Сёння ў Мінску пачаў работу IX З’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У маштабным форуме прымаюць удзел дэлегацыі з Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Таджыкістан, Туркменістана, Рэспублікі Узбекістан.
Урачыстае адкрыццё з’езда адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы. Удзельнікаў і гасцей мерапрыемства вітаў першы намеснік генсакратара СНД Ігар ПЕТРЫШЭНКА. Ён павіншаваў педагогаў з надыходзячым прафесійным святам і нагадаў, што з’езд праходзіць у год 35-годдзя стварэння Садружнасці.
— Канкурэнтаздольнасць кожнай дзяржавы залежыць ад сістэмы адукацыі. Калі ёсць магутны інтэлектуальны патэнцыял, будуць развівацца ўсе сферы краіны. Спадзяюся, што ў рамках секцый і круглых сталоў будзе выпрацаваны комплекс мерапрыемстваў, які дазволіць даналадзіць існуючую нарматыўна-прававую базу СНД пад сучасныя рэаліі і выклікі. Мы абавязаны фарміраваць навучальныя праграмы і рыхтаваць студэнтаў строга пад патрэбы развіцця нашых дзяржаў і функцыянавання нацыянальных эканомік, — сказаў намеснік генеральнага сакратара.
Ігар Петрышэнка таксама асабліва падкрэсліў, наколькі сёння важныя пытанні здароўя і патрыятычнага выхавання школьнікаў:
— Патрыятычнае выхаванне — гэта фундаментальны элемент, які злучае ўсе краіны Садружнасці, — падкрэсліў ён. — Ён прысутнічае ў школьных праграмах і актыўна рэалізуецца праз культурна-адукацыйны патрыятычны праект «Цягнік Памяці», экскурсіі і паездкі па месцах баявой славы. Дэлегаты з’езда, якія прыехалі ў Беларусь, таксама змогуць дакрануцца да нашай гістарычнай памяці і сучасных традыцый. Усё гэта ў канчатковым выніку накіравана на моладзь — будучыню нашых краін.
Ключавым дакладам на пленарным пасяджэнні, якое таксама прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы, стаў даклад міністра адукацыі Беларусі Андрэя ІВАНЦА. Ён канстатаваў, што галоўнымі прынцыпамі развіцця сістэмы адукацыі ў Беларусі на сучасным этапе з’яўляюцца даступнасць, якасць і практыкаарыентаванасць. Міністр таксама падкрэсліў важнасць сумеснай работы ва ўмовах сучаснасці.
— Як і большасць дзяржаў СНД, мы адчуваем выклікі сучаснасці, — сказаў кіраўнік адукацыйнага ведамства. — Таму мы вучым нашу моладзь захоўваць сваё, нацыянальнае, вучым берагчы нашу прыгожую, мірную, незалежную краіну. Мы ўпэўнены, што ва ўмовах сучасных выклікаў немалаважную ролю адыгрывае міжнароднае ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі. Цяперашні форум дазваляе асэнсаваць шлях, па якім ідзе кожная краіна, ацаніць зробленае і намеціць новыя шляхі рэалізацыі патэнцыялу агульнай адукацыйнай прасторы.
У рамках пленарнага пасяджэння прайшлі і ўрачыстыя мерапрыемствы — узнагароджанне найлепшых педагогаў нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў» і адкрыццё IV Міжнароднага фестывалю педагагічнага майстэрства. Далей у гэты дзень пачалася і працягнецца 2 кастрычніка работа тэматычных секцый, на якіх эксперты абмяркуюць перспектывы развіцця ўсіх узроўнеў адукацыі: ад дашкольнай да вышэйшай. Асобная ўвага будзе нададзена стратэгіям інклюзіўнай адукацыі, інавацыйным практыкам выхавання і развіццю дадатковай адукацыі дзяцей і дарослых.
Дзелавая частка форуму будзе суправаджацца насычанай культурнай праграмай. Дэлегаты наведаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Палац Незалежнасці, ускладуць кветкі да стэлы «Мінск — горад-герой». Урачыстае закрыццё IX з’езда і святочны канцэрт, прысвечаны Дню настаўніка, пройдуць 2 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі.
Алена Вінаградава
Фота БЕЛТА