Фіналізацыя беларуска-расійскіх дамоўленасцяў, сітуацыя ў эканоміцы і дзейнасць прамысловага сектара
Кіраўнік дзяржавы па выніках праведзеных нядаўна ў Маскве перагавораў з кіраўніцтвам Расіі даў актуальныя даручэнні ўраду, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта. Размова ішла аб рэалізацыі канкрэтных дамоўленасцяў у розных сферах, уключаючы энергетыку, прамкааперацыю, сельскую гаспадарку, а таксама планы далейшага ўзаемадзеяння. Важнай тэмай даклада Прэзідэнту стала сітуацыя ў эканоміцы. Прэм’ер-міністр адзначыў як пазітыўныя тэндэнцыі (рост ВУП), станоўчую дынаміку ў шэрагу галін, так і асобныя праблемныя аспекты, якія патрабуюць аператыўных рашэнняў органаў дзяржкіравання. Асобна закраналіся пытанні функцыянавання прамысловага сектара, дзе сітуацыя, паводле слоў Прэм’ер-міністра, неаднародная. Прэзідэнту даложана аб стабільнай рабоце многіх суб’ектаў прамысловасці, якія паспяхова пераадольваюць складанасці, якія ўзнікаюць. Размова таксама ішла аб асобных праблемах, у прыватнасці ў машынабудаванні, і кроках па выпраўленні сітуацыі.
«Фактычна па ўсіх пытаннях удалося дамовіцца»
Расказваючы журналістам аб падрабязнасцях свайго даклада Прэзідэнту, кіраўнік урада нагадаў, што фактычна ўвесь мінулы тыдзень прайшоў пад знакам беларуска-расійскага парадку дня. У пачатку мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка вёў перагаворы ў Палацы Незалежнасці з губернатарам Архангельскай вобласці Аляксандрам Цыбульскім і першым намеснікам старшыні ўрада Расіі Дзянісам Мантуравым. А ў канцы тыдня кіраўнік дзяржавы знаходзіўся з рабочым візітам у Расіі, дзе найважнейшыя пытанні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння абмяркоўваліся з Прэзідэнтам гэтай краіны Уладзімірам Пуціным і Прэм’ер-міністрам Міхаілам Мішусціным. Аляксандр Турчын узгадаў і свае перагаворы са старшынёй праўлення ПАТ «Газпрам» Аляксеем Мілерам, якія 24 жніўня прайшлі ў Санкт-Пецярбургу.
«Фактычна кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты ўрадамі Беларусі і Расіі, — канстатаваў Прэм’ер-міністр. — Парадак дня быў вельмі шырокі. Гэта і супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, і пытанні прамысловай кааперацыі, рэалізацыя сумесных інтэграцыйных праектаў, пытанні супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі».
Па словах кіраўніка ўрада, Прэзідэнтам дадзены шэраг канкрэтных даручэнняў, якія фактычна з‘яўляюцца фіналізацыяй і замацаваннем дамоўленасцяў, дасягнутых на мінулым тыдні. Шэраг даручэнняў накіраваны на далейшае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі.
Падчас даклада прагучала і тэма падрыхтоўкі да пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Мінску 1 кастрычніка. Падчас пасяджэння, як праінфармаваў Аляксандр Турчын, плануецца разгледзець шырокі пералік пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.
«Гэта штодзённая работа, якая пастаянна ідзе, — канстатаваў ён. — Узнікаюць новыя пытанні, новыя праблемы, мы іх вырашаем. Але ў цэлым, я б ахарактарызаваў бягучы стан беларуска-расійскіх адносін вельмі пазітыўна. Фактычна па ўсіх пытаннях удалося дамовіцца. Думаю, што на сярэднетэрміновую перспектыву дамоўленасці будуць замацаваны і мы будзем іх паспяхова рэалізоўваць».
«Мы для гэтага і ёсць, каб гэтыя пытанні вырашаць»
Асобна кіраўнік урада далажыў Прэзідэнту аб сітуацыі ў эканоміцы. Яна, па словах Прэм’ер-міністра, аптымістычная. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць рост ВУП за 7 месяцаў. Тэндэнцыя такая, што да канца бягучага года фактычна ўсе галіны эканомікі павінны выйсці ў станоўчую дынаміку.
«Але сітуацыя абсалютна неадназначная, — удакладніў Аляксандр Турчын. — І ў разрэзе галін, і ў разрэзе асобных суб’ектаў гаспадарання. Ды і складанасці, якія пастаянна ўзнікаюць, трымаюць нас у тонусе пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў. Здавалася б, нават такое пытанне, як лагістыка. Сёння падзеі ў свеце адбіваюцца і на нашых суб’ектах гаспадарання. Перш за ўсё на экспартных пастаўках. Таму даводзіцца дзесьці шукаць альтэрнатыўныя маршруты, узнікаюць складанасці. Але мы для гэтага і ёсць, каб гэтыя пытанні вырашаць».
Па меркаванні кіраўніка ўрада, пазітыўныя тэндэнцыі, якія складваюцца ў эканоміцы, будуць працягвацца. «Мы з асцярожным аптымізмам глядзім на заканчэння бягучага года і пачатак наступнага», — заўважыў ён.
«Мы бачым, куды трэба ісці, што нам трэба рабіць»
Асаблівай сферай адказнасці Прэм’ер-міністра і ўрада, як неаднаразова звяртае ўвагу кіраўнік дзяржавы, з’яўляецца прамысловасць. Журналісты пацікавіліся, як цяпер складваецца сітуацыя ў гэтай найважнейшай галіне эканомікі.
«Як і ў цэлым у эканоміцы, сітуацыя ў прамысловасці таксама неаднародная, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Ёсць шэраг галін, якія даволі паспяхова працуюць у няпростых умовах. Найперш гэта машынабудаўнічая галіна, якая сёння адчувае праблемы ў сілу і аб’ектыўных, і суб’ектыўных прычын».
Па словах Прэм’ер-міністра, прамысловасць як адна з найважнейшых галін нашай эканомікі знаходзіцца пад пастаянным кантролем урада. На некаторых вытворчасцях складваецца няпростая сітуацыя, але Савет Міністраў фактычна ў штодзённым рэжыме аказвае прадпрыемствам дапамогу. Аднак пры ўмове, калі прадпрыемства дакажа, што ўсе меры, якія можна прыняць самастойна (у тым ліку гэта датычыцца істотнай аптымізацыі выдаткаў і зніжэння сабекошту прадукцыі, што выпускаецца), былі прынятыя. Толькі ў гэтым выпадку ўрад ідзе насустрач, дапамагаючы прадпрыемствам вырашаць тыя ці іншыя пытанні.
«Сітуацыя няпростая, але, тым не менш, па выніках 7 месяцаў прамысловасць выйшла няхай і ў невялікі, але плюс, — канстатаваў Прэм’ер-міністр. — Мы бачым, што гэта тэндэнцыя будзе працягвацца. Але абсалютна ніякай самазаспакоенасці ў нас няма. Па цэлым шэрагу прадпрыемстваў ёсць праблемы, якія нам неабходна вырашаць і мы стараемся гэта рабіць. Сітуацыя ў эканоміцы складаная, але кіруемая. Мы бачым, куды трэба ісці, што нам трэба рабіць. Думаю, што ўсе перспектывы паспяхова скончыць бягучы год у нас ёсць».
Вераніка КАНЮТА
Прэзідэнт даў шэраг даручэнняў для замацавання новых дамоўленасцей з Расіяй — Турчын