Шмат эмоцый падарыла выстаўка-кірмаш «Народны каларыт», удзел у якой прынялі майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці з усёй Беларусі. У наведвальнікаў была магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах, набыць сувенірную прадукцыю, атрымаць асалоду ад дынамічнай канцэртнай праграмы з удзелам творчых калектываў Рэспублікі Беларусь.
Адна з яркіх падзей форуму — шыкоўная выстаўка Нацыянальнага музея Рэспублікі Дагестан імя Алібека Тахо-Годзі «Мой Дагестан». Экспазіцыя складаецца з раздзела «Традыцыйная культура і побыт народаў Дагестана» і фотавыстаўкі «Цудоўны вобраз гаранкі». Тут можна ўбачыць дэталі архітэктурнага дэкору горскага жылля, віды паселішчаў, традыцыйныя касцюмы розных этнічных груп, калекцыю золаташвейных вырабаў, унікальную кайтагскую вышыўку, зброю, прадметы прыкладнога мастацтва. Выстаўка суправаджаецца акварэльнымі і жывапіснымі работамі дагестанскіх мастакоў, сярод якіх Джэмал Муэтдзін-Арабі — самабытны аўтар, які шмат увагі надаваў выяве традыцыйнага касцюма. Зараз выстаўка знаходзіцца ў сценах Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, а з 17 красавіка яна пераедзе ў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя А. Р. Раманава, дзе будзе экспанавацца да 15 чэрвеня.
У рамках форуму сёння праходзіць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Роля народнай мастацкай творчасці ў фарміраванні культурнай спадчыны і міжкультурнага дыялогу», дзе ўдзельнікі абмяркоўваюць шляхі захавання і развіцця багатай культурнай спадчыны сваіх народаў, абменьваюцца досведам. Форум працуе адначасова на некалькіх пляцоўках — абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы ў Магілёве і ва ўстановах культуры Бабруйскага раёна. Удзел у мерапрыемствах прымаюць прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Малдовы і Азербайджана.
За гады існавання форуму яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі 30 краін блізкага і далёкага замежжа, што, як адзначаюць арганізатары, сведчыць аб міжнароднай значнасці гэтай падзеі ў мэтах захавання культурнай разнастайнасці.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА