Top.Mail.Ru

Збожжавыя — на фінішы, кукуруза — на старце

Уборачны канвеер працуе бесперапынна і зладжана

Паспяхова завяршыць уборку збожжавых і зернебабовых культур — галоўная задача аграрыяў на сённяшні дзень. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання ўпэўнены, што справяцца з ёй на працягу некалькіх пагодлівых дзён. Паралельна працягваецца ўборка грэчкі, проса, лубіну. Набірае абароты збор ураджаю гародніны. Весткі з палёў абнадзейваюць.

Грэчка, лубін, лён

На палях сёння застаецца каля 13 тысяч гектараў грэчкі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Мікалай ЛЕШЫК:

— Крыху больш за тысячу гектараў проса і яшчэ адной зернебабовай культуры — лубіну, які з прычыны сваіх біялагічных асаблівасцяў спее пазней за астатнія.

Яшчэ і кукурузу трэба ўбраць на плошчы 390 тысяч гектараў. Звычайна аграрыі вельмі асцярожна даюць прагнозы на ўраджай, тым не менш кукурузнага зерня плануецца нарыхтаваць каля 2,3 мільёна тон. А на сілас і зялёны корм кукуруза ўжо ўбраная з 8 % плошчаў — з 77 тысяч гектараў.

— Уборка лёну, нашай стратэгічнай культуры, пакуль яшчэ не завершана, — кажа Мікалай Лешык. — На 4 верасня паднята 52 % ільнотрасты, але ў сітуацыю ўмешваецца надвор’е.

Па словах спецыяліста, лён хваравіта рэагуе на моцныя дажджы з ветрам — ад лішку вільгаці яго тонкія сцёблы палягаюць, і яго цяжка ўбіраць. Аднак уборка гэтай культуры будзе завершана да 25 верасня, як таго і патрабуюць тэхнічныя рэгламенты, перакананы Мікалай Уладзіміравіч.

Цукровыя буракі, бульба, яблыкі

Працягваецца ўборка цукровых буракоў. На сённяшні дзень убрана 12 % плошчаў, або 13 тысяч гектараў ад плана ў 109 тысяч. Накапана 517 тысяч тон караняплодаў пры сярэдняй ураджайнасці 409 цэнтнераў з гектара.

— Салодкія карані сёлета пачалі ўбіраць раней на пяць дзён, каб у аптымальныя тэрміны завяршыць уборку і звоз з палёў караняплодаў і забяспечыць раўнамерную загрузку перапрацоўчых прадпрыемстваў. Чаканы валавы збор гэтай культуры — 5,8 мільёна тон, — праінфармаваў Мікалай Лешык.

Не спыняецца праца і ў палях з агароднінай.

— Усяго ва ўліковым сектары ўбрана каля 27 % плошчаў — 2100 гектараў, з якіх 1600 гектараў прыпадае на зялёны гарошак. Прадукцыя ранніх сартоў са жніўня паступае на паліцы гандлёвых арганізацый, — канстатаваў прадстаўнік Мінсельгасхарча.

А вось тэмпы ўборкі бульбы, паводле яго слоў, пакуль нязначныя:

— Калі браць статыстыку папярэдніх гадоў, вытворчасць у асабістых падсобных гаспадарках ацэньваецца на ўзроўні 3 мільёнаў тон, а ў буйных сельскагаспадарчых і фермерскіх гаспадарках — у межах 900 тысяч — 1 мільёна тон. У стабілізацыйныя фонды будзе накіравана 60 тысяч тон бульбы.

Акрамя таго, актыўна збіраюцца кабачкі, спаржа, раннія сарты капусты, цыбулі, сталовых буракоў і морквы. Уся прадукцыя ранніх сартоў са жніўня бесперабойна паступае ў гандлёвыя сеткі, сведчыць спецыяліст.

Гатовы аграрыі і да збору беларускіх кавуноў. А вось яблыкі ранніх сартоў ужо збіраюць — на 4 верасня іх ураджай склаў каля 7 тысяч тон. Сакавітыя плады пастаўляюцца і на прылаўкі магазінаў, і на перапрацоўчыя прадпрыемствы.

Што з дзяржзаказам?

Па асноўных культурах збожжавых практычна завершана пастаўка ўраджаю па дзяржзаказе, адзначыў Мікалай Лешык:

— Па агародніннай прадукцыі ў дзяржзаказ уключаны агуркі і памідоры, якія будуць вырошчвацца ў міжсезонны перыяд сучаснымі цяплічнымі камбінатамі, мадэрнізаванымі або пабудаванымі з дапамогай дзяржавы. 

У стабілізацыйны фонд будзе закладзена каля 27 тысяч тон яблыкаў.

Падмурак будучага ўраджаю

Разам з уборачнай кампаніяй работнікі аграрнай галіны закладваюць падмурак будучага ўраджаю. Сяўба азімага рапсу ўжо завершана, працаўнікі палёў прыступілі да сяўбы азімых збожжавых культур на зерне. Для гэтага ў наяўнасці маецца 281 тысяча тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў — азотных, фосфарных і калійных, што складае 163 % да плана.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю