Top.Mail.Ru

З ліпеня наступнага года ў краіне павінна запрацаваць адзіная дзяржаўная інфармацыйная сістэма браніравання і продажу праязных білетаў

Стварэнне такой сістэмы прадугледжана Указам Прэзідэнта Беларусі № 108 ад 1 красавіка 2026 года. На ўсё — год. Часу, на першы погляд, дастаткова. Аднак на дзяржаўным прадпрыемстве «Сталічны транспарт і сувязь» — у недалёкай будучыні адзіным аператары новай платформы — час на разварушванне не закладваюць. Там ужо сёння вядзецца інтэнсіўная работа па кансалідацыі працэсаў з усімі аператарамі краіны, пасажырскімі тэрміналамі і перавозчыкамі, якія выконваюць перавозкі ў рэгулярных зносінах.


Час прыйшоў

Каб увесці сістэму ў дзеянне, спецыялісты прадпрыемства настроены працаваць 24/7. Але вынік, на іх думку, будзе таго каштаваць. У гэтым упэўнены і дырэктар ДП Юрый СУПРАНОВІЧ:

— Паслуга, як правіла, тады запатрабаваная на рынку, калі яна выспела і наканаваная, у гэтым выпадку — для карыстальнікаў транспартнай сістэмы — пасажыраў, — дзеліцца Юрый Сцяпанавіч. — У нас і сёння існуе сістэма па анлайн браніраванню білетаў, але яна разрозненая, а таму нязручная і не для ўсіх зразумелая.
У якасці прыкладу дырэктар прадпрыемства прывёў сітуацыю, калі пасажыр спрабуе купіць білет у перадсвяточныя або выхадныя дні. І гэта бывае праблемай — добра, што цяпер можна забраніраваць праязны дакумент не выходзячы з дому. Але, каб знайсці патрэбны білет, пасажыру спатрэбіцца зайсці ў адно, два, тры дадаткі, а то і больш.

Здзіўляцца няма чаму — сёння на рынку пасажырскіх перавозак працуюць дзясяткі прадпрыемстваў: дзяржаўныя, прыватныя кампаніі, індывідуальныя прадпрымальнікі. 


У кожным раённым цэнтры ёсць аўтастанцыі або аўтавакзалы — а райцэнтраў у нас больш за 100. Вось і атрымліваецца: колькі прапаноў, столькі і дадаткаў. Перспектыва пераглядаць усе гэтыя анлайн-прапановы, калі няма часу і не хапае нерваў, зусім не вабіць. Вельмі часта ў падобнай сітуацыі мы кідаем дарэмныя спробы і звяртаемся да старога праверанага метаду: едзем ці тэлефануем у білетныя касы. І гэты працэс таксама лёгкім не назавеш. А калі рэйс складаны, стыкоўны...

Проста і зручна

— Таму мы і плануем сабраць на адзінай платформе ўсіх перавозчыкаў, якія абслугоўваюць пасажыраў у міжгародніх, прыгарадных і міжнародных зносінах, тэрміналы і вакзалы. Каб пасажыру было зручна — зайшоў у адзіны дадатак, знайшоў патрэбны маршрут, параўнаў розныя прапановы і выбраў напрамак, а таксама час і кошт паездкі. Чалавек такім чынам зможа сам выбудоўваць лагістыку свайго падарожжа і гэтак жа, не выходзячы з дому, аплачваць праязны дакумент, — расказвае пра перавагі адзінай сістэмы Юрый Супрановіч.


Пры гэтым, падкрэслівае ён, абавязваць аўтавакзалы прадаваць білеты на прыгарадныя і міжгароднія аўтобусы анлайн не плануецца.

— Не ўсе людзі любяць ці ўмеюць карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі, напрыклад, наша старэйшае пакаленне, — таму застанецца магчымасць патэлефанаваць па звычайным стацыянарным або мабільным тэлефоне на біканальны нумар і не толькі забраніраваць білет, але і атрымаць інфармацыю аб тым, як трапіць у той ці іншы пункт Беларусі і гэтак далей.

Парадак у перавозачным працэс

Пэўны механізм лагістыкі з увядзеннем сістэмы будзе спрошчаны і для перавозчыкаў.

— Сёння, на жаль, у аператараў аўтамабільных перавозак няма адзінага меркавання па існуючаму перамяшчэнню пасажыраў паміж населенымі пунктамі, а таксама ацэнкі, алічбоўкі гэтых даных, — тлумачыць дырэктар прадпрыемства. — Возьмем тыя ж перадсвяточныя дні. Аператар прызначае дадатковыя маршруты, не разумеючы, дзе перавозкі ў гэты перыяд трэба ўзмацніць, а дзе адмяніць за непатрэбнасцю і перанакіраваць дадатковы транспарт у найбольш «гарачыя» пункты. 

Сістэма дазволіць аператарам атрымаць адзіную базу даных і адсочваць усе працэсы, звязаныя з перавозкай пасажыраў у прыгарадных, міжгародніх і міжнародных зносінах.

Выбіраем камфорт і бяспеку

Па словах начальніка кантрольна-аналітычнага ўпраўлення «Сталічнага транспарту і сувязі» Сяргея ГЛЯМБОЎСКАГА, інфармацыйная сістэма будзе не толькі цалкам утрымліваць усю інфармацыю аб маршрутах і раскладах аўтамабільнага транспарту ў рэгулярных зносінах:

— Там таксама будуць звесткі аб усіх перавозчыках і транспартных сродках. У чым тут зручнасць для пасажыраў? Да магчымасцяў ажыццяўлення перасадкі, выбару маршруту, пабудовы альтэрнатыўных маршрутаў і гэтак далей дадасца і камфорт. У пасажыра будзе магчымасць выбару: звычайны аўтобус ці транспарны сродак з кандыцыянерам, тэлевізарам, Wі-Fі, зарадкай для тэлефона і іншымі «плюшкамі». І зноў-такі, забраніраваць паездку з усімі выгодамі можна з дому, седзячы на канапе.


Прадстаўнікі ДП «Сталічны транспарт і сувязь» расказалі, што для работы над адзінай сістэмай будуць прыцягваць моладзь — будучых выпускнікоў вядучых тэхнічных ВНУ краіны. У гэтым кірунку наладжана ўзаемадзеянне з БНТУ, БДУІРам, іншымі ўніверсітэтамі

— Створаная сістэма статычнай не будзе, — дзеліцца перспектывамі Юрый Супрановіч. — Пры неабходнасці яна працягне ўдасканальвацца і дапрацоўвацца. У перспектыве плануем інтэграваць у яе іншыя віды транспарту, напрыклад, чыгуначны.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю