Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля», якім комплексна рэгулюецца даванне такога жылля работнікам найбольш запатрабаваных у краіне прафесій. Дакумент прыняты ў мэтах развіцця перадвыбарнай праграмы кіраўніка дзяржавы аб шырокім будаўніцтве арэнднага жылля. Аб гэтым паведамілі ў прэсслужбе беларускага лідара.
У адпаведнасці з указам раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты надзелены правам вызначаць на месцах пералік спецыялістаў, у якіх мае патрэбу рэальны сектар і сацыяльная сфера рэгіёна, і прымаць рашэнні аб выдзяленні ім арэнднага жылля на падставе хадайніцтваў работадаўцаў з ліку дзяржаўных органаў і арганізацый.
Аплата за карыстанне арэндным жыллём асобам найбольш запатрабаваных прафесій, якія маюць першачарговае права на такое жыллё, будзе разлічвацца з улікам паніжальнага каэфіцыента. Указ накіраваны на павышэнне сацыяльнай абароненасці спецыялістаў розных галін эканомікі, у тым ліку якія прыбылі для работы па размеркаванні, і будзе садзейнічаць іх замацаванню на рабочых месцах.
Такім чынам у Беларусі прадаўжаецца планамерная работа па павышэнні даступнасці жылля для грамадзян. Як вядома, 1 студзеня ўступіў у дзеянне Указ Прэзідэнта ад 29 жніўня 2024 года № 344 «Аб субсідзіраванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў», якім прадугледжаны дадатковыя крыніцы фінансавання будаўніцтва і куплі арэнднага жылля. Прэферэнцыі, якія дадзены дакументам, даюць магчымасць юрыдычным асобам павялічыць аб’ёмы ўзвядзення арэнднага жылля, дапамагаюць прыцягнуць на работу маладых спецыялістаў і маладых грамадзян шляхам вырашэння жыллёвага пытання і замацаваць іх на прадпрыемствах на працяглы тэрмін, папоўніўшы гэтым дэфіцыт кваліфікаваных кадраў.
«Раней асноўнай крыніцай фінансавання ўзвядзення арэнднага жылля з’яўляліся бюджэтныя сродкі. Нягледзячы на тое, што за апошнія пяць гадоў аб’ёмы ўзвядзення арэнднага жылля за кошт бюджэтных сродкаў павялічыліся ўтрая, попыт на такое жыллё ў разы перавышае яго прапанову», — адзначылі ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва. У Мінбудархітэктуры нагадалі, што парадак выдзялення арэнднага жылля, у тым ліку катэгорыям грамадзян, якія маюць права на яго першачарговае атрыманне, замацаваны ў Жыллёвым кодэксе.
«Не сумняваюся, што ўказ пасадзейнічае замацаванню кадраў»
Лічыць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар ААТ «Беларускі цэментны завод» Ігар Сяргееў:
— Дынаміка зададзена на тое, каб на месцах у рэгіёнах, дзе запатрабаваны спецыялісты і ёсць вакансіі на тым жа прадпрыемстве — ці то энергетык, ці то інжынермеханік, ці то тэхнолаг, — замацаваць кадры, — адзначае ён. — Гэта вельмі важна, таму што ў раёнах ёсць пэўны ўзровень прамысловых магутнасцяў, якія трэба загружаць і пры гэтым выкарыстоўваць маладыя кадры для таго, каб вытворчасць паспяхова развівалася.
Указ своечасовы, дапаможа зацікавіць моладзь прыязджаць і заставацца ў невялікіх гарадах. А там сёння чакаюць не толькі прамыслоўцаў, але і педагогаў, медыкаў, іншых спецыялістаў, запатрабаваных на рынку працы.
Для моладзі заўсёды найбольшую цікавасць уяўляюць зарплата і жыллё. Гэта два роўныя пытанні. Пры забеспячэнні годнай зарплатай малады чалавек выказвае жаданне мець сваю жылплошчу. Наша прадпрыемства вырашае жыллёвае пытанне з дапамогай інтэрната. Вельмі паказальна, што Прэзідэнт з першага ж дня пасля выбараў закрануў такую актуальную тэму. Указ «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля» адкрывае новыя магчымасці. Імпануе, што кіраўнік дзяржавы не адкладвае на потым выкананне сваёй перадвыбарнай праграмы. Для маладых спецыялістаў запатрабаваных прафесій, у якіх мае патрэбу раён, гэта яшчэ адзін плюс. Плюс у тым, што па кошце такое жыллё будзе абыходзіцца танней. Паколькі, у адпаведнасці з указам, на такое жыллё прадугледжаны паніжальны каэфіцыент. Не сумняваюся, што такія прэферэнцыі пасадзейнічаюць замацаванню неабходных спецыялістаў у раёнах.
«Указ дае магчымасці манеўру»
Юрый НАРКЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў:
— Указ Прэзідэнта «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля», падпісаны 27 студзеня, дае органам улады на месцах дадатковыя магчымасці для замацавання кадраў. У кожным раёне свая сітуацыя з кадравым забеспячэннем. Здараецца, што недзе не хапае ўрачоў, у другім месцы — праблема з кадрамі педагагічнага профілю. А названы ўказ дае магчымасці манеўру — аператыўнага выдзялення кватэры патрэбнаму спецыялісту. Бо жыллёвае пытанне, як вядома, — ключ для вырашэння названай праблемы.
Асабліва гэта датычыцца сельгаспрадпрыемстваў. Сёння ў сельскай мясцовасці немагчыма замацаваць спецыяліста, калі не выдзеліш яму добраўпарадкаванае жыллё. Некаторыя гаспадаркі ўжо маюць падобны вопыт. Прыклады я назіраю ў тым ліку і ў сваёй акрузе. ААТ «РужаныАгра» Пружанскага раёна пабудавала дом з арэнднымі кватэрамі для сваіх спецыялістаў і работнікаў. Можна разлічваць на тое, што падобная практыка будзе распаўсюджвацца на большасць сельгаспрадпрыемстваў.
Варта сказаць, што названы ўказ прадыктаваны жыццём рэгіёнаў, ён саспяваў у глыбінцы. Мы, дэпутаты, працуючы кожны месяц у сваіх акругах, з кіраўнікамі раёнаў абмяркоўвалі спосабы вырашэння кадравай праблемы, затым агучвалі яе перад сваім кіраўніцтвам. Урад краіны прапрацоўваў пытанне па сваёй лініі. Інфармацыя акумулявалася ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Увесь час руку на пульсе праблемы трымаў кіраўнік дзяржавы. Нездарма ж яе вырашэнне было прадугледжана перадвыбарнай праграмай Аляксандра Лукашэнкі, і нездарма ўказ быў падпісаны ў першы дзень пасля перамогі на выбарах.
Фота з архіва Ігара СЯРГЕЕВА і БелТА