Top.Mail.Ru

Зберагчы тое, што маем

На калядныя святы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску. Размаўляючы з прыхаджанамі і святарамі, кіраўнік дзяржавы акрамя іншых падняў пытанне будаўніцтва дарог. «Мною пастаўлена задача — усе раённыя цэнтры, у тым ліку Лагойск, з аграгарадкамі павінны быць звязаныя дарогамі з цвёрдым пакрыццём», — заявіў ён. Раней, у 2024 годзе, на кастрычніцкай нарадзе па пытаннях развіцця сеткі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог Прэзідэнт падкрэсліў, што стан аўтамабільных дарог — найважнейшае пытанне для беларусаў, і засяродзіў увагу на тым, што 2025-ы — завяршальны для чарговай пяцігодкі дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі», галоўнай мэтай якой было і застаецца падтрыманне ў добрым стане асноўных аўтамабільных трас краіны.


Аб тым, наколькі паспяхова гэта ўдаецца дарожным арганізацыям Беларусі і аб планах па развіцці дарожнай сеткі — размова з начальнікам упраўлення развіцця аўтамабільных дарог Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Леанідам ЗЯНКЕВІЧАМ.

— Леанід Славаміравіч, як вы ацэньваеце сённяшні стан транспартных артэрый краіны?

— За апошнія дзесяцігоддзі нагрузка на беларускія дарогі істотна ўзрасла. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: у дзясяткі, а то і больш разоў вырас транспартны паток, грузавыя аўтамабілі прыкметна пацяжэлі. Менавіта праезд грузавых аўтамабіляў аказвае найбольшае ўздзеянне на дарожнае пакрыццё. Звышнарматыўныя восевыя нагрузкі, натуральна, прыводзяць да заўчаснага разбурэння канструкцый дарожнага адзення. Каб прывесці дарогі да нарматыўных патрабаванняў, неабходны немалыя ўкладанні, што, у сваю чаргу, прыводзіць да росту фінансавых выдаткаў дарожных арганізацый. Таму прынята рашэнне ў наступнай пяцігодцы асаблівую ўвагу аддаваць рамонту дарог на найбольш запатрабаваных участках з давядзеннем дапушчальнай нагрузкі на вось да 11,5 тоны.

— Якая працягласць і шчыльнасць сеткі аўтадарог у нашай краіне?

— Сетка аўтамабільных дарог агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь ужо сфарміравана і складае 86,5 тысячы кіламетраў. З іх рэспубліканскіх дарог — 15,3 тысячы кіламетраў, мясцовых — 70,6 тысячы. Калі ісці далей па статыстыцы, цвёрдае пакрыццё маюць 76,6 тысячы кіламетраў дарог — гэта 89 %, у тым ліку ўдасканаленае пакрыццё, то-бок асфальтабетоннае, цэментабетоннае, чорнае жвіровае і чорнае шчэбеневае складае 49,6 тысячы кіламетра, ці 57 %.
За 27 гадоў працягласць сеткі дарог агульнага карыстання, а мы бяром перыяд з 1997-га — года прыняцця першай дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі», узрасла ў 1,6 раза і стала даўжэйшай на 33,2 тысячы кіламетраў. Гэта вялікая лічба. Мясцовая сетка не нашмат адстала і павялічылася на 32,7 тысячы кіламетраў.

На сёння на дарогах агульнага карыстання — 5220 мастоў і пуцеправодаў агульнай працягласцю 186 кіламетраў. З іх на рэспубліканскіх дарогах — 2248 аб’ектаў маставой будоўлі працягласцю 107 кіламетраў, на мясцовых — 2972 працягласцю 79 кіламетраў. Жыхары краіны ўжо прывыклі да добрай традыцыі, калі кожны год да лістападаўскіх свят у Беларусі адкрываецца рух па новым альбо капітальна адрамантаваным дарожным аб’екце — мосце, пуцеправодзе, дарозе. У 2024 годзе ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты рух па рэканструяваным участку аўтамабільнай дарогі М-3 ад Лагойска да Плешчаніц, а таксама па ўчастку дарогі Р-46 ад Сарочына да Полацка. Дарэчы, на гэтым участку была павялічана і нагрузка на вось.

— Наступіўшы год завяршае чарговую пяцігодку дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі». Якіх вынікаў дасягнулі? Як за гэты час змяніліся і самі дарогі, і тэхналогіі іх будаўніцтва і рамонту?

— Калі коратка, то ў цэлым мы выканалі паказчыкі праграмы. Калі шырэй, то ў 2023 годзе аўтамабільных дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння адрамантавана ў паўтара раза больш, чым у папярэднім — болей як 3 тысячы кіламетраў. 

У 2024-м адрамантавана больш за пяць тысяч кіламетраў дарог рэспубліканскага і мясцовага значэнняў. Таксама ў мінулым годзе мостабудаўнікі аднавілі 119 маставых збудаванняў, у 2023 годзе іх было 107.

На 2025-ы год у дарожнікаў планы не менш амбіцыйныя, набраны тэмп па аб’ёмах рамонту і мадэрнізацыі дарожнай інфраструктуры плануем захаваць.

— Ці можна ўжо сёння назваць прыярытэтныя задачы на наступную пяцігадовую праграму?

— Адзначу яшчэ раз, што сетка аўтамабільных дарог краіны ўжо сфарміравана і новая праграма, як і дзеючая, у першую чаргу будзе накіравана на захаванне таго, што маем. Асобна, як і даручаў Прэзідэнт, будуць вызначаны дарогі з цэментабетонным пакрыццём. Асаблівая ўвага таксама будзе аддадзена пераводу дарог са жвіровым пакрыццём ад аграгарадкоў да райцэнтраў у дарогі з удасканаленым пакрыццём. У дзяржаўную праграму будуць уключаны рэканструкцыя і ўзвядзенне аўтамабільных дарог, якія з’яўляюцца ўчасткамі транспартных калідораў «Захад — Усход» і «Поўнач — Поўдзень» і іх працягаў.

Яшчэ адна з важных задач звязана з участкамі дарог з недастатковай апорнай здольнасцю 6–10 тон на вось, што праходзяць у раёнах размяшчэння буйных вытворчых прадпрыемстваў, якія перавозяць сваю прадукцыю цяжкавагавымі транспартнымі сродкамі. У найбліжэйшай перспектыве плануем павялічыць аб’ёмы рамонтных работ, каб не толькі захаваць, але і палепшыць такія дарогі. А пры правядзенні капітальных рамонтаў павялічваць на іх максімальную нагрузку на вось да 11,5 тоны. Таксама перагледзім сітуацыю з маставымі збудаваннямі, якія не адпавядаюць нарматыўным патрабаванням па грузападымальнасці.
Сёння найбольшая інтэнсіўнасць руху, у тым ліку цяжкавагавага аўтатранспарту, назіраецца паблізу Мінска. Каб забяспечыць сталіцы экалагічную бяспеку, а дарогам — устойлівасць да высокіх нагрузак, даўгавечнасць і адсутнасць каляіны, у найбліжэйшыя гады плануецца перавесці асноўныя выхады з Мінска, у межах другой КАД, у аўтамабільныя дарогі з цэментабетонным пакрыццём. 

— Вопыт выкарыстання цэментабетоннага дарожнага пакрыцця быў ужыты пры будаўніцтве другой мінскай кальцавой аўтадарогі. Наколькі ён стаў паспяховым і дзе яшчэ знайшоў ці знойдзе прымяненне?

— Перад пачаткам рэканструкцыі любой аўтадарогі вызначаецца эканамічная мэтазгоднасць таго ці іншага тыпу пакрыцця. Практыка паказала, што ў любых кліматычных умовах і пры любой інтэнсіўнасці руху цэментабетоннае пакрыццё з’яўляецца больш даўгавечным, чым асфальтабетоннае. Найбольш эфектыўнае прымяненне гэтага матэрыялу — пры ўзвядзенні новых дарог і рэканструкцыі існуючых, напрыклад, пры пашырэнні іх да чатырох і болей палос пры магчымасці скіду руху транзітнага транспарту на суседнія палосы.

А вось укладваць такое пакрыццё на ўжо існуючых двухпалосных аўтадарогах, калі адсутнічае магчымасць скіду руху, немэтазгодна. Растлумачу: час набору трываласці ўладкаванага цэментабетоннага пакрыцця даволі доўгі — амаль цэлы месяц. На такіх дарогах узнікае неабходнасць пабудовы часовых аб’ездаў. Гэта дорага, таму ў такіх выпадках перавага аддаецца асфальтабетону.

Што датычыцца далейшага выкарыстання цэментабетону, то ў наступнай пяцігодцы, з 2026 да 2030 года, плануецца рэканструя-
ваць каля 250 кіламетраў рэспубліканскіх дарог і 200 з іх будуць з цэментабетонным пакрыццём.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю