Нацыянальная культура — падмурак, на якім узрастае асоба, а з ёю — нацыя. Традыцыі і пераемнасць культуры фарміраваліся стагоддзямі, тым і каштоўныя.
Вядучыя вучоныя-гуманітарыі нашай краіны, у першую чаргу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, мясцовай творчай інтэлігенцыі сабраліся, каб асэнсаваць у сваіх даследаваннях багатую гістарычную спадчыну народа, невычэрпную крыніцу натхнення і здабыткаў. Аўтарытэтна гучаць дасягненні прадстаўнікоў беларускай гуманітарнай навукі, якая адыгрывае найважнейшую ролю ў кансалідацыі грамадства. За першае паўгоддзе бягучага года вучонымі аддзялення гуманітарных навук і мастацтва НАН Беларусі было апублікавана звыш пяцісот навуковых прац, 60 апытанняў, больш за 400 навуковых артыкулаў, арганізавана 200 грамадска-палітычных мерапрыемстваў, прывёў звесткі дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Лакотка. Высокую ўзнагароду, міжнародную прэмію «Урокі Садружнасці» за 2023 год атрымаў калектыў Інстытута мовазнаўства за выдатны ўклад і дасягненні ў галіне навукі і адукацыі. Сёлета краіна адзначае 30-годдзе Прэзідэнцтва — знакавы на шляху суверэннай дзяржавы.
— Трыццацігоддзе Прэзідэнцтва — пачатак эпохі, гісторыі нашай краіны, ставіць важныя задачы вырашэння фундаментальных праблем перш-наперш паходжання беларускага народа, этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў, новых поглядаў на спадчыну матэрыяльнай і духоўнай культуры, — адзначыў Аляксандр Лакотка. — Гэта знайшло адлюстраванне ў 13-томным выданні «Беларусы», якое шырока вядома і было адзначана ў свой час (у 2008 годзе) прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Менавіта ў гэтай рабоце знайшла адлюстраванне новая канцэпцыя паходжання беларускага народа — як народа са сваімі каранямі, гісторыяй, этапамі гістарычнага развіцця. Створана шырокая сістэма поглядаў на паходжанне народа ў яго сацыяльнай разнастайнасці. Сацыяльны склад нашага народа адрозніваецца адзінствам, гістарычнай памяццю, імкненнем да захавання незалежнасці.
Выступае Іван Саверчанка
Істотны штуршок да гэтага — стварэнне фундаментальнай шматтомнай працы па гісторыі гарадоў і вёсак Беларусі, адзначае Аляксандр Лакотка: «Упершыню ў навуковых даследаваннях такога роду больш чым за 30 гадоў адкрыты экспедыцыйныя звесткі па больш чым 24 тысячах населеных пунктаў Беларусі: хутары, вёскі, сёлы, мястэчкі, гарады з першага ўпамінання ў архіўных летапісаных інвентарных крыніцах, іх тэрытарыяльнае, гаспадарчае, сацыяльнае развіццё. Калі ўзяць у маштабах былога СССР, такая праца была зроблена ўпершыню. І гэты шматтомнік адзначаны ў 2022 годзе прэміяй „За духоўнае адраджэнне“».
Тэма паходжання назваў паселішчаў знайшла адлюстраванне ў даследаваннях начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта, географа, краязнаўца Аляксандра Велікасельца:
— Івацэвіцкі раён займае тры тысячы км. кв., трэці ў Брэсцкай вобласці па велічыні пасля Століна і Пінска, — расказвае Аляксандр Фёдаравіч. — Наш раён з’явіўся ў 1947 годзе, а спачатку гэта быў Быценскі раён Баранавіцкай вобласці, Косаўскі раён Брэсцкай вобласці, Целяханскі раён Пінскай вобласці. Належаў то Мінскай губерні, то Гродзенскай. Увесь час дзяліўся. Прычыны гэтага, думаю, прыродныя: адна частка ўзвышаная, другая, Палессе, паніжаная. На Палессі вёскі вялікія, далёка адна ад адной. У заходняй частцы, узвышанай, вёсак шмат, але меншыя, блізка адна ад адной. Усяго на тэрыторыі раёна 112 населеных пунктаў.
Першае ўпамінанне аб Івацэвічах адносіцца да 26 мая 1519 года. Раён старажытны, тут ёсць першабытныя стаянкі Дабрынева, Бабровічы (10–12 тыс. гадоў назад). Шмат, на жаль, зніклых паселішчаў: Вяда, Тупічыцы, Красніца, Тулашына, Зацішша, Чыжыкі, Міхалін, Мацяёўка, Грудопаль, Ланцаў Лог і іншыя, прыводзіць звесткі Аляксандр Велікаселец. Вёскі зніклі ў час вайны, карных аперацый і не ўзнавіліся. Затое ўзніклі новыя: Зялёны Бор, Сасновы Бор, Майск (былыя Саневічы). Адкуль паходзіць гістарычная аснова назвы? Напрыклад, вёска Ятвезь (першае ўпамінанне ў 1559 годзе), лічыць Аляксандр Фёдаравіч, ад назвы заходнебалцкага народа яцвяг, вёска Жэмайдзякі (1490 г.) — ад балцкага племені жамойтаў, вёска Аброва (1516 г.) — ад цюркскага племені качэўнікаў обраў-авараў, вёска Альба (1632 г.) — ад назвы белай рызы манахаў-уніятаў.
Цікава прасачыць узнікненне назваў гідронімаў, у аснове якіх — старажытныя назвы рэк, азёр. Да іх А. Велікаселец адносіць вёскі: Грыўда, Була, Бусяж, Рэчкі, Азярцо, Альшаніца, Аўсто, Дубітава, Хадакі, адзначаючы, што рэчак цяпер у Беларусі больш за 10 тысяч: «А 500 гадоў таму было ўдвая больш. Вельмі шмат іх згадваецца ў рэвізіі „Пушчы і пераходы звярыныя“, зробленай у сярэдзіне ХVІ стагоддзі. Большасць назваў балцкага паходжання». Усе межы праходзілі па рэчках. Грыўда атрымала такую назву, бо звілістая: то пад Івацэвічамі, то за Любішчыцамі, то зноў сюды вяртаецца, 80 з гакам км яе даўжыня. Пачынаецца недалёка ад Івацэвіч і вяртаецца пад Быцень да Шчары. Дарэчы, рэчка каля Дома культуры называецца Сырамянка.
Яшчэ частка назваў вёсак звязана з карыснымі выкапнямі. Пачала развівацца прамысловасць, і каля заводаў з’явіліся пасяленні. Адпаведныя назвы: Руда, Рудня (Целяханская), Рудня (Быценская), Глінная, Глінішча, Амяльная. Руда і Рудня — месцы, дзе былі залежы балотнай руды (ліманіт), недалёка ад Гліннай і Амяльной — гліны і мелу. У ХХ ст. каля Амяльной быў завод, здабывалі вапну і мел. Атрымлівалі назвы паселішчы і па родзе рамёстваў: Кушняры (апрацоўка футра, аўчын), Скураты, Гладышы, Даргужы (агароднікі, з літоўскай мовы), Гутка, Гута-Міхалін (выплаўка шкла), Халап’я (абслугоўвалі сядзібу ў Івацэвічах). Па назвах раслін, жывёл: вёскі Елкі, Яблынька, Лазаўцы, Турная, Бабровічы, Соміна, Манцюты, Сакоўцы. Па прозвішчах, мянушках: Яглевічы, Хадоркі, Куляшы, Юкавічы, Югалін, Міхнавічы, Аляксейкі, Няхачава, Івацэвічы...
Гэты народны скарб дае магчымасць зразумець сучаснасць. «Не было б маіх напрацовак, калі б не даследаванні краязнаўцы Алеся Зайкі, увасобленыя ў кнігу „Населеныя пункты Івацэвіччыны“, — прызнаўся Аляксандр Велікаселец. — Шмат мы з ім супрацоўнічалі. Алеся Зайкі няма ўжо шэсць гадоў, але помнік ён стварыў сабе сваімі кнігамі».
— Кніга і навуковыя даследаванні — асноўная крыніца па захаванні гістарычнай спадчыны, — перакананы начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч. — Менавіта на Берасцейскай зямлі ўзнікла першая друкарня, дзе свет пабачыла Брэсцкая Біблія. Выдаўцы і цяпер раўняюцца на рупліўцаў, якія ўжо ў той час рабілі такую вялікую справу. Дзякуючы Скарыну Біблія стала даступная масаваму люду. Івацэвічы нясуць важкі культурны здабытак у скарбонку беларускай культуры: і ткацтва, і вышыванка, і назвы вёсак... Чаго толькі варта Святая Воля!
Яна, па звестках з кнігі Алеся Зайкі, узнікла пасля правядзення зямельнай рэформы 1557 года, вядомай як «Устава на валокі». Нераздадзеныя валокі заставаліся вольнымі, адсюль і назва. А Святая, бо, верагодна, вольныя валокі памешчык падараваў царкве. Займальна паглыбляцца ў гісторыю!
— Мы адбыліся як славянская нацыя са сваімі мовай і культурай, здабыткамі, — заўважае дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка. — Задача пісьменнікаў, творцаў — паказаць, які шлях прайшоў наш народ, дзякуючы якім асобам, падзеям наша нацыя стала кансалідаванай, адзінай, накіраванай у будучыню.
Пісьменнік сёння — светач, які ўказвае напрамак словам, што мацавалася на працягу доўкіх гадоў.
— Я нарадзіўся ў вёсцы, там жа вырас, наўкола асабліва ніхто не чытаў, а для мяне чытанне было галоўным заняткам, ды на шкоду ўсім астатнім справам: пашлюць пасці кароў — я з кніжкай, захаплюся — не ўбачу, куды каровы пайшлі, — успамінае літаратуразнаўца, крытык, гісторык культуры, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота. — Дзесяцікласніку, які хадзіў у школу за восем кіламетраў, даручылі з бібліятэкі прыносіць мех кніг. Іх ніхто не чытаў, акрамя мяне, васьмігадовага. Там маглі быць класікі марксізму-ленінізму, класікі французскай літаратуры, кітайскія казкі. Я ў школу пайшоў за тры гады да палёту Юрыя Гагарына ў космас. Мае равеснікі ўсе казалі, што будуць касманаўтамі, лётчыкамі, а я хацеў стаць літаратурным крытыкам.
— Літаратура як мастацтва — гэта падручнік жыцця, і ў стварэнні гэтага падручніка ўдзельнічаюць у першую чаргу пісьменнікі, — упэўнены старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. — Але творы не стануць сапраўдным падручнікам жыцця, калі не маюць навуковага падмурку. Таму дзейнасць пісьменнікаў, навукоўцаў, якія вывучаюць гісторыю літаратуры, займаюцца літаратурнай крытыкай, у адзінстве працуюць на падручнік жыцця.
Гэтай працай займаюцца і музеі. Гісторыя Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея пачынаецца ў 1965 годзе, калі па асабістым указе Пятра Машэрава для маці нацыянальнага героя Мікалая Гойшыка Вольгі Андрэеўны пабудавалі домік. Тут яна абсталявала невялікі мемарыяльны пакой у памяць свайго сына. 16 сакавіка 1993 года па рашэнні Івацэвіцкага райвыканкама на базе народнага музея піянера-героя Мікалая Гойшыка быў адкрыты раённы гісторыка-краязнаўчы музей. На сёння тут 6509 адзінак захоўвання.
Гонар музея — мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», які знаходзіцца за 26 км ад горада ў карачанскіх лясах урочышча Хаваншчына. У 1943–1944 гадах тут знаходзіўся штаб Брэсцкага абласнога партызанскага злучэння, падпольная рэдакцыя газеты «Заря», абкам ЛКСМБ, лясная школа. З 1945 года кожную апошнюю нядзелю мая там праводзяцца ўрачыстыя сустрэча ветэранаў. У 1971 годзе рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу ініцыяваў былы начальнік штаба брэсцкага партызанскага злучэння Павел Пранягін. «Хаваншчынская маёўка перарасла ў фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі: кожны год збіраецца каля 2-3 тысяч наведвальнікаў, — адзначае загадчык мемарыяльнага комплексу партызанскай славы „Хаваншчына“ Сяргей Мачалаў. — Цяпер на тэрыторыі комплексу знаходзіцца дзве зямлянкі, чатыры пабудовы, якія захаваліся з 1971 года. Працуе пастаянная экспазіцыя, усе аб’екты музеефікаваны». Лёсавызначальная старонка ў гісторыі Хаваншчыны — дзейнасць рэдакцыі газеты «Заря».
— Калі немцы даведаліся, што тут выдаецца газета, для іх гэта было жахам, — расказвае музейны наглядчык Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Мікалай Зыбайла. — Яны спярша падумалі, што газета друкуецца ў Маскве, а на балоты партызанам скідваецца самалётам. Але калі яны знайшлі газету за нумарам 25, а потым — за нумарам 26, зразумелі, што друкарня дзесьці побач. На Хаваншчыну яны дабрацца ніяк не маглі: глыбокія балоты. Кладку ведалі толькі партызаны. Яна была затоплена на 15 см, і з самалёта не відаць. Вясной 1943 года за 50 км ад горада Любані на сакрэтны ваенны аэрадром высадзіўся атрад у складзе будучага рэдактара гэтай газеты Васіля Каліберава. Была і начальнік цэха Віцебскага паліграфічнага камбіната. Уяўляеце, дзе Любань? Яны 600 км дабіраліся сюды па лясах. На плячах неслі 30 кг тыпаграфскага абсталявання, фарбы, зброю і харчаванне. На першай стронцы «Зари» чытаем: «Прачытаў — перадай іншаму». Газету зачытвалі да дзір, натхняючыся весткамі пра перамогі. «Заря» была своеасаблівым баявым клічам«.
Так працавала інфармацыя, якая служыла не менш значнай зброяй, чым вінтоўка. Сёння інфармацыя таксама з’яўляецца матыватарам, але часта разбуральным, калі ў сеціве распаўсюджваюцца ўкіды негатыўнага характару, перапісваюцца гістарычныя факты, ад чаго выбівае глебу з-пад ног. Таму вялікае значэнне сёння мае духоўная культура, якая грунтуецца на гістарычнай памяці, павазе да векавых традыцый. Гэта сцвердзілі ўдзельнікі канферэнцыі. Часткі працуюць на цэлае, як асобныя органы — на ўвесь арганізм дзеля яго здароўя. Як моцныя карані дрэва даюць сілкаванне галінкам, так здабыткі рэгіёнаў працуюць на росквіт краіны.
Наталля СВЯТЛОВА
Фота аўтара