1 верасня 2025 года ў школах увялі абмежаванне на карыстанне мабільнымі тэлефонамі, прычым не толькі на ўроках. Як водзіцца, тэма імгненна завірусілася ў сацсетках, з розных бакоў пасыпаліся дыяметральна супрацьлеглыя меркаванні. «Навошта наогул дзецям у школе тэлефон?! Яны там павінны вучыцца, а не лайкаць відосікі, не забаўляцца рознымі відэагульнямі. Абсалютна правільнае рашэнне!..», «Гэта трэба было зрабіць даўно, у дзяцей ужо назіраецца моцная залежнасць ад гаджэтаў...», — спакойна і аргументавана разважалі адны. «Жорсткія абмежаванні створаць напружаную атмасферу ў навучальных установах!», «У бацькоў павінна быць магчымасць заўсёды быць на сувязі са сваімі дзецьмі...», — галасілі іх апаненты. Асабліва старанна «хваляваліся» за нашых школьнікаў мамы, якія з’ехалі за мяжу: «Вы парушаеце правы дзяцей! А вось у „еўропах“ усё па-іншаму...»
З дапамогай усё таго ж інтэрнэту мы старанна даследавалі гэту тэму ў еўрапейскім маштабе і нават шырэй. Высветлілася, што ў «супердэмакратычнай» Францыі дзейнічае поўная забарона на выкарыстанне смартфонаў у пачатковых і сярэдніх школах да 15 гадоў, у Нідэрландах смартфоны забаронены ў навучальных класах. У Італіі мабільнікі параўноўваюць з какаінам. Дарэчы, гэта краіна адна з першых забараніла тэлефоны ў школе і цяпер перыядычна толькі робіць больш жорсткімі правілы. На такія ж меры пайшлі ў Іспаніі, Партугаліі, Расіі, Казахстане, Узбекістане і Кітаі.

Як гэты год пражылі дзеці і што кажуць дарослыя — настаўнікі, бацькі? Спачатку сапраўды выказваліся кардынальна розныя меркаванні. Пры гэтым здзіўляла тое, што дзеці ўспрынялі навіну аб мабільніках значна спакайней іх бацькоў. У камітэце адукацыі Мінгарвыканкама сітуацыю маніторылі ўсе восем месяцаў і высветлілі, што ў пераважнай большасці законныя прадстаўнікі школьнікаў падтрымалі пастанову аб абмежаванні карыстання мабільнымі тэлефонамі ў школе. Сёння ва ўстановах адукацыі сітуацыю прымаюць ужо як данасць. Каб пераканацца ў гэтым і ўбачыць, як дзеці праводзяць школьны час без гаджэтаў, мы адправіліся ў сталічную гімназію № 6.
Чытаюць, гуляюць, танцуюць
Мы зазірнулі ў гімназію якраз падчас перамены. Школьныя калідоры гулі шматгалоссем — дзеці нешта ўзбуджана расказвалі аднакласнікам, дзесьці гучала музыка. Нам растлумачылі, што чарговую пераменку для вучняў запоўнілі танцавальнай паўзай. Гімназісты шумелі, гулялі, танцавалі — рабілі тое ж, што і іх аднагодкі ў мінулым стагоддзі, калі смартфонаў яшчэ ўвогуле не было.
— Абмежаванні па выкарыстанні мабільных тэлефонаў у школе ў нас былі і год таму, — расказвае дырэктар гімназіі Наталля КАЗАК. — Таму і бацькі, і дзеці былі загадзя падрыхтаваны да гэтай навацыі. Спрэчныя моманты, вядома, усё роўна ўзнікалі, але датычыліся яны ў асноўным захаванасці мабільных тэлефонаў.
Пытанні адпалі, калі законныя прадстаўнікі школьнікаў убачылі абсталяваныя памяшканні з шафкамі для захоўвання тэлефонаў і пераканаліся, што доступу для старонніх туды няма, а адказны за захаванасць гаджэтаў ёсць. Устаноўлена і відэаназіранне, прычым у кожнага класа — асобная шафка.

Ужо толькі тое, што ў школьнікаў няма спакусы зазірнуць у тэлефон, каб праверыць паведамленні, дазваляе ім больш засяродзіцца на матэрыяле, які выкладае настаўнік. І гэта выдатна, упэўнена Наталля Казак. Але ўсё ж галоўным дасягненнем дырэктар лічыць тое, што дзеці сталі больш цесна кантактаваць паміж сабой, як кажуць, афлайн, а не анлайн:
— І вельмі важна, каб школьнікі на перапынках адпачывалі — адпачывалі іх галовы і вочы, не пакутавала іх спіна, калі яны, сагнуўшыся, сядзяць у тэлефонах. Мы не можам кантраляваць, наколькі часта і доўга дзецям дазваляюць карыстацца смартфонамі іх бацькі, але мы можам сачыць за гэтым у сценах гімназіі. І мы гэта робім.
Пустэчу, якая ўтварылася, заўсёды трэба нечым запаўняць, тым больш калі гаворка ідзе пра «сяброўства» са смартфонам. Чым займаюць дзяцей на перапынках у гімназіі, чым замяняюць тэлефон? Па словах дырэктара, такіх заняткаў прыдумана шмат, прычым асобна для вучняў малодшых і старэйшых класаў:
— Розны ўзрост — розныя інтарэсы. Малодшым школьнікам трэба выплюхнуць энергію, пабегаць, паскакаць, таму праводзім для іх дынамічныя перамены. У нас ёсць маці, Алёна Бердыева, якая перад пачаткам урокаў пад энергічную музыку праводзіць заняткі фітнесам з першакласнікамі. Дзякуючы яе ініцыятыве дзеці з самай раніцы зараджаюцца пазітыўнай энергіяй на ўвесь дзень, лягчэй успрымаюць вучэбны матэрыял. Ёсць у нас і танцавальныя перамены, і іншыя вясёлыя і карысныя актыўнасці.

Старэйшым школьнікам прапануюць нешта больш сур’ёзнае. Напрыклад, прадметныя тыдні, на якіх педагогі праводзяць з імі забаўляльныя або інтэлектуальныя гульні.
— Дзеці вельмі любяць выконваць якія-небудзь заданні, у тым ліку на кемлівасць. Сацыяльныя педагогі ў рамках агульнагарадскога праекта «Школа без крыўд» праводзяць вельмі шмат мерапрыемстваў, разбіраюць са старшакласнікамі самыя розныя сітуацыі — школьныя, сацыяльныя, жыццёвыя.
І ім гэта вельмі падабаецца, — адзначае кіраўнік гімназіі. — Ёсць і тыя, каму на перапынку трэба проста пасядзець, адпачыць, спакойна пагутарыць з аднагодкамі, нешта абмеркаваць.
А яшчэ дзеці палюбілі чытаць звычайныя папяровыя кнігі. Яны займаюцца гэтым самастойна, чытаюць разам, чытаюць услых, а прачытаўшы, ідуць у бібліятэку за чым-небудзь новенькім.
Сваё пытанне да дзяцей «Як вам жывецца без мабільнікаў?» мы пакінулі да наступнай перамены, але ж задаваць яго не сталі — гімназісты былі занятыя. Яны кантактавалі, гулялі ў класікі, ажыўлена размаўлялі пра нешта важнае, займаліся іншымі неадкладнымі дзіцячымі справамі. У той момант ім было ні да тэлефонаў, ні да нашых пытанняў...
Самастойнае рашэнне
— На розных этапах навучальнага года мы сачылі за сітуацыяй, аналізавалі, як адбілася на дзецях абмежаванне карыстання мабільнымі тэлефонамі ў школах, — кажа намеснік старшыні камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Вольга СМІРНОВА. — І шляхам правядзення анкетавання, і праз аналіз сацсетак, а таксама розных публікацый у інтэрнэце. Мы вывучалі водгукі бацькоў і саміх дзяцей. У другой палове навучальнага года сталі больш практыкаваць жывыя сустрэчы і зносіны са школьнікамі і іх законнымі прадстаўнікамі. І сёння я ўжо магу канстатаваць, што калі з пачатку навучальнага года меркаванні розніліся, то да яго заканчэння ва ўстановах адукацыі сталіцы знаходжанне ў школе без мабільнага тэлефона стала ўжо нормай.

Дзеці абсалютна спакойна ставяцца да таго, што падчас навучальнага дня ў іх няма ў руках гаджэтаў — раніцай яны іх арганізавана здаюць, а пасля заняткаў гэтак жа арганізавана забіраюць. Многія школьнікі разам са сваімі бацькамі прынялі рашэнне зусім не браць мабільныя тэлефоны ў школу. Крок абсалютна самастойны і свядомы — яны разумеюць, што перыяд часу з 8.30 да 14.15 на самай справе зусім невялікі. А яшчэ гэта магчымасць правесці свабодныя ад мабільных тэлефонаў гадзіны сярод аднагодкаў, у зносінах з педагогамі, у вывучэнні і паўтарэнні матэрыялу, у чытанні кніг і наведванні бібліятэк.
Сёння ў школах аформлена вельмі шмат розных інтэрактыўных пляцовак, дзе вучні могуць пагуляць і пагутарыць. Важна, што змяніўся ў цэлым псіхалагічны клімат, іншымі сталі падыходы да сацыялізацыі дзяцей. Калі раней яны на перапынках праходзілі міма ўсяго, уткнуўшыся ў экраны сваіх мабільных тэлефонаў, то сёння заўважаюць, а можа быць, і адкрываюць для сябе шмат новага. Хутка скончыцца навучальны год, і мы зможам прааналізаваць, як адбілася абмежаванне карыстання мабільнымі тэлефонамі ў школах на выніковых ацэнках дзяцей.
Алена ВІНАГРАДАВА