Top.Mail.Ru

З чаго пачыналася гісторыя Купалаўскага тэатра?

У гасцёўні Уладіслава Галубка дэманструецца праект, прысвечаны 105-годдзю з дня адкрыцця ў Мінску Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Выстаўка «Беларускі дзяржаўны тэатр. Пачатак: драматургія, сцэнаграфія, трупа» прапаноўвае ўнікальную магчымасць вярнуцца на стагоддзе назад і далучыцца да стварэння вялікай установы.


14 верасня 1920 года адбылася значная падзея ў культурным жыцці Беларусі — урачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Мінску. З таго часу ў беларусаў быў свой пастаянны тэатр, дзейнасць якога мела дзяржаўнае значэнне, а для развіцця яго ствараліся ўсе неабходныя ўмовы.

Праграма ўрачыстага адкрыцця тэатра была вельмі разнастайнай. Пасля выканання хорам «Інтэрнацыянала» беларуская трупа паказала гледачам спектакль «Рысь» Э. Ажэшка. 

Удзельнічалі таксама руская і яўрэйская трупы. Праграма мела вялікі поспех, таму на наступны дзень вырашылі яе паўтарыць.

Першы беларускі тэатр згуртаваў яркіх асоб: артыстаў і рэжысёраў, мастакоў, кампазітараў і драматургаў, якія ўжо праявілі сябе на сцэне іншых тэатраў. Для многіх артыстаў Беларускі дзяржаўны тэатр стаў пачаткам іх зорнай тэатральнай кар’еры.

Мастацкім кіраўнікам толькі што створанага калектыву быў прызначаны Фларыян Ждановіч (1920–1921), які ў сваёй творчасці значную ўвагу аддаваў пастаноўкам п’ес беларускіх аўтараў. Як рэжысёр ён абапіраўся на працу папярэднікаў і традыцыі беларускага народнага тэатра, шырока выкарыстоўваў народныя музыку і спевы. У перыяд з 1921 да 1931 года мастацкім кіраўніком тэатра быў Еўсцігней Міровіч, які таксама рабіў акцэнт на беларускую драматургію. Пад яго кіраўніцтвам тэатр ажыццявіў вельмі папулярную ў той час ідэю нацыянальнага адраджэння. За 10 гадоў Міровіч паставіў каля 40 спектакляў і выхаваў цэлае пакаленне акцёраў. Менавіта ён зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускай акцёрскай школы.

Пасля Еўсцігнея Міровіча мастацкімі кіраўнікамі Беларускага дзяржаўнага тэатра былі Леў Літвінаў (1932–1937), Леанід Рахленка (1937–1943).

Рэпертуар тэтра 1920–1930-х гадоў насычаны класічнымі творамі, якія можна і сёння ўбачыць на сцэне Купалаўскага тэатра: «Паўлінка» (візітная картка тэатра), «Разбуранае гняздо» Янкі Купалы, «На дне» Максіма Горкага, «На купалле» Міхася Чарота, «Жрэц Тарквіній» Сяргея Паліванава, «Машэка» і «Каваль-ваявода» Еўсцігнея Міровіча, «Айчына» Кузьмы Чорнага, «Жакерыя» Праспера Мерымэ, «Хто смяецца апошнім» Кандрата Крапівы і інш. Як можна заўважыць, рэжысёры аддавалі перавагу п’есам беларускіх аўтараў, што моцна паўплывала на развіццё айчыннай драматургіі. Тэатр працаваў у складаных умовах, маючы доступ да сцэны толькі два дні на тыдзень. Часта даводзілася выступаць у мінскіх клубах і на вытворчасці, а пасля ехаць з гастролямі спачатку ў найбліжэйшыя вёскі і гарадкі, а потым ужо ў такія гарады, як Віцебск, Полацк, Бабруйск, Орша.

Тэатральна-дэкарацыйным афармленнем сцэны ў гэты час займаліся мастакі Канстанцін Елісееў, Оскар Марыкс, Меер Аксельрод, Барыс Малкін і інш.

Акцёрамі, якія склалі аснову маладога тэатра, былі Фларыян Ждановіч, Канстанцін Саннікаў, Паўліна Мядзёлка, Усевалад Фальскі, Уладзімір Крыловіч, Уладзімір Уладамірскі, Барыс Платонаў, Стэфанія Станюта, Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Сцяпан Бірыла, Здзіслаў Стома, Аляксей Бараноўскі, Галіна Макарава, Уладзімір Дзядзюшка, Зінаіда Браварская... Гэтаму легендарнаму пакаленню было наканавана стаць першымі зоркамі айчыннай сцэны, заснавальнікамі нацыянальнай акцёрскай школы.

У часовай экспазіцыі ў гасцёўні Уладзіслава Галубка прадстаўлены фотаздымкі трупы ў розны час, пачынаючы з 1920–1930-х гадоў, афіша ўрачыстага адкрыцця тэатра, асабістыя рэчы артыстаў, эскізы касцюмаў і дэкарацый да першых тэатральных пастановак, сцэнарыі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Выстаўка, як машына часу, вяртае ў залатую эпоху станаўлення беларускага тэатра і дае магчымасць дакрануцца да крыніц мастацтва, якое і сёння натхняе акцёраў, рэжысёраў, сцэнарыстаў і простых гледачоў на новыя творчыя подзвігі.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю