Top.Mail.Ru

Жарсці па Міле... Ці Марусі?

...Калі ў цёплы вераснёўскі дзень парог нашай школы пераступіў новы (а ўжо ж прыгожы!..) настаўнік матэматыкі Іван Лявонавіч, маладыя каляжанкі набралі ў грудзі паветра з немым воклічам: «Ах!» Потым пачулі, што чалавек жанаты, і тут жа выдыхнулі: «Вох!»


Навічок тым часам досыць лёгка ўліўся ў калектыў: умеў сказаць добры камплімент, пасмяяцца са смешнага, падбадзёрыць панурага... Словам, свой чалавек. І сябраваў ён таксама са сваімі: з гісторыкам Сямёнам Іванавічам, з фізруком Яўгенам Барысавічам. Адзінае…

У калектыве сталі заўважаць, што матэматык неяк часта заходзіць у школьную бібліятэку. За гаспадыню там была досыць мілая і абаяльная Марыя Ціханаўна, якую за вочы звалі Марусяй, бо важыла тая кілаграмаў пад дзевяноста... Вучні, праўда, на гэта зусім не зважалі, бо яна ладзіла для іх цікавыя мерапрыемствы, распытвала, ці спадабаліся прачытаныя кнігі, падбірала новыя…

Для новага матэматыка, трэба разумець, таксама?

Але ж неяк раз у яго, Івана Лявонавіча, і гісторыка Сямёна Іванавіча супалі «фортачкі». Мужчыны ўдвух сядзелі ў пустой настаўніцкай і размаўлялі. Да завуча Алены Пятроўны, якая ў сумежным кабінеце (дзверы адчынены) правярала сшыткі, даляцела кароткае:

— Ну, як у цябе з Мілай?

— Парадак, — з радасцю адказаў матэматык. — Ачухалася! Здаровенькая... Учора ўжо гулялі з ёй... А вось з Марусяй не ведаю што рабіць? Ты ж бачыў, якая тоўстая? І на прагулку не выцягнуць!

Працяг размовы заглушыў званок з урока, але і пачатку для завуча было дастаткова. «Ну, Маруся! Ну, дурніца! Закруціла раман?! А Міла? Гэта ж хто? Авохці мне — гэта ж мая нявестка?! Яна выкладае матэматыку ў школе на Першамайскай. Значыць, семінары ў іх агульныя... І ўчора яна папярэдзіла мужа, што забяжыць да маці і затрымаецца... 

Трэба нешта рабіць, — думала завуч. — Пагутарыць... Але з кім? З матэматыкам?.. Не... З жонкай! Яна, што, — сляпая? Нічога не бачыць? Дык трэба ёй вочы адкрыць, навесці парадак! З Марусяй хай будзе, як будзе, а вось Міла... Сына свайго ў крыўду не дам!»

...Пасля ўрокаў Алена Пятроўна рашуча накіравалася дамоў да матэматыка. Па дарозе думала, як прыйдзе туды, што скажа яго жонцы…

Але ж пачаць «прамову» ёй давялося раней, на вуліцы, каля газетнага кіёска, дзе Нона Фёдараўна, тая самая жонка, купляла газеты.

Жанчыны павіталіся, і Алена Пятроўна, не ведаючы з чаго пачаць, пачала з галоўнага:

— Прабачце, я хацела б пагаварыць пра Мілу і Марусю.

— Са мной?! — здзівілася Нона Фёдараўна. — Пра іх лепш з мужам…

— ?!

— ...Гэта ён у нас кашатнік. Маруська наша апошнім часам вельмі растаўсцела, аж дзевяць кілаграмаў важыць, а літаратуры па доглядзе гэтай пароды нідзе няма.

Далей Алена Пятроўна ўжо не слухала: папрасіла прабачэння, што затрымала, збіралася сысці…

— Вы ж нешта хацелі? — удакладніла жонка матэматыка.

— Ды вось думала, якой пароды кошку завесці... Параюся з Іванам Лявонавічам.

...Шчаслівая ад таго, што сям’і яе сына нічога не пагражае, завуч з лёгкім сэрцам пайшла дадому.

Зоя НАВАЕНКА

г. Глыбокае

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю