Top.Mail.Ru

Яшчэ некалькі сем’яў ваеннаслужачых Магілёўскага гарнізона атрымалі ключы ад арэндных кватэр

У Магілёўскай вобласці чарговае наваселле. У канцы студзеня радасная падзея адбылася ў Асіповічах — учора, 10 лютага, віншавальныя словы гучалі ў адрас васьмі сямей ваеннаслужачых, якія прапісаліся ў Магілёве ў новым доме па вуліцы Жамчужнай.


Мікрараён Саломенка-2 уражвае размахам будаўніцтва. Тут хутка растуць новабудоўлі, побач з імі добраўпарадкоўваюцца камфортныя дзіцячыя пляцоўкі, будуюцца сацыяльныя аб’екты. Васьміпавярховік, дзе будуць жыць сем’і вайскоўцаў, яшчэ і новага пакалення — электрычны.

Гжэгаж Барташэвіч родам з Гродзеншчыны, цяпер ён магіляўчанін. Разам з жонкай Ганнай і паўтарагадовай дачкой Міраславай атрымаў трохпакаёўку ў новым доме. Цяпер праходзіць службу на ваеннай кафедры Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў якасці старшага выкладчыка. На чарзе па паляпшэнні жыллёвых умоў стаяў з 2017 года, але ў верасні мінулага года ў сувязі з павышэннем пераехаў у Магілёў і вось ужо трымае ў руках ключы ад трохпакаёвай кватэры.

— Раён падабаецца, я бачыў план яго перспектыўнай забудовы. І наогул Магілёў мне вельмі імпануе, — усміхаецца Гжэгаж.

Маладая сям’я Мікалая і Аліны Філіпенкаў з маленькім сынам Аляксандрам таксама атрымала трохпакаёўку. Мікалай — старшы тэхнік роты воінскай часці 72471, што ў Пашкаве. Служыць там ужо пяць гадоў. Кватэру ідуць глядзець разам журналістам «Звязды» — Мікалай з Алінай у ёй яшчэ ні разу не былі. Па тварах відаць, што новае жыллё падабаецца. Прасторныя пакоі, дзве лоджыі. Гатоўнасць кватэры — заязджай і жыві. І шпалеры прыемнага колеру, і ламінат у тон.

— Што казаць — шыкоўна! — радуецца Мікалай. — Пачуцці перапаўняюць, не чакалі, што кватэра такая вялікая.

Родам сужэнцы з Быхаўскага раёна. Мяркуюць, што да канца месяца заселяцца. Аліна радуецца, што ёсць асобны пакой для дзіцяці.

— Вельмі прыемна, што дзяржава клапоціцца пра нас, — дзеляцца маладыя людзі. — Будзем працаваць на карысць радзімы, выхоўваць новае пакаленне. Спадзяёмся, што наш Аляксандр таксама пойдзе па ваеннай сцяжынцы.

Ваенны камісар Магілёўскай вобласці Віталь Ядзевіч лічыць, што атрыманне ключоў ад жылля — вельмі важная для ваеннаслужачых падзея.

— Адсутнасць жыллёвых праблем дае ўпэўненасць і стымул для нясення службы па абароне краіны, — падкрэсліў ён. — Праграма па забеспячэнні ваеннаслужачых арэндным жыллём будзе працягвацца, і наперадзе яшчэ не адно наваселле. Летась іх, дарэчы, было 60. У Магілёўскім гарнізоне тых, хто мае патрэбу ў жыллі, засталося менш за 30 чалавек.

— Мы забяспечваем арэнднымі кватэрамі не толькі моладзь, — удакладніў суразмоўнік. — Тыя, у каго кватэрнае пытанне стаіць больш востра, у ліку першых. Жыллё і добры сацыяльны пакет — стымул служыць у войску, а таксама добрая магчымасць замацаваць ваеннаслужачага ў тым гарнізоне, дзе ён служыць.

фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю