Top.Mail.Ru

Змяіны ўкус выклікаў анафілактычны шок

Аўтар:

Менавіта ён стаў прычынай смерці 70-гадовай жанчыны з Бабруйскага раёна, якую ў верасні каля дома ўкусіла змяя. Суседка выклікала хуткую дапамогу, але выратаваць пацярпелую не атрымалася. 


— Бабруйскі міжраённы аддзел Дзяржкамітэта судовых экспертыз правёў судова-медыцынскую экспертызу, у выніку якой былі выяўлены прыкметы анафілактычнага шоку — алергічнай рэакцыі маланкавага тыпу, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — Гэта і стала прычынай смерці пенсіянеркі. Непасрэдна пры ўкусе вакол раны ўтварыўся сінюшны ацёк, пацярпелая адчула слабасць, задышку, галавакружэнне. Нягледзячы на аказаную ёй дапамогу, праз дзве гадзіны пасля ўкусу змяі яна памерла.

Гадзюка звычайная — адзіная ядавітая змяя ў Беларусі, яе актыўнасць прыпадае на ўвесь перыяд з вясны да халадоў. Вельмі важна памятаць, што пры ўкусе трэба тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу, забяспечыць нерухомасць той часткі цела, куды быў здзейснены ўкус, накласці ў гэтым месцы стэрыльную не ціснучую павязку, прыкласці да месца ўкусу холад, каб запаволіць усмоктванне яду, прыняць антыгістамінны прэпарат і забяспечыць багатае піццё. Менавіта гэтыя дзеянні дапамогуць выратаваць жыццё. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю