Top.Mail.Ru

Юных герояў з палымянымі сэрцамі ўвасобілі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

Пастаноўку пра падпольную арганізацыю «Маладая гвардыя», паводле аднайменнага рамана, прадставілі напрыканцы красавіка на сцэне тэатральнай залы акадэміі. Раман Аляксандра Фадзеева, які апісаў падзеі 1942–1943 гадоў, даволі вялікі, а спектакль — гэта адна дзея без перапынку (амаль дзве гадзіны). Вядома, што для інсцэніроўкі варта было выбіраць, на чым сканцэнтраваць увагу, каб гледачам (а іх трэба мець на ўвазе заўсёды, у тым ліку і пры рабоце студэнтаў, інакш як ім вучыцца кантакту з публікай?) была зразумелая сутнасць аповеду. А калі гледачы яшчэ і маладыя, то іх трэба паглыбіць у гісторыю, даць адчуванне колішняй рэальнасці, якая змяніла (ці наогул спыніла) жыццё шмат каго з маладых хлопцаў і дзяўчат. Таму назва спектакля імкнецца заінтрыгаваць, нібыта «ўцягнуць» у мінулае: «Маладая гвардыя. Партал». 


Такая назва сама па сабе нібыта павінна злучаць часы. Што зразумела, калі прыняць да ўвагі, што спектакль падаецца як імерсіўны. То-бок павінен мець на мэце зрабіць гледачоў часткай дзеі: такім чынам моладзь, якая вельмі далёкая ад вайны, магла б адчуць яе смяротны подых. Можа быць, і магла б... Але пастаноўка, здзейсненая сіламі акадэміі мастацтваў, усё ж пазбягае трагізму (які датычыцца жудаснай расправы над удзельнікамі арганізацыі), яна больш арыентавана на ўвасабленне іх духу. І камсамольскага пафасу, які абапіраецца на высокія ідэалы і правільнае выхаванне савецкіх маладых людзей. Палымяныя прамовы, патрыятычныя размовы, клятвы... Напэўна, кожны, хто знаходзіцца ў зале, можа прагаворваць гэта мысленна адначасова з артыстамі, але седзячы ў зале. Хіба што імерсіўнасць у гэтым?.. Таму што дзеянне адбываецца ўсё ж на сцэне, размежаванне з глядзельнай залай захоўваецца, а кожны глядач «пераварвае» ўбачанае сам, без нейкага падштурхоўвання ці ўвядзення ў ход спектакля. Складаная рэч — імерсіўнасць. Асабліва, калі такая тэма... Ёсць пэўная мяжа пры ўсёй прыхільнасці да гэтага прыёму Наталлі Башавай як рэжысёра — яна стварала спектаклі з мэтай увесці ў гульню гледача, разбураючы межы паміж тэатрам і жыццём, калі кожны прысутны — выканаўца пэўнай ролі. Але публіцыстычнасць аповеду пастаноўкі «Маладая гвардыя. Партал» усё ж не дае згубіцца ў прасторы і часе: некалі гэта ўсё насамрэч адбывалася, у свядомасці захоўваецца пэўная адлегласць як ад тых падзей, так і ад выканаўцаў роляў падпольшчыкаў. Можа, гэта і добра: вайна, вядома, можа «даставаць» людзей у мірным жыцці, але лепш яе ўсё ж не перажываць. 

Менавіта Наталля Башава працавала над пастаноўкай разам са студэнтамі першага, другога і трэцяга курсаў, якія асвойваюць спецыяльнасць «акцёрскае майстэрства» на тэатральным факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Для іх Наталля Алегаўна — не толькі рэжысёр, але яшчэ і дэкан тэатральнага факультэта. О, гэта ж вялікае дасягненне — працаваць з ёй над адным спектаклем!.. А яна ў яго ўкладвала нешта асабістае. Бо ў прадмове перад пачаткам прэм’еры патлумачыла выбар тэмы: гэта пра яе землякоў, паколькі сама паходзіць з горада Горлаўкі, які не надта далёка ад Краснадона, што ў Луганскай вобласці. А там ёсць мемарыяльны комплекс у гонар герояў-маладагвардзейцаў і музей — то-бок гісторыю арганізацыі можна было ўявіць не толькі праз кнігу. 

Тым не менш раман ёсць, хоць, можа, цяпер яго не так актыўна чытаюць, а некалі ўсе савецкія школьнікі праходзілі па праграме. Спектакль дазваляе ўзнавіць тыя веды больш старэйшым гледачам, а маладым — нават адкрыць для сябе: такое было. Магчыма, гэтым тлумачыцца ўвага да твора Фадзеева, які быў экранізаваны вельмі хутка пасля вайны (у 1947-м) легендарным Сяргеем Герасімавым. Але ўжо ў ХХІ стагоддзі да гэтай тэмы звярнуліся зноў, стварыўшы паўнавартасны серыял у 2015 годзе: сучасную моладзь, пазбаўленую колішняга ідэалагічнага грунту, разняволеную зручнасцю жыцця і штучнасцю віртуальнага (нібыта паралельнага) свету, імкнуліся далучыць да героікі, паказаўшы рэальныя прыклады. 

Фадзееў распавёў не пра выдуманых, а пра рэальных людзей, захаваўшы нават іх прозвішчы. Сёння некаторыя ў нас на слыху праз назвы вуліц (у прыватнасці, Алега Кашавога ў Мінску ці Ульяны Громавай у Калодзішчах). 

14_17.jpg

І шмат хто можа нават не задумваецца: чаму гэтых людзей ушанавалі? 

Алег Кашавой, Ульяна Громава, Сяргей Цюленін, Любоў Шаўцова і іншыя героі ёсць у спектаклі. Але ён не столькі скіраваны на паказ гераізму, колькі на раскрыццё матываў змагання. Нездарма спектакль пачынацца з амаль мірнай сцэны: дзяўчаты ў белых сарочках на беразе ракі. Ім ёсць пра што паразмаўляць і памарыць. Гарэзніцы і прыгажуні, якімі б захапляцца. Але іх адпачынак прыпыняе гук бамбёжкі. Сіняе палатно ракі афарбоўваецца ў чырвоны колер, нібыта паветра, напоўненае бядой, — простае і эфектнае мастацкае рашэнне, асабліва ўдалае для сцэны ў навучальнай установе. Наогул мінімум дэкарацый ва ўсім спектаклі: умоўныя лавы, крэслы ды сталы абазначаюць пэўныя лакацыі ды вось яшчэ гэтае палатно, якое развяваюць з пэўным колерам, калі адну сцэну змяняе іншая, дапамагае стварыць адпаведны настрой і падкрэслівае драматызм гісторыі. 

Так, ёсць адна дзейная сутнасць — не асобны герой, але адчувальная быццам бы сканцэнтраваная энергетычная субстанцыя, якая задае тон усяму аповеду. Гэта менавіта пафас. Зададзены Фадзеевым, падтрыманы выканаўцамі, якія адчуваюць адказнасць пры ўвасабленні герояў: патрыятызм найперш. Адданасць Айчыне. Вернасць ідэям. Камсамольскі задор, які дазваляў планаваць рызыкоўныя аперацыі (пра некаторыя распавядаюць, а некаторыя адлюстроўваюць на сцэне). І ўпартасць, чалавечая моц, што дапамагла вытрымаць катаванні (а пра гэта мы даведваемся літаральна напрыканцы, праз публіцыстычны аповед пра саму арганізацыю, колькасць падпольшчыкаў ды іх апошнія дні. У што можа быць уцягнуты глядач (пры такім падыходзе, калі ён фактычна назірае за дзеяннем і слухае)? А вось гэта і ёсць, напэўна, галоўны акцэнт — клятва камсамольцаў. Нешта з далёкага жыцця. З таго самага, калі ідэі павінны былі авалодаць масамі, каб стаць матэрыяльнай сілай. Што датычыцца сілы, то пытанне заўсёды ў тым, куды і як яе прымяніць. Прыклад падпольшчыкаў сведчыць: на барацьбу з чужынцамі, за жыццё на сваёй зямлі. Пра што нам і нагадваюць сёлета розныя творчыя праекты, якіх вельмі шмат ажыццяўляецца да 80-годдзя Перамогі.

Спектакль «Маладая гвардыя. Партал» пастаўлены пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Таму ён усё ж не вучэбны (пры тым, што выканаўцы вучацца прафесіі на гэтых ролях), гэта значыць, што перад кожным з маладых артыстаў паўстае складаная задача: найперш самім паглыбіцца ў тыя часы і зразумець, што ж кіравала іх аднагодкамі. Вось такі своеасаблівы від імерсіўнасці для тых, хто ўвасабляе герояў на сцэне. А пасля — і для тых, хто на іх глядзіць. Бо, хутчэй за ўсё, гэты сцэнічны «...Партал» адкрыецца перад гледачамі яшчэ не раз. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю