Top.Mail.Ru

ЗАТ агракамбінат «Зара» задзейнічаў ва ўборачнай камбайны, якія перадалі гаспадарцы па даручэнні Прэзідэнта

З раніцы панядзелка ў Магілёве было сонейка, потым пайшоў дождж і ліў, пакуль не дабралася да месца — аграгарадка Рэчкі, дзе знаходзіцца цэнтральная сядзіба знакамітай гаспадаркі. Некалькі тыдняў таму яе наведаў Прэзідэнт: ацаніў работу тутэйшых аграрыяў і паабяцаў дапамагчы з тэхнікай. «Базавыя гаспадаркі мы падтрымліваем», — сказаў ён. Ужо праз тры дні прадстаўнікі «Зары» адправіліся на «Гомсельмаш» за новай тэхнікай. У сезон на яе попыт такі, што без пратэжэ ў асобе кіраўніка дзяржавы прыйшлося б чакаць некалькі месяцаў.



Убачыць тэхніку ў рабоце, на жаль, не атрымалася. Дождж, як капрызная дама, то спыняўся, то зноў ішоў. У поле каля вёскі Булыжыцы, дзе ідзе ўборка азімага ячменю мы ўсё ж такі з’ездзілі. Камбайны стаяць на баявых пазіцыях, але вакол вада. Перш чым пачаць работу, трэба некалькі гадзін, каб поле крыху падсохла, патлумачылі спецыялісты.

Трактарыст-машыніст Сяргей Алянкоў у ліку найлепшых механізатараў гаспадаркі. Адзін з новых камбайнаў замацаваны за ім. Перажывае, што з-за дажджу прыходзіцца адкладваць работу. Ён жа гэты ячмень і сеяў, ураджай атрымаўся добры — аж 70 цэнтнераў з гектара.

2.jpg

— Надвор’е — адзінае, на што мы не можам паўплываць, — уздыхае Сяргей. — Калі мокра, не папрацуеш, трэба чакаць.

Да размовы далучаецца галоўны інжынер ЗАТ Ягор Осінцаў, які адказвае за арганіза-цыю работы мехдвара. Ён вельмі задаволены, што атрымалася папоўніць калгасны аўтапарк.

3.jpg

— Прэзідэнт пачуў, што ў нас вялікія ўборачныя тэрыторыі — 5300 гектараў зерневых — і дапамог, — кажа ён. — У нас адзін такі камбайн ужо быў, добра сябе паказаў у рабоце. Чатыры з паловай тысячы тон кукурузы за месяц на ім намалацілі — гэта вельмі шмат. І ні разу не зламаўся.

Тры збожжаўборачных камбайны «Палессе GS2124», якія набыла гаспадарка, лічацца самымі магутнымі з лінейкі «Гомсельмаша»: энерганасычаныя, ротарныя з дзевяцімятровай жняяркай, маюць добрую прапускную здольнасць. Галоўны інжынер кажа, што, калі даўкамплектаваць іх электрапрывадам Trіmble, яны будуць працаваць на аўтапілоце. У гаспадарцы такая тэхніка, дарэчы, ёсць — камбайн «John Deere», зерневыя і кукурузныя сеялкі, апрысквальнікі. Вельмі зручна. Пры апрацоўцы палёў вялікая эканомія хіміі атрымліваецца. Разумная тэхніка адмаўляецца паўторна ўносіць угнаенні — адключаецца аўтаматычна. І механізатару зручней — не трэба рулём утрымліваць палоску, каб агрэгат ішоў роўна, бо за яго гэта робіць аўтапілот.

— Сёлета шмат стаім з-за дажджу. Як толькі сціхае, усе адразу ж ляцяць на поле, — расказвае Ягор. — Напярэдадні толькі а другой гадзіне дня выехалі, а ў пяць ужо прыпыніліся — зноў дождж пайшоў. Але ўсё прыбяром у тэрмін, не сумнявайцеся. Гэта такі цуд будзе, сакрэт нашай арганізацыі.

Пакуль ішлі з Сяргеем Алянковым да яго камбайна, сто разоў сябе папракнула за абраны ў камандзіроўку абутак: белыя падэшвы адразу змянілі колер. Але ж вельмі хацелася пасядзець унутры «прэзідэнцкага» камбайна. Сапраўды, вельмі ўтульная машына. Кругавы агляд, унутры ўсё сучаснае.

— Тэхніка цалкам разумная, — удакладняе трактарыст-машыніст. — Ёсць сістэма клі-мат-кантролю, стаяць дадатковыя відэакамеры — на загрузку, на выгрузку, задні ход. Міма прычэпа збожжа не высыпеш. Больш дасканалы камп’ютар, джойсцік.

Навука кіравання камбайнам няпростая. Трэба ведаць не толькі на якія кнопкі ціс-нуць, але і як зерне праходзіць праз механізмы, умець адрэгуляваць працэс, каб не было страт, разумець, як прыбіраць палегліцу. У Сяргея Алянкова вопыт вялікі, ён гэту азбуку на-зубок ведае і працуе на розных відах тэхнікі. Акрамя новага камбайна пад яго даглядам яшчэ некалькі машын. У гаспадарцы ўсе механізатары працуюць па такім прынцыпе. Раніца пачынаецца з агляду тэхнікі. Яе чысцяць, правяраюць на працаздольнасць, і толькі потым выязджаюць у поле.

— Старыя камбайны трэба было яшчэ і змазаць, — расказвае пра асаблівасці працы Сяргей. — Новыя абсталяваныя сістэмай цэнтральнай змазкі і самі аўтаматычна прамазваюць неабходныя механізмы. Але ўсё роўна трэба кантраляваць. Бываюць розныя нюансы.

Што датычыцца надвор’я, то, як прызнаецца суразмоўнік, яму прыходзілася і цяжэйшыя перыяды перажываць. Кажа, што і на тросах камбайны цягалі, і на буксіры ездзілі, і машыны з-за бездарожжа не маглі пад’ехаць — самі вывозілі ўраджай.

— У параўнанні з мінулым годам гэты, канешне, нашмат цяжэй, — разважае Сяргей. — Летась наогул было суха, прыбралі хутка. Сёлета прыйдзецца збожжа дасушваць. Але камбайнеры да ўсяго звыклыя. У гарачую пару мы заўсёды працавалі ад цямна да цямна. На маёй памяці дык і да двух гадзін ночы. Але ж заўсёды ўсё ўбіралі. І сёлета ўбяром. Адпачы-ваць будзем зімой, а летам не да выхадных.

Пра свае рэкорды Сяргей сціпла маўчыць. Але першы рубеж у 1000 тон спадзяецца хутка пераадолець. Дождж калісьці ўсё ж такі скончыцца.

Работу гаспадаркі надвор’е між тым не паралізавала. З палёў вывозіцца салома, заво-зіцца арганіка, ідзе падрыхтоўка да пасеву рапсу, рамантуецца тэхніка — у канторы ніхто без справы не сядзіць. Каб пагутарыць з маладым спецыялістам Віталем Чаркасавым, які вось амаль год працуе тут пасля Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі галоўным аграно-мам аддзялення Рэчкі, прыйшлося некаторы час пачакаць на зернетаку. Гаспадарка забяспечыла яго кватэрай з мэбляй і нават дала машыну — толькі працуй. І Віталь стараецца. Цікава, што сам малады чалавек нарадзіўся і вырас у Гомелі, але лёс закінуў на палі агракамбіна-та «Зара». Прызнаецца, што да сваёй мары ішоў мэтанакіравана і з гаспадаркай пашчасціла.

IMG_20250721_150630.jpg

— Усім забяспечылі, усё ёсць, абеды з вясны да восені бясплатныя, заробак годны, — усміхаецца суразмоўнік. — Вельмі ганаруся, што абраў такую прафесію. Напэўна, бацькоў-скія гены спрацавалі. Дзяды на Гомельшчыне былі аграномамі. Можна сказаць, я патомны аграном праз пакаленне. Падабаецца, што тут пастаянны рух, імклівы кар’ерны рост (Віталь у спісе рэзервістаў на пасаду кіраўніка. — «Зв.»). Мне расказвалі, што сельская гаспадарка — гэта перспектыўна, але я і не ведаў, наколькі!

Галоўны аграном участка Бракава Дзяніс Паўлоўскі, настаўнік Віталя, чалавек строгі. Без гэтага, кажа ён, нельга.

1753185219684.jpg

— Заўсёды маладым спецыялістам кажу пра наступствы, каб ведалі, да чаго могуць прывесці памылкі, — рэзюмуе ён. — Адказнасць вельмі вялікая. Недапушчальна, каб тэхніка прастойвала па віне агранома, гэта адразу адаб’ецца на эканоміцы гаспадаркі. Асабліва важна памятаць пра гэта падчас уборачнай. У «Зары» не расслабішся, гэта вельмі жорсткая школа. Затое і вынік ёсць.

P. S.

1.jpg

Агракамбінат «Зара» падкупляе яшчэ і тым, што тут заўсёды дагледжаная тэрыторыя. Каля адміністратыўнага будынка квітнеюць ружы, хосты, петуніі, шмат дэкаратыўных раслін. Адчуваецца, што гаспадарка, якая пры кіраўніцтве кавалера ордэна Айчыны ІІІ ступені Леаніда Маісеева грымела на ўвесь Савецкі Саюз, у добрых руках. Яго вучаніца, сённяшні гендырэктар Кацярына Зароўская, трымае высокія пазіцыі. Гэта ж адзначыў пры наведванні агракамбіната і Прэзідэнт. Напаследак не ўтрымалася, каб не зрабіць кадр з тэхнікам па азе-ляненні Міхаілам Макарам, які абкошваў тэрыторыю. Сёлета ж Год добраўпарадкавання — і тут пра гэта не забываюць. Устанавілі новы білборд, яшчэ больш пасадзілі кветак, захоўваюць парадак на газонах. Магчыма, для кагосьці гэта дробязі. А па мне так — гонар за Радзіму.

Нэлі ЗІГУЛЯ,

фота аўтара.

Магілёўскі раён.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю