Конкурс 5 і больш чалавек на месца і дакументы з сумай у 390 балаў і вышэйшай
Бюджэтнікі
Яшчэ да заканчэння асноўнай кампаніі студэнтамі сталі 5,6 тысячы мэтавікоў і каля 400 пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд. У Міністэрстве адукацыі праінфармавалі, што па выніках падачы дакументаў звыш 5,1 тысячы абітурыентаў прэтэндуюць на залічэнне без уступных выпрабаванняў — гэта пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, уладальнікі залатых (сярэбраных) медалёў школ і дыпломаў каледжаў з адзнакай, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, профільных класаў і іншыя, больш за 900 чалавек — па-за конкурсам.
Больш за 5 чалавек на месца набралі конкурсы па такіх спецыяльнасцях, як «Графічны дызайн і мультымедыядызайн», «Прыкладная фізіка», «Правазнаўства» і іншыя. А на такія спецыяльнасці, як «Праграмная інжынерыя», «Міжнародная эканоміка і гандаль», «Міжнародныя адносіны», «Эканамічная інфарматыка», «Прыкладная фізіка» абітурыенты падалі дакументы з сумай балаў 390 і вышэй.
Рэгіянальныя ўніверсітэты
Расце папулярнасць абласных універсітэтаў, і гэта відавочна. Пры плане прыёму на бюджэтныя месцы ў рэгіянальныя ВНУ 15,5 тысячы дакументы ў іх падалі 20,7 тысячы абітурыентаў. Найбольшыя конкурсы на месца зарэгістраваныя ў Палескім дзяржаўным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава, Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.
46 ВНУ краіны ўсяго гатовы прыняць каля 49,1 тысячы абітурыентаў. З іх прыкладна 33,1 тысячы месцаў выдзелена на бюджэтную форму, а каля 16 тысяч — на платную.
У структуры планаванага прыёму 23,3 % складуць будучыя інжынеры, 11,8 % — педагогі, 11,2 % — медыкі і 9,4 % — спецыялісты сельскай гаспадаркі.
Аграрыі, сілавікі і платнікі
У адукацыйным ведамстве паведамілі, што на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і ў ВНУ сілавога профілю прыём дакументаў на бюджэт завяршыўся 19 ліпеня.
На платнае навучанне прыём працягнецца да 1 жніўня, у сельскагаспадарчых ВНУ — да 2 жніўня.
План прыёму абітурыентаў-платнікаў складае 16,1 тысячы месцаў. Прыём дакументаў на платную форму навучання, якая не патрабуе ўнутраных выпрабаванняў, працягнецца да 1 жніўня 2026 года. Залічэнне на платныя месцы завершыцца 3 жніўня 2026 года.
Эстафету прынялі каледжы
У Беларусі стартавала прыёмная кампанія ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёлета ўстановы ССА плануюць прыняць каля 39 тысяч абітурыентаў, з іх больш за 31 тысячу месцаў — бюджэтныя.
У Міністэрстве адукацыі падкрэслілі, што для абітурыентаў, якія атрымалі базавую адукацыю і сярэднюю, тэрміны падачы розныя. Пасля заканчэння 9 класаў на бюджэт дакументы прымаюцца да 3 жніўня (з уступнымі выпрабаваннямі — да 23 ліпеня), на платнае навучанне дакументы можна прынесці да 10 жніўня.
Тыя, хто скончыў сярэднюю школу, падаюць дакументы на бюджэт да 11 жніўня (з уступнымі выпрабаваннямі — да 4 жніўня), на платнае навучанне — да 15 жніўня.
Для спецыяльнасцяў кірункаў «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя» і «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі» тэрміны падачы дакументаў могуць адрознівацца.
У Мінадукацыі рэкамендавалі ўдакладняць даты на сайтах устаноў адукацыі.
Алена ВІНАГРАДАВА
У тэму
У ваенныя ВНУ паступаюць і 400-бальнікі
На ваенных кафедрах з гэтага года ўводзяцца заняткі па фізічнай падрыхтоўцы
Аб асаблівасцях уступнай кампаніі ў ваенныя ВНУ расказаў у эфіры тэлеканала СТБ намеснік начальніка ўпраўлення ваеннай адукацыі Узброеных Сіл Беларусі Андрэй Паўлюшчык.
«Прыходзяць і юнакі, якія набіраюць 400 балаў з 400 магчымых. Думаю, прахадныя балы ў ваенныя навучальныя ўстановы ў гэтым годзе, як і ў мінулым, зноў здзівяць і стануць большыя, чым летась», — адзначыў Андрэй Паўлюшчык. Паводле яго слоў, сістэма навучання ў ваенных навучальных установах настроена на тое, каб падрыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў у інтарэсах Узброеных Сіл.
«Калі аналізаваць статыстыку мінулага года, то нават мінімальны прахадны бал, з якім абітурыенты залічваюцца, павышаецца. Ён амаль 200-240 балаў, нягледзячы на такую вялікую колькасць месцаў у ваенныя навучальныя ўстановы», — зрабіў акцэнт намеснік начальніка ўпраўлення.
«У нас навучанне ў сістэме ваеннай адукацыі арганізавана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў. Гэта Ваенная акадэмія, ваенныя факультэты і Ваенна-медыцынскі інстытут. А ваенныя кафедры — гэта тыя падраздзяленні сістэмы ваеннай адукацыі, якія рыхтуюць афіцэраў запасу», — звярнуў увагу Андрэй Паўлюшчык.
«Студэнт, паступаючы ў грамадзянскую ВНУ і выбіраючы грамадзянскую спецыяльнасць, пасля першага курса, як правіла, паступае для навучання ў інтарэсах Узброеных Сіл, рыхтуючыся стаць афіцэрам запасу. Пасля выпуску ён не прызываецца адразу ва Узброеныя Сілы як кадравы афіцэр, але мае такую магчымасць і можа быць прызваны для праходжання ваеннай службы. А так мы рыхтуем спецыялістаў запасу, спецыялістаў, якія ў тую ці іншую хвіліну здольныя будуць стаць на абарону нашай дзяржавы», — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення.
Ён удакладніў, што на дадзены момант мяняюцца праграмы. «Адна з навін, якая сёлета будзе ўведзена ў сістэму падрыхтоўкі, — заняткі па фізічнай культуры на ваенных кафедрах. У тым ліку пасля навучання на ваеннай кафедры студэнты будуць здаваць пэўныя нарматывы, выконваць кантрольныя заняткі, пасля чаго будуць атэстоўвацца ў афіцэрскі склад», — растлумачыў Андрэй Паўлюшчык.
Намеснік начальніка ўпраўлення звярнуў увагу і на такі момант: раней у гутарцы кандыдаты, якія хацелі паступаць на ваенную кафедру, заяўлялі, што гэта адзін са спосабаў не праходзіць тэрміновую ваенную службу. «Але ўсё менш і менш такіх дзяцей прыходзіць. Многія з іх, разумеючы сённяшнюю сітуацыю вакол нашай краіны, разумеючы, што адбываецца за межамі, гатовы вучыцца ваеннай справе. І нават не пайшоўшы ва Узброеныя Сілы, яны разумеюць, што чым лепш будуць падрыхтаваны, тым лепш будзе для іх, для іх сям’і, для іх працоўнай дзейнасці», — падкрэсліў ён.