Top.Mail.Ru

Якія змяненні прадугледжваюць новыя правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў

Прышпіліцеся, аўтобус адпраўляецца!

Усе новаўвядзенні ў транспартнай галіне ў першую чаргу прымаюцца для забеспячэння яшчэ большай бяспекі вадзіцеляў і пасажыраў. Побач ідуць камфорт, а таксама якасць і стварэнне ўмоў для добрасумленнай канкурэнцыі на гэтым рынку. Па якіх новых правілах будзем «гуляць» на дарозе ў недалёкай перспектыве?

Па працоўным дагаворы

З 5 кастрычніка 2026 года пачне працаваць правіла, згодна з якім аўтамабільныя перавозчыкі абавязаны заключаць працоўны дагавор з вадзіцелямі. Выключэнне складуць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць без наёмных супрацоўнікаў.

— Гэта дазволіць выключыць у сферы пасажырскіх перавозак практыку падмены працоўных адносін грамадзянска-прававымі, — растлумачыў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй ГЛАДКІ.

Рамяні бяспекі — абавязкова

З 1 студзеня 2027 года ў аўтобусах, якія выкарыстоўваюцца для гарадскіх, прыгарадных і міжгародніх перавозак, усе пасажырскія сядзенні павінны быць абсталяваны рамянямі бяспекі — двухкропкавымі або трохкропкавымі. А з 1 студзеня 2030 года аўтобусы для міжгародніх перавозак павінны быць абсталяваны толькі трохкропкавымі рамянямі бяспекі.

— Гаворка ідзе аб транспарце, дзе пасажыры займаюць толькі сядзячыя месцы, — удакладняе Андрэй Іванавіч. — У гарадскіх аўтобусах, тралейбусах і трамваях, дзе людзі і сядзяць, і стаяць, рамяні бяспекі не прадугледжаны.

Для чаго гэта робіцца? Выпадкі, калі пасажырскі транспарт, асабліва на загарадных дарогах, становіцца ўдзельнікам ДТЗ, на жаль, на адыйшлі ў нябыт. Як правіла, колькасць пацярпелых у іх вялікая — у такіх аўтобусах едуць не два і не чатыры чалавекі, а дзесяць і больш. А прычынай звычайна служаць альбо неспрыяльныя ўмовы надвор’я, альбо невыкананне ПДР іншымі ўдзельнікамі руху. Рамяні бяспекі мінімізуюць цяжар наступстваў, захаваюць людзям здароўе і жыццё. І гэта агульнапрыняты сусветны вопыт.

Плюс відэафіксацыя

Яшчэ адно новаўвядзенне: з 1 студзеня 2028 года ўсе аўтобусы, якія выконваюць унутрырэспубліканскія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, павінны быць абсталяваны сродкамі відэафіксацыі.

— Зноў жа, гэта робіцца ў мэтах бяспекі пасажыраў, — адзначае Андрэй Гладкі. — Камеры будуць сачыць за стылем кіравання і дысцыплінай вадзіцеля, парушэннямі ПДР (праезд на забараняльны сігнал, перавышэнне хуткасці і г. д.), а таксама дапамогуць аператыўна адрэагаваць на інцыдэнты, канфлікты або выпадкі вандалізму ў салоне.

Усе ў плюсе

У ліку навацый — і тыя, што датычацца перавозкі пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Адна з перспектыўных — падрыхтоўка праекта нарматыўнага прававога акта аб пераходзе ад сістэмы ліцэнзавання перавозак пасажыраў і міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў да рэестравай сістэмы. Па словах Андрэя Гладкага, існуючы сёння рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах паказаў сваю эфектыўнасць:

— Выраслі выручка аўтамабільных перавозчыкаў, адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — практычна ў два разы. І дзяржава апынулася ў плюсе, і вадзіцелі, якія выконваюць перавозкі.

Адказнасць канкрэтызавана

Пра тое, што будзе зроблена для выканання законных праў і інтарэсаў вадзіцеляў, праінфармаваў намеснік начальніка Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Дзмітрый КУЛІКОЎСКІ:

— У прыватнасці, канкрэтызавана адказнасць перавозчыкаў у выпадку непрадстаўлення ў органы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дакументаў індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку ў дачыненні да вадзіцеляў. Але ў той жа час скарочаны пералік парушэнняў, за якія звесткі могуць быць выключаны з рэестра. Таксама перагледжаны пералік падстаў для прыпынення звестак у рэестры.

Аб кошце паездкі

Сярод важных новаўвядзенняў — абавязак вадзіцеля інфармаваць аб арыентыровачным кошце паездкі, калі перавозка выконваецца «ад борта» — пасажыр «ловіць» машыну пры дарозе або на стаянцы. Па словах прадстаўнікоў Мінтранса, ёсць даволі вялікая колькасць рэзанансных выпадкаў, калі пасажыр садзіўся ў таксі, кіроўца казаў, маўляў, «едзем па лічыльніку», а ажыццёўленая такім чынам паездка вылівалася ў немалую суму. Такія выпадкі прыводзілі да канфліктаў і нават судовых разглядаў. Прынятае рашэнне дазволіць пазбегнуць падобных сітуацый.

Акрамя таго, новымі правіламі дапускаецца змяняць спосаб аплаты пры перавозках аўтамабілямі таксі выключна пасажырам.

— Раней такая магчымасць была ў дыспетчара таксі, аўтамабільнага перавозчыка, цяпер гэта права належыць толькі непасрэдна заказчыку, у дадзеным выпадку пасажыру, — праінфармаваў Андрэй Гладкі. — А яшчэ з правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў выключаецца такі суб’ект праваадносін, як уладальнік электронна-інфармацыйнай сістэмы, якая выкарыстоўваецца пры перавозках таксі. Суб’екты праваадносін — гэта дыспетчар таксі, аўтамабільны перавозчык і непасрэдна сам пасажыр.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю