Top.Mail.Ru

Жыхары былой вёскі Ушакі, што на Чэрыкаўшчыне, памятаюць сваю малую радзіму

Аўтар:
Памяць з відам на Сянну

Чэрыкаўскія краявіды шмат каго прыманьваюць. Каго грыбамі, каго рыбай у рачулцы з цікавай назвай Сянна, а каго — памяццю. Былыя жыхары з вёскі Ушакі, чый лёс быў шчыльна звязаны з гэтай зямлёй, дагэтуль не могуць забыцца пра сваю малую радзіму. І хоць на гэтым месцы сёння шуміць лес, былыя жыхары вёскі з дакладнасцю да сантыметра раскажуць, што і дзе тут было ў іх бестурботным дзяцінстве. Адзін з іх — дэпутат Чэрыкаўскага райсавета Сяргей Кандзееў, які і прапанаваў абазначыць вёску.

— Па сутнасці, гэта народная ініцыятыва, пажаданне тых, чый лёс звязаны з Ушакамі, — кажа ён. — На Дзень Незалежнасці — 3 ліпеня — тут на працягу больш чым 20 гадоў сустракаюцца ўраджэнцы вёскі. Раскідала нас жыццё па розных кутках краіны. Хто з Мінска прыязджае, хто з Барысава, хто з Клічава, Краснаполля, Чэрыкава, Магілёва, Мсціслава. Не ўсе мы аднакласнікі, але ўсе тут нарадзіліся з 1973 па 1983 год. На ўездзе ў вёску ляжыць камень, на якім раней была металічная шыльда з назвай населенага пункта. Але шыльда знікла і мы вырашылі зрабіць за свой кошт банер з назвай вёскі і невялічкай інфармацыяй пра яе. Дэпутаты райсавета на чале са старшынёй Сяргеем Нямкевічам ідэю падтрымалі.

Разам з ініцыятарам едзем на месца, каб ацаніць, што атрымалася. У 90-я гады вёску, якая патрапіла ў зону забруджвання пасля чарнобыльскай аварыі, знеслі. «Жыхароў вёсак Манастырок, Ушакі, Бакуновічы, Пільня аб’ядноўваў калгас «Маладая гвардыя», — расказвае па дарозе дэпутат. — У Пільні яшчэ некалькі чалавек жыве, а астатнія вёскі цалкам выселеныя. Зараз паціху жыццё тут адраджаецца. У пэўных месцах ідзе нарыхтоўка лесу, ведаючыя людзі прыходзяць сюды ў грыбы, а нехта ездзіць на рыбалку. Вёскі няма, але паняцце «малая радзіма» ніхто не адмяняў. Мы сюды прыязджаем ужо з унукамі. Трэба, каб яны ведалі, што радзіма — гэта сур’ёзна. Не проста там нейкія падарункі жыцця, багацце, блакітная мара. З часам разумееш, што не гэта галоўнае. Галоўнае ў цябе ў сэрцы, а яно нітачкай звязана з роднай зямлёй.

Нам вельмі пашчасціла з надвор’ем. І лес, праз які мы ехалі, здаваўся жывым і ветлівым. Дарога ідзе як раз непадалёк ад урочышча Аўстоўскі Ручай, дзе знаходзіцца партызанская зямлянка. Да яе тут рукой падаць, шлях абазначаны паказальнікам. У гады вайны тут базіраваўся спачатку райкам партыі, а затым 720-ы асобны партызанскі атрад. У кастрычніку 1941 года гітлераўцы блакіравалі сакрэтнае месца, у баях загінула сакратар падпольнага райкама камсамола Надзея Слюнькіна.

А вось ужо і Ушакі. На скрыжаванні сапраўды ляжыць вялікі валун, але ад таблічкі з назвай вёскі засталося толькі невялічкае заглыбленне. Затое цяпер ёсць вялікі аншлаг, дзе інфармацыя пра Ушакі падаецца на вялікім маляўнічым фоне з выявай мастка, рэчкі і лесу.

— Гэты масток вельмі дарагі кожнаму жыхару вёскі, — кажа Сяргей Кандзееў. — На ім школьнікі сустракалі свой першы дарослы світанак. У нашай школе вучыліся дзеці з усіх чатырох вёсак. Спачатку яна была драўляная, але потым нам паклалі асфальт, пабудавалі новую школу. У пачатку 90-х яе закрылі, а дзяцей сталі вазіць вучыцца ў Чэрыкаў.

Від з мастка сапраўды ўражвае — вельмі прыгожы ландшафт. Пад ім ціха нешта шапоча маленькая Сянна — прыток Сожа. Вузенькай змейкай мільгае яна па лесе. А следам за ёй бяжыць уздагон лясная дарога — ранейшая вясковая вуліца. І як напамін на сасне шыльда з надпісам: «Падворак Маісеенка і Яскевіч, Ушакі 1991 год». Нейкім цудам у вёсцы засталіся два дамы, якія ўжо рэдка хто наведвае. Яшчэ адно жывое месца — невялічкая павець на беразе рачулкі. Калісьці тут таксама быў дом і яблыневы сад. Пад адной з яблынь і арганізаванае месца для сустрэч. Тут стаяць стол, лаўкі, нават невялічкая шафа для посуду.

— Мы гэты кавалачак зямлі даглядаем, выкошваем, прыбіраем, — з любоўю ў голасе кажа народны выбраннік. — Сустрэліся, пагутарылі і ўсё смецце, якое ёсць, з сабой забіраем. У нас тут заўсёды чыста. Раней сем’ямі прыязджалі, з палаткамі. Юшку варылі, шашлыкі смажылі, конкурсы ўсякія праводзілі — усё было выразна арганізавана. Але час ідзе — дзеці выраслі, мы пасталелі. Сёння акрамя нас ніхто і не ведае, што была такая вёска Ушакі. Наш банер будзе людзям падказкай.

Ураджэнцы вёскі не толькі сабралі грошы на аншлаг, але і самі ўстанавілі яго. Сяргею Кандзееву дапамагалі сем’і Кулагіных, Дорахавых, Шагавых, Сазонавых, Плісікавых — тыя, каму было прасцей аператыўна мабілізавацца і дабрацца. Прыехалі, прыбралі лішнюю расліннасць, устанавілі банер, зацэментавалі. «І гэта яшчэ не апошняя кропка, — кажа суразмоўнік. — Плануем зрабіць тут яшчэ лавачку і столік. Самі прыедзем, пасядзім, грыбнікі прыйдуць, крыху адпачнуць. А заадно і пра нашу вёску ўспомняць. А вясной сюды на могілкі наогул шмат людзей прыязджае. Усе ўжо ведаюць, што такі знак ёсць. І вельмі задаволеныя».

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю