Законы ад жыцця і міжнародныя кантакты
Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь з’яўляецца адзінай у краіне бібліятэкай, якая была створана спецыяльна для абслугоўвання органаў дзяржаўнага кіравання. Аднак даступная яна і для большасці жыхароў краіны: абслугоўвацца тут можа кожны паўналетні чытач. Супрацоўнікі ўстановы прымаюць удзел у падрыхтоўцы заканадаўчых і іншых дакументаў, якія рэгламентуюць бібліятэчна-інфармацыйную дзейнасць у краіне.
Будучы ў эпіцэнтры заканадаўчай дзейнасці краіны, супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі азнаёміліся з дзейнасцю і гісторыяй Савета Рэспублікі: для гасцей правялі экскурсію па музеі і зале пасяджэнняў.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА расказала гасцям і аб фармаце работы сенатараў, іх колькасным складзе. Асноўную ўвагу спікер удзяліла кірункам дзейнасці Савета Рэспублікі.

Асноўны кірунак — работа над законапраектамі. «У дадзены момант у нашым партфелі знаходзіцца 24 законапраекты, якія найперш разглядаюцца ў Палаце прадстаўнікоў, — праінфармавала Наталля Качанава. — Але ў рабоце над законапраектамі члены Савета Рэспублікі падключаюцца на самым пачатковым этапе».
Не менш важнай задачай, па словах спікера, з’яўляецца работа з людзьмі. «Гэта нам дапамагае ў рабоце над законапраектамі: наколькі яны актуальныя, патрэбны яна сучасным этапе, — патлумачыла Наталля Качанава. — Прэзідэнт нам заўсёды кажа — законы павінны ісці ад жыцця. І, вядома, прымацца так, каб яны на працягу пэўнага часу працавалі і не трэба было перыядычна ўносіць у іх змяненні і дапаўненні. Але жыццё часам гэтага патрабуе».
Спікер праінфармавала, што формы работы з грамадзянамі ў бліжэйшы час будуць удасканалены.

Асаблівы акцэнт Старшыня Савета Рэспублікі зрабіла на міжнароднай дзейнасці парламентарыяў.
Абмяркоўваліся падчас сустрэчы і пытанні маладзёжнай палітыкі, сямейных каштоўнасцяў — гэтыя пытанні заўсёды ў полі зроку парламентарыяў. Рэзюмуючы, Наталля Качанава падкрэсліла, што для членаў Савета Рэспублікі сустрэчы з працоўнымі калектывамі, моладдзю вельмі каштоўныя.
Як падзялілася па выніках сустрэчы загадчык аддзела інфармацыйных рэсурсаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Ірына АНДРУШЧАНКА, наведванне такіх знакавых месцаў, якім з’яўляецца Савет Рэспублікі, прыбліжае кожнага грамадзяніна да дзяржаўнага кіравання, разумення працэсаў, якія адбываюцца ў краіне. Па яе словах, такія мерапрыемствы яднаюць уладу з народам.
Вераніка КАНЮТА