Пяцігодка развіцця
За апошнія некалькі гадоў эканоміка Беларусі не раз правяралася на трываласць. Але нават у экстрэмальных умовах яна паказала сваю жыццяздольнасць. Несумненна, пяцігодка, якая заканчваецца, складаная, але яна ж і плённая ў плане новых магчымасцяў. У рубрыцы «Пяцігодка развіцця» мы раскажам, з чым прыйшлі на фініш аднаго адрэзка і на старт новага рэгіёна краіны.
За перыяд з 2020 года і па сённяшні дзень Магілёўская вобласць дасягнула значных вынікаў практычна па ўсіх кірунках. Пра тое, што зроблена і якімі дасягненнямі можна ганарыцца, — у нашай размове з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Аленай Кірпічонак-Пруднікавай.
- — Тэмп росту рэальнай заработнай платы склаў 133,3 %, намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы — 185,5 %, тэмп росту ВРП — 104,4 %, прадукцыі прамысловасці — 105,4 %, — аргументуе Алена Кірпічонак-Пруднікава. — Развіццё прамысловага комплексу дазволіла істотна нарасціць аб’ёмы вытворчасці асобных відаў прадукцыі. У бягучай пяцігодцы ў 1,8 раза павялічана вытворчасць чыгуначных вагонаў, у 1,7 — кармоў для жывёл у сельскай гаспадарцы, у 1,3 — масла, у 1,2 — драўнянастружкавых пліт. Павялічана вытворчасць шын для легкавых аўтамабіляў, паперы, кардону, цэменту, тканін, сыроў, каўбасных вырабаў...
Суразмоўніца ўдакладняе, што важным фактарам устойлівага развіцця і канкурэнтаздольнасці эканомікі з’яўляецца своечасовая мадэрнізацыя вытворчасці. Абнаўленне працягваюць такія буйныя прадпрыемствы вобласці, як «Белшына», «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод», «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», «Завод газетнай паперы», «Папяровая фабрыка «Спартак», «Малочныя горкі», «Мажаліт» і іншыя. Вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі павялічылася ў 1,6 раза.
У сельскагаспадарчай галіне ў 1,2 раза павялічыліся аб’ёмы вытворчасці масланасення рапсу і льновалакна, у 1,5 — цукровых буракоў. Адбылася тэхнічная мадэрнізацыя шасці свінагадоўчых аб’ектаў, завершана будаўніцтва рэпрадуктара на 3 600 галоў свінаматак у «Клімавіцкім КХП». За 2023 і 2024 гады ў вобласці пабудавана 10 малочнатаварных комплексаў.
Драйверам эканамічнага развіцця рэгіёна сталі інвестыцыі і інавацыі.
— Аб’ём выкарыстаных інвестыцый у асноўны капітал павялічыўся ў супастаўных цэнах у 1,2 раза, — удакладняе Алена Кірпічонак-Пруднікава. — Найбольш буйныя з завершаных праектаў — вертыкальна інтэграваны дрэваапрацоўчы комплекс «Новус Індустры» і прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў», пабудаваныя ў СЭЗ «Магілёў». Агульная сума ўкладзеных у гэтыя прадпрыемствы інвестыцый склала звыш 530 мільёнаў рублёў, створана больш за 2,5 тысячы працоўных месцаў. Будаўніцтва свінагадоўчага рэпрадуктара на 3 600 галоў у «Клімавіцкім КХП» прыцягнула ў эканоміку рэгіёна больш за 61 мільён рублёў, створана 52 працоўныя месцы. Арганізавана інавацыйная вытворчасць кандытарскіх вырабаў на прадпрыемстве «Чырвоны харчавік-Слаўгарад» у Слаўгарадзе. Створана 103 працоўныя месцы. На прадпрыемстве «Магілёўліфтмаш» арганізавана высокатэхналагічная вытворчасць цягавых рухавікоў для электратранспарту і рухавікоў спецыяльнага выканання. Засвоена больш за 25 мільёнаў рублёў, створана 81 працоўнае месца.
Паводле слоў намесніка старшыні аблвыканкама, пераарыентацыя гандлёвых і транспартна-лагістычных патокаў на ўсходні напрамак дазволіла павялічыць экспарт тавараў і паслуг — у 1,3 і 1,6 раза адпаведна да ўзроўню 2020 года, а экспарт харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны — у 1,5 раза.
Рэалізуючы дзяржпраграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, вобласць праводзіць маштабную работу па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой. У гэтай пяцігодцы пабудавана 156 станцый абезжалезвання. Працягваецца комплекснае развіццё сістэмы аховы здароўя, праведзена мадэрнізацыя ўсіх тыпаў устаноў, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў сельскай мясцовасці. За апошнія некалькі гадоў уведзены ў эксплуатацыю інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы № 1, радыялагічны корпус Магілёўскага абласнога анкадыспансера, медкорпус экстранай хірургіі кардыяцэрэбраваскулярнай паталогіі «Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі», кардыяхірургічны і кардыятэрапеўтычны корпусы Магілёўскай абласной бальніцы, аснашчаны сучасным абсталяваннем радзільны дом у Магілёве.
Нэлі ЗІГУЛЯ