Прадстаўнікі вядучых СМІ наведалі тры прадпрыемствы — бабруйскія «Белшыну» і кіруючую кампанію холдынгу «Бабруйскаграмаш», а таксама магілёўскую «Ольсу». Усе гэтыя прадпрыемствы ў розныя гады атрымалі за свае вырабы знака якасці і працуюць над тым, каб пацвердзіць гэты статус у далейшым.
— Кампанія дзяржаўнага прысуджэння дзяржаўнага знака якасці па выніках 2026 года выйшла на фінішную прамую, — паведаміла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова. — Усе дакументы правераны, удакладнены і знаходзяцца ў Савеце міністраў для вызначэння даты пасяджэння рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі па прысуджэнні Дзяржаўнага знака якасці.

Яна паведаміла, што на вышэйшую адзнаку якасці прэтэндуе каля 260 найменняў розных відаў прадукцыі ад 150 прадпрыемстваў. Каля 44% — гэта харчовая група тавараў, 33% —вытворча-тэхнічнага прызначэння і каля 23% — тавары прамысловага прызначэння. Бяспека, тэхналагічнасць, інавацыйнасць, экалагічнасць і эстэтычнасць — гэта тыя крытэрыі, па якіх атэстацыйная камісія вызначае пераможцаў. Эстэтычнасць, дарэчы, ацэньваюць спажыўцы. Сёлета ў галасаванні на эстэтычнасць таго ці іншага вырабу ўдзельнічала 42500 спажыўцоў. Кожны мог прагаласаваць толькі за адзін тавар. Без станоўчай адзнакі спажыўца, выраб не зможа прэтэндаваць на перамогу.

— Дзяржаўны знак якасці прысуджаецца на 2 гады і на працягу гэтага часу прадпрыемства можа карыстацца ўсімі ільготамі і прэферэнцыямі, якія прапісаны ў палажэнні аб дзяржаўным знаку якасці — наносіць яго на сваю прадукцыю, маркіроўку і гэтак далей, — удакладніла Алена Маргунова. — Адпаведна, гэта і вялікая адказнасць вытворцы. І калі ён па заканчэнні двух гадоў пажадае ізноў намінавацца на атрыманне Дзяржаўнага знака якасці, то павінен прадэманстраваць ўдасканаленне працэсу вытворчасці не менш чым на 30 %.
Больш падрабязна пра тое, як працуюць над якасцю на бабруйскіх і магілёўскім прадпрыемствах, чытайце ў бліжэйшым выпуску газеты «Звязда».
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара