала ў Беларусь нездарма — Аман сур’ёзна настроены павялічыць тавараабарот з Беларуссю і знайсці новыя пункты судакранання ў супрацоўніцтве.

Добрыя прадчуванні

Новыя крокі па ўмацаванні гандлёва-эканамічнага партнёрства намецілі таксама наша краіна і Грузія. Напярэдадні адкрыцця Беларускага аграпрамысловага тыдня гэта абмяркоўвалі віцэ-прэм’ер Беларусі Юрый ШУЛЕЙКА і міністр аховы навакольнага асяроддзя і сельскай гаспадаркі Грузіі Давід САНГУЛАШВІЛІ.

Дарэчы, прадстаўнікі АПК Грузіі доўгія гады не прывозілі сваю прадукцыю на «Белагра».


— У выстаўцы мы ўдзельнічаем увогуле ўпершыню, — сказала прадстаўнік «Грузінскага Аграпрадукта» Марыям БІКУРЫДЗЭ. — Уразілі велізарныя маштабы гэтага форуму — шмат прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Таму ў нас вельмі добрыя прадчуванні з нагоды яго вынікаў.

Грузінская кампанія прывезла ў Мінск смузі з натуральнай гародніны і садавіны, нектары, а таксама соусы.

— Мы самі вырабляем сыравіну для нашых напояў, а таксама з’яўляемся пастаўшчыкамі сыравіны ў выглядзе пюрэ для іншых вытворцаў. З вялікім задавальненнем пазнаёмімся з мясцовай прадукцыяй, «паспрабуем на смак» нашых патэнцыйных канкурэнтаў і, магчыма, партнёраў. Спадзяемся зайсці на беларускі рынак з грузінскай прадукцыяй і зрабіць яе для жыхароў Беларусі карыснай і любімай.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю