Top.Mail.Ru

«Змалку марыла Варвара: Я пайду ў ветэрынары!..»

Што было, — было: у адным горадзе, каля дарогі (трэба разумець, праз недагляд камунальнікаў?) гадамі стаяла засохлае дрэва.


Міма яго цёмным вечарам праходзіў злодзей і ледзь не памёр ад страху, бо падумаў, што гэта нехта з міліцыі.

Потым ішоў маладзён і таксама ледзь не памёр, праўда, ад шчасця, бо дрэва прыняў за постаць каханай...

Дзіця ж, настрашанае казкамі, у тым месцы проста заплакала, бо яму здалося, што каля дарогі... прывід.

А дрэва між тым было проста дрэвам. Гэта людзі бачылі ў ім, што хацелі — кожны сваё.

Вы не верыце? Тады... чытайце — чарговыя варыянты подпісаў да чарговага конкурснага здымка. Для пачатку можна зірнуць на верхні і...

Першае, што кідаецца ў вочы (прынамсі, спадару Матошку з Расоншчыны):

Прыгажунь у краі многа:

Ім — што коней запыніць,

Што пажары патушыць,

Што бульдога ці гуль дога

К свайму сэрцу прытуліць.

Там, яшчэ раз гляньце на здымак, зайздроснае месцейка! Грэх не падзівіцца (разам са спадаром Камароўскім з Оршы), грэх не зразумець відавочнага:

Ад чаго сумуюць коні?

Ды ад страчаных надзей,

Што красуня хіба, поні

Мо прыгорне да грудзей.

А вось іх — дваіх — гэта наўрад ці...

Ёсць у коней і шмат іншых падстаў для смутку.

А на думку шаноўнага Мікалая Старых з Гомеля, прасцей «зарабляць на коціках, сабачках».

Гэта — лагічная выснова, а калі ведаць расцэнкі... Ад іх і радкі:

Забалелі ў коней ногі,

Коні просяць дапамогі...

Але ветурач спачатку

Пачала лячыць сабачку.

Абяцаў ёй гаспадар

Куды большы ганарар.

Ды яшчэ і зверху, можа, «накіне» — за ўвагу, за праяўленую любоў: з яе ж, і сапраўды, усё пачынаецца.

Прыклад? Ды калі ласка — ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:

Змалку марыла Варвара:

Я — пайду ў ветэрынары!

...Ёсць дыплом!

І працу мае,

Ад якой — душа спявае:

Што ні дзень — настрой вясёлы,

Бо любоў ёсць да жывёлы.

Грошы, трэба разумець, таксама... (Анекдот адным радком: «Слепаваты ветэрынар чатыры месяцы выходжваў норкавую шапку»).

Адкуль — маеш мэту (ці мару)? Ідзі да яе! Не можаш ісці? Паўзі! Калі і гэта не можаш, — ляж і ляжы ў яе напрамку... Толькі так пераможаш!

Зрэшты, мы крыху адхіліліся: час вярнуцца да нашых... коней, якія, паводле слоў спадара Сабалеўскага з Узды, могуць... размаўляць, могуць дуроніка-сабачку жыццю павучыць. Даслоўна:

Ты не радуйся, міленькі,

Што на ручках носяць,

Што завуць цябе маленькім,

Услужыць не просяць...

Вось і з намі цётка Зося

Гэтак жа гуляла,

А пасля, з тае мілосці,

Хутка зацугляла.

Чытай: кось-кось — ды ў аглоблі?

Апынуўшыся там, адзін з коней дужа абураўся, крычаў: «Колькі можна ездзіць на мне?! Усё!.. Хопіць!»... Цяпер яго запрэглі ў плуг.

На здымку, паводле слоў спадара Матошкі, — два толькі што распрэжаныя... Адкуль і настрой:

Сумна косю з кабыліцай...

Ёсць нагода засмуціцца:

З чалавечай «мілаты»

Ім — плугі і хамуты...

А калі б, як пса, люлялі,

Весялей бы выглядалі!

Хто б спрачаўся, — спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў — ні ў якім разе! З яго «канверта» цалкам слушнае:

Ласка ўсім, відаць, да спадобы?

Але ж я хачу выдаць параду:

Гладзьце пысы ў рознай худобы —

Да каня ж — падыходзьце не ззаду,

Бо падковай ён так «пацалуе», — Ні адзін кастапраў не ўратуе!

Што праўда, тое праўда (механік аўтасэрвісу думаў, што адна конская сіла — гэта вельмі мала, пакуль не падышоў ззаду), і... як ёсць, так ёсць. Паводле слоў сужэнцаў Астроўскіх:

Зараз хіба ў заапарку

Можна ўбачыць коней у парку.

Мы пра іх — амаль забылі:

Нас імчаць — аўтамабілі.

Адметна, што сто гадоў таму іх мелі хіба што багацеі. Тыя (на хвіліначку!), што цяпер маюць... коней. А яшчэ і птушак, змей, рыб, катоў, сабак... Прычым, на думку спадарыні Чыгрынавай з Мінска:

Не жыццё — сюжэт для казкі

Ў шпіцаў, пудзеляў і хаскі!

Ды й балонкі-пекінесы

Нібы прынцы і прынцэсы...

Гора з ліхам папалам

Мо бяздомным дварнякам?

Акурат як коням са здымка... Ці ўсё ж кабыліцам?

Адна з іх, кажуць, вельмі здзівілася, калі баба — з калёс, а лягчэй не стала.

Тады яшчэ раз (з падачы спадара Камароўскага):

— Праз што вы, коні, звесілі

Разумныя галовы?

— Праз тое, што не весела

З «парадкаў» гэтых новых:

На ручках у матулек

Даўно ўжо звыкла бачыць

Не дзетак у затуллі,

А коцікаў-сабачак.

Пра іх жа — балючыя радкі ад спадарыні Ісакавай з аг. Сласцёны Чавускага раёна:

Коні, сабачка, жанчына —

Мілая сэрцу карціна!

Пяшчота бруіцца,

Любоў — цераз край!

Ды ўсё ж дыфірамбы

Спяваць пачакай,

Бо лепей, згадзіся,

Было б для пачыну:

Убачыць дзіця.

І мужчыну з жанчынай.

У той, што на здымку, паводле слоў спадарыні Чыгрынавай, імя цікавае. 

І не толькі:

У Любавы — дзве забавы:

Конь ды Жулечка-пястушка...

Лепш бы к сэрцу прытуляла

Двух сыночкаў і дачушку.

Мудрасць прыходзіць з узростам. Часам узрост прыходзіць адзін... (З дыялогаў: «Доктар, мне 24 гады. Мае сябры ходзяць у клубы і тусяць там да ранку... Мне вось гэта зусім не цікава... Са мной нешта не так?» — «Сапраўды, але ж не хвалюйцеся: як паказала МРТ, у вас проста маюцца мазгі»).

А калі так, ды ў большасці, то:

Жывёлак песцім?

Маем права:

Жывём не горай за людзей!

Любіць сабак — чаму не справа?

Ды не забыцца б пра дзяцей!

Вось на гэтай аптымістычнай ноце (ад сужэнцаў Астроўскіх) і завяршыць бы чарговы конкурсны агляд. Але ж трэба падвесці вынікі.

Такім чынам, на мінулым конкурсным здымку (гл. нумар газеты за 2 жніўня альбо сайт — «Звязда», «Калейдаскоп», «Хто каго?») быў кот — кудлаты, мардаты... Акно, драбінка...

Аб тым, куды яна «вяла», найлепшыя радкі, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, склалі мінчане, сужэнцы Астроўскія, спадары Мікуліч са Стоўбцаў і Сабалеўскі з Узды, спадарыні Чыгрынава з Мінска і Лабажэвіч...

З гэтым вось, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае.

Такім чынам, прыз у выглядзе квартальнай падпіскі на дарагую сэрцу «Звязду» накіроўваецца ў Клецк.

Хочаце, каб найстарэйшая і адзіная (са штодзённых) беларускамоўная газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо афармляць падпіску (сёння, дарэчы, яшчэ не позна), альбо...

Вы здагадаліся? Уважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але дасціпных, не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

P. S. Шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не прайшлі строгага адбору — на гэты раз. Затое ў наступны...

Screenshot_1.png

Пішыце!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю