Top.Mail.Ru

Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі сын?

Праўду кажуць: не мела баба клопату — купіла парася.


Але ж гэта не пра Марыю Фёдараўну, не пра мужа яе Антона Пятровіча, бо парасяты (і нават каровы!) у іх заўсёды былі.

Клопатаў нарабіў родны сын: на ўсе летнія канікулы прывёз унука. «Я не буду есці вашы бліны!» — закапрызіў васьмігадовы Кірыл, калі скончыліся гарадскія прысмакі. — «Тады скажы, што ж ты будзеш. Можа, я прыгатую?» — падлагоджвалася бабуля. «Піцу! — загадваў унук. — Можна яшчэ нагетсы».

Такія стравы Марыя Фёдараўна гатаваць не ўмела, у краме іх не было. Унук услых абураўся: «Што ў вас за вёска? Як жа тут жыць? Ні кафэ, ні атракцыёнаў... Да вас аўтобус і той прыязджае двойчы на дзень. Адстой...»

Гэта было зранку, а ў той самы вечар, адарваўшыся ад планшэта, малы ўжо тэлефанаваў бацькам: прасіў, каб тэрмінова забралі. А калі не, то ён, маўляў, і сам даедзе, адзін…

Трэ было нешта рабіць.

Назаўтра, а палове пятай, дзядуля пабудзіў унука, прымусіў падняцца і павёў за сабой.

Сонны Кірыл усю дарогу хліпаў і псіхаваў, што забыўся планшэт з тэлефонам, а вудачку несці (тым болей «тупа» трымаць яе над вадой) малому зусім не хацелася…

Праўда, да таго, пакуль не стала кляваць, пакуль ён не злавіў сваю першую плотку. Тады ўжо сон як рукою зняло: малы стаў з ахвотай вучыцца, як насаджваць прынаду, як правільна закідваць вуду, выцягваць рыбу.

А потым, пасля рыбалкі, ужо дома ён за абедзве шчакі ўплятаў бабуліны дранікі і ўзахлёб расказваў пра свае прыгоды.

Наступнай раніцай дзядуля зноў пабудзіў унука яшчэ да святла. «На рыбалку?!» — імгненна падскочыў той. «Не, касіць з табой пойдзем. Ты вось герой у камп’ютарных гульнях, а паглядзім, які ж ты на справе. На, трымай сваю коску: ёй твой бацька касіў, калі быў такім, як ты».

Кірыл прыняў гэты выклік з гонарам.

За травяныя чубы, якія касец-аматар пакідаў за сабой, дзядуля не папракаў (і ў думках не было!). Ён шчыра хваліў унука за спрыт, упартасць і якасць работы.

...Па дарозе дадому вяскоўцы пыталіся, дзе яны былі ды што рабілі. Дзядуля маўчаў, Кірыл з форсам адказваў: «Хіба не бачыце? Пагода на дварэ... Якраз касіць ды сена сушыць».

Планшэт, прывезены з горада, адзінока ляжаў на канапе і дзён праз колькі разрадзіўся. На яго проста часу не было: то касьба, то рыбалка, то першыя грыбы, то з дзедам куратнік будавалі для агністага Забіякі з яго пярэстым гарэмам... Ды ці мала спраў у вёсцы летам! А да ўсяго яшчэ і сябры знайшліся: навучылі катацца на ровары, футбольны мяч ганяць ледзь не пры Месяцы.

Угаворваць малога паесці бабулі больш не трэба было: уплятаў усё, што давалі, а пасля яшчэ і дабаўкі прасіў.

...У жніўні, з’язджаючы ў горад, Кірыл — загарэлы, паздаравелы — нешта шапнуў бабулі. Тая згодна кіўнула. Малы шуснуў у падвал — вынес адтуль некалькі поўных слоікаў. «Што гэта?» — са здзіўленнем спытала ў яго матуля. «Варэнне... Да бліноў, да смятаны... Гэта ж такая смаката!.. Ягады я сам збіраў, разам з бабуляй варылі».

...На развітанне ён абняў яе і моцна паціснуў дзедаву руку. «Ты ж глядзі, — сказаў, — без мяне будку для Рэкса не будуй, абы-што атрымаецца. Я ў інтэрнэце праект знайду. На асенніх канікулах мы яму сапраўдны палац змайструем! Такога ні ў аднаго сабакі не будзе».

...Не змаўчаў перад ад’ездам і Кірылаў бацька: сказаў свайму, што ён верыў у «старую школу», якая заўсёды гарантавала якасць — і адукацыі, і выхавання.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю