Top.Mail.Ru

З арыентацыяй на работадаўцаў

На адзіным Дні адчыненых дзвярэй у каледжах Магілёўскай вобласці далі магчымасць датыкнуцца да розных прафесій

Магілёўскі політэхнічны каледж адзін за самых папулярных, таму на адзіны Дзень адкрытых дзвярэй групы падлеткаў ужо з 10.00 раніцы ішлі сюды адна за адной. І вельмі часта арганізавана — па некалькі чалавек. На сустрэчу з патэнцыйнымі навучэнцамі і іх бацькамі прыйшлі і прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў абласнога цэнтра — «Магілёўліфтмаша», завода «Магілёўтрансмаш», «БЕЛАЗА», «Магілёўскага вагонабудаўнічага завода», «Магілёўтэхмантажа», «Ольсы» і іншых. Камунікацыя праходзіла ў чытальнай зале бібліятэкі. Работадаўцы акцэнтавалі ўвагу на перавагах сваіх вытворчасцяў, расказвалі пра магчымасці, якія маюць маладыя спецыялісты, дэманстравалі відэа-ролікі. Школьнікаў і іх бацькоў запрашалі таксама на экскурсіі па аўдыторыях.

— Акрамя вось такіх маштабных адзіных Дзён адкрытых дзвярэй мы праводзім яшчэ і свае ўнутраныя кожную суботу са снежня і па канец мая, — кажа дырэктар Магілёўскага політэхнічнага каледжа Сяргей Казлоў. — У школах працуюць нашы прафарыентацыйныя групы, якія даносяць інфармацыю на месцах. Да нас у Магілёў прыязджае шмат рабят разам з бацькамі з раёнаў. І шмат хто з гэтай моладзі потым прыходзіць да нас вучыцца. Пра нас можна даведацца на сайце або з публікацый у СМІ.

Дырэктар адзначае, што ўстанова імкнецца даць поўную інфармацыю, каб малады чалавек не памыліўся з выбарам. Не проста пачытаў інфармацыю па лістку, а паглядзеў аўдыторыі, іх аснашчэнне — абсталяванне, станкі.

Летась у каледжы адкрылася новая спецыяльнасць —"прамысловая робататэхніка" — самая запатрабаваная сёння прафесія.

— З пункту гледжання тэхнічных момантаў, у нас ёсць усе новыя спецыяльнасці, якія сёння задзейнічаныя ў вобласці ноу-хау — робататэхніка, мехатроніка, — удакладняе суразмоўнік.— У прадпрыемстваў быў запыт на іх і мы адкрылі. Паклапаціліся і пра адпаведнае праграмнае забеспячэнне, працуем у унісон з заказамі прадпрыемстваў. Выпускнікі каледжа працуюць на асноўных тэхнічных прадпрыемствах Магілёва і іншых гарадоў, у тым ліку Мінска і Мінскай вобласці. Зварка, металаапрацоўка, мехатроніка, прамысловая роботатэхніка, праграмнае забеспячэнне — гэта тыя кірункі, спецыялістаў па якіх рыхтуе ўстанова. Сярод навучэнцаў прэваліруюць юнакі, але і дзяўчаты таксама праяўляюць цікавасць. Ёсць нават такія, якія спецыяльна паступаюць на зварачную вытворчасць. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю «тэхнік» і маюць магчымасць працаваць сярэднім кіруючым звяном, у тым ліку інжынерамі.

Вучань Магілёўскай гімназіі № 1 Мікіта Пузікаў завітаў на Дзень адкрытых дзвярэй у політэхнічны каледж разам з хросным бацькам.

— Гэта ўстанова вельмі папулярная сярод маіх аднагодкаў, — прызнаўся хлопец. — Прадстаўнікі яе пабывалі ў нас у лютым і шмат хто пажадаў яе наведаць. Мне вельмі цікавы тэхнічны кірунак, дакладней зварачная вытворчасць.

Зацікавіцца было чым. У аўдыторыях давалі магчымасць азнаёміцца з прынцыпам работы робатазаваных ліній-маніпулятараў, якія нічым не адрозніваюцца ад завадскіх, толькі вельмі паменшаныя. Ды і прапановы работадаўцаў гучалі прывабліва. Вытворчасці сёння спрэс сучасныя з вялікімі партфелямі заказаў, якія гарантуюць прыбытак, а, значыць, і годную заработную плату. Добры сацыяльны пакет, жыллё, арганізацыя вольнага часу — тыя перавагі, якія даюць сённяшнім маладым спецыялістам магчымасць адчуць сябе незалежнымі і патрэбнымі.

Шмат цікавай інфармацыі атрымалі і тыя, хто пабываў на адзіным Дні адкрытых дзвярэй Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, дзе рыхтуюць тэхнікаў-тэхнолагаў, тавараведаў і іншых спецыялістаў для грамадскага харчавання і гандлёвай дзейнасці. Тут працавалі дыялогавыя пляцоўкі з удзелам прадстаўнікоў ад прадпрыемстваў, заключаліся дагаворы. Адбыўся прафбатл «Маркетолаг у дзеянні», майстар-класы ад кандытара і кухара, экскурсіі.

Тыя, хто не змог даехаць да Магілёўскага эканамічнага каледжа, маюць магчымасць здзейсніць віртуальную экскурсію па ім праз афіцыйны сайт установы. Тут таксама адбыліся сустрэчы з работадаўцамі, шматлікія майстар-класы і прэзентацыі. Можна было нават прайсці «ПрофіТэст», каб даведацца пра сваю схільнасць да той ці іншай прафесіі.

Не менш цікавыя сустрэчы адбыліся ва ўсіх сярэдне-спецыяльных установах вобласці. Акцэнт рабіўся на мэтавую падрыхтоўку, што дае моладзі дадатковую гарантыю паспяхова рэалізаваць сябе.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю