Top.Mail.Ru

З 10 да 16 лістапада — Тыдзень якасці

«Беларуская якасць — традыцыі, працавітасць, тэхналогіі» — менавіта пад такім дэвізам пройдзе гэты тыдзень, каб прадэманстраваць, што высокія стандарты — вынік мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Беларусь імкнецца да стварэння канкурэнтаздольных тавараў і паслуг, якія адпавядаюць чаканням як унутранага, так і міжнароднага рынку.



На кантролі — новыя тэхналогіі

Сёння стандартызацыя прысутнічае ва ўсіх сферах эканомікі, ствараючы ўніверсальную мову якасці і бяспекі. Нават якасць вады, паліва і іншых нафтапрадуктаў — усё знаходзіцца ў фокусе ўвагі спецыялістаў. Дарэчы, каталізатарам працэсаў стандартызацыі стала абвяшчэнне Прэзідэнтам 2024 года Годам якасці. «Гэта ініцыятыва атрымала жывы водгук кожнага жыхара нашай краіны», — падкрэсліла Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА.

Паводле яе слоў, вынікам стала прыняцце маштабнай праграмы, накіраванай на дасягненне высокіх стандартаў якасці жыцця, росту дабрабыту і павышэння эфектыўнасці эканомікі. А ключавая ўвага ўдзяляецца развіццю інфраструктуры якасці: тэхнічнаму нарміраванню, стандартызацыі, метралогіі і ацэнцы адпаведнасці.

Ужо сёння, папярэджваючы вынікі 2025-га, спецыялісты з упэўненасцю гавораць аб паспяховым выкананні намечаных планаў. Дзяржстандартам ужо быў падрыхтаваны праект праграмы апераджальнай стандартызацыі ў найбольш перспектыўных сферах нацыянальнай эканомікі да 2029 года. «Гэта каля 80 стандартаў, удакладняе Алена Маргунова. — Дакумент сфарміраваны па запытах нашай прамысловасці і ўключае такія высокатэхналагічныя кірункі стандартызацыі, як лічбавыя тэхналогіі, штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці, біялагічныя і хімічныя тэхналогіі, інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы». Для вырашэння гэтых задач ствараецца новы нацыянальны тэхнічны камітэт па стандартызацыі, які закліканы займацца распрацоўкай і актуалізацыяй стандартаў непасрэдна ў сферы лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту.


Міжнародны ўзровень беларускіх стандартаў

Стандарты працуюць і на карысць экспарту, пашыраючы кола краін, куды ўжо пастаўляецца ці толькі плануецца пастаўка прадукцыі айчынных вытворцаў. Сёння існуе каля 50 пагадненняў аб супрацоўніцтве з краінамі далёкага і блізкага замежжа, і асабліва плённым яно аказалася з Кітаем. У рамках пагаднення Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) з органам па стандартызацыі КНР Беларусь атрымала доступ да фонду нацыянальных стандартаў Кітая, які налічвае больш за 55 тысяч дакументаў. Гэта ў сваю чаргу дазваляе аператыўна забяспечваць імі беларускія прадпрыемствы. Найбольш запатрабаваныя, паводле даных спецыялістаў, кітайскія стандарты ў галіне харчовай і лёгкай прамысловасці, нафтаперапрацоўкі, металургіі і машынабудавання.


Але работа па павышэнні якасці — працэс бесперапынны. Таму паралельна з ім Дзяржстандарт яшчэ і актыўна асвойвае новыя рынкі, у прыватнасці рынак халяльнай прадукцыі дзяржаў Персідскага заліва, Інданезіі, Пакістана. Як адзначае Алена Маргунова, ужо створаны ўсе ўмовы для атрымання беларускімі таварамі сертыфіката «Халяль» і пачатку паставак у такія краіны, як Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія, Аман, Катар. Гэтыя і іншыя меры закліканы спрасціць жыццё айчынным вытворцам, якія адпраўляюць сваю прадукцыю на экспарт.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

Чытайце таксама: Даведаліся, у чым сакрэт прадукцыі «Гомельдрэў», уганараванай Знакам якасці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю