Top.Mail.Ru

Сакральныя цуды беларускай саломкі

За значны ўнёсак у захаванне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў, адраджэнне народных тэхналогій саломапляцення майстар народных мастацкіх рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ірына Шавельская ўдастоена звання лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

Для Ірыны гэта гісторыя пачалася 12 гадоў таму, калі яна, у той час загадчык сельскага клуба, на курсах павышэння кваліфікацыі трапіла на майстар-клас да знакамітай майстрыхі з Іўя Юзэфы Старасцінай. Цяпер Ірына сама праводзіць майстар-класы, а яшчэ вядзе гурток па саломапляценні ў аграгарадку Гожа Гродзенскага раёна. Месяц таму ёй прысвоена званне народнага майстра Беларусі.

Ірына Шавельская стварае прадметы, якія маюць асаблівы стыль і вытанчанасць. Напрыклад, хвалістыя спадніцы на ляльках — яе ноу-хау. «У традыцыйным выкананні спадніцы на ляльках прамыя, у выглядзе конуса — з цэльнай саломкі. Асабіста я бачу іх у хвалістым адзенні. Таму і распрацавала аўтарскую тэхніку, па ёй мае творы пазнаюць. Кожны майстар імкнецца ўнесці адметныя элементы. Гэта творчасць», — паясняе сваю задуму суразмоўніца.

Вырабы майстрыхі сталі візітнай карткай Гродзенскага рэгіёна. У яе калекцыі сотні саламяных скульптур, большасць якіх толькі ў адным экзэмпляры. Выраб некаторых можа заняць некалькі тыдняў. У іх ліку — вялікі саламяны алень да Фестывалю нацыянальных культур. Нядаўна яна праводзіла майстар-клас падчас работы рэспубліканскай выстаўкі «Мая Беларусь» у сталічным міжнародным выставачным цэнтры.
Ірына Францаўна прызналася, што навіну аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта ўспрыняла з хваляваннем.

— Прыемна, што ў Беларусі створаны ўмовы для адраджэння народных традыцый, а майстры атрымліваюць такую высокую ацэнку. Думаю, менавіта такі падыход стаў падставай для таго, каб мастацтва беларускага саломапляцення ў 2022 годзе ўвайшло ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы мы можам паказаць усяму свету наша ўнікальнае мастацтва, — выказала сваю думку лаўрэат прэзідэнцкай прэміі.


Будучае і мінулае

Спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва ўдастоеныя два калектывы Гомельшчыны — дзіцячы сацыяльны пансіянат «Шчаслівыя ўсмешкі» і стваральнікі мемарыяльнага комплексу ў памяць аб вязнях Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне.

Работнікі пансіяната адзначаны за ўнёсак у развіццё творчага патэнцыялу дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю, інтэграцыю інклюзіўнага мастацтва ў культурную прастору краіны. Установа працуе 14-ы год. Знешне яна нагадвае ўтульны катэджны гарадок: пяць жылых карпусоў і асобны, адкрыты два гады таму, тэрапеўтычны рэабілітацыйны корпус. Абслугоўваюцца тут 140 чалавек: 65 — у групе дзённага знаходжання і 75 — дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, і маладыя людзі з інваліднасцю — кругласутачна. Адна з галоўных мэт работы калектыву «Шчаслівыя ўсмешкі» — нармалізацыя жыцця сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, асабліва з цяжкімі шматлікімі парушэннямі ў развіцці. Ва ўстанове аказваюць усе неабходныя сацыяльныя паслугі па псіхолага-педагагічнай карэкцыі, медыцынскай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі, прафарыентацыі і працоўнай тэрапіі. 

Высокай узнагародай адзначана таксама праца аўтарскага калектыву стваральнікаў мемарыяльнага комплексу ў памяць аб вязнях Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне ў складзе начальніка бюро галоўных інжынераў праекта ААТ па комплексным праектаванні аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага прызначэння «Інстытут Гомельграмадзянпраект» Вольгі Ачапоўскай, загадчыка навукова-асветнага аддзела Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Вікторыі Заяц і загадчыка філіяла «Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці» Калінкавіцкага краязнаўчага музея Зінаіды Хлебавец.

Маштабная рэканструкцыя мемарыяла ў Азарычах стала знакавым праектам для ўсёй краіны. Магчымасць далучыцца атрымаў кожны беларус — на рэканструкцыю комплексу былі накіраваны сродкі, заробленыя на рэспубліканскім суботніку. Адметнасць мемарыяльнага комплексу — першы ў краіне памятны знак у гонар подзвігу савецкіх ваенных медыкаў, якім удалося спыніць эпідэмію тыфу пасля вызвалення палонных Азарыцкага лагера смерці.


Наша спадчына

Спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва ўдастоена загадчык аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Лапкова за асабісты ўклад у захаванне і папулярызацыю тэхналогіі апляцення бяростай ганчарнага посуду.

«Спакон веку нашы продкі выкарыстоўвалі бяросту для рамонту разбітага або трэснутага керамічнага посуду. Карой закрывалі месца пашкоджання і замацоўвалі вяроўкай. Пасля гэтага посуд можна было выкарыстоўваць», — расказвае Таццяна Лапкова.

Аплецены посуд знаходзілі падчас археалагічных раскопак. Маюцца таксама пісьмовыя крыніцы аб прымяненні такой тэхналогіі на беларускіх землях. Вядомы этнограф Мікалай Нікіфароўскі апісваў традыцыі, якія існавалі на Віцебшчыне. Паводле яго інфармацыі, аплётку рабілі не толькі для рамонту, але і дзеля даўгавечнасці.

У фондах Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту знаходзяцца керамічныя вырабы з берасцянай аплёткай з Шаркаўшчынскага, Мёрскага, Лепельскага, Расонскага і Шумілінскага раёнаў. «Аплецены гліняны посуд мае каларытны знешні выгляд і несумнеўныя дэкаратыўныя ўласцівасці. Для Віцебшчыны характэрныя ёмістыя, масіўныя, слабапрафіляваныя формы, якія адрозніваюцца архаічнай строгасцю, што згладжваецца і ажыўляецца касым або спіралепадобным узорам залацістых бярозавых стужак, якія пакрываюць выраб», — адзначае лаўрэат.
Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці праводзіць работу па папулярызацыі і распаўсюджванні гэтага віду творчасці, арганізуе розныя конкурсы, фестывалі. У ліку найбольш папулярных — Міжнародны пленэр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і конкурс ганчарнага мастацтва «Гліна спявае», які праходзіць у Копысі Аршанскага раёна.


Па дарогах Памяці і Славы

Сярод ушанаваных спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва — Магілёўская абласная арганізацыя БРСМ, тэлерадыёкампанія «Магілёў» і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава. Яны разам рэалізавалі міжнародны маладзёжны патрыятычны праект «Дарогамі Памяці і Славы».

Ініцыятыва нарадзілася ў маладзёжным асяроддзі пры падтрымцы непасрэдна старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Пачынаўся праект у 2022 годзе як абласны і ўжо на наступны год аб’яднаў моладзь не толькі Магілёўшчыны, але і расійскіх абласцей — Смаленскай, Бранскай, Ленінградскай, Астраханскай і Хабараўскага краю. Летась да яго далучыліся маладыя актывісты яшчэ і Тульскай, Калінінградскай, Маскоўскай абласцей і Мардовіі.

На працягу апошніх трох гадоў у дні, калі Беларусь і Расія святкуюць Перамогу над нямецка-фашысцкай Германіяй, стылізаваная калона з перасовачнымі музеямі, тэхнікай часоў Вялікай Айчыннай вайны, палявой кухняй адпраўляецца па шляху герояў-вызваліцеляў. Спачатку гэта былі раёны Магілёўскай вобласці, потым яшчэ Бранскай і Смаленскай. У кожным пункце маршруту ўдзельнікі аўтапрабегу сустракаюцца з мясцовым насельніцтвам, ладзяць адкрытыя дыялогі, флэшмобы, экскурсіі, канцэрты, закладваюць паркі.

Шмат водгукаў атрымалі перасоўныя музейныя экспазіцыі. У адной з іх свае знаходкі дэманстраваў Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру», ладзілі выстаўку актывісты БРСМ. Для другой тройчы рыхтаваў экспазіцыю Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава.

— Першы год яна была прысвечана дасягненням Магілёўшчыны, — расказвае намеснік дырэктара музея Аляксандра Буракова. — Потым экспазіцыі па 
Вялікай Айчыннай вайне ствараліся разам з Бранскім дзяржаўным краязнаўчым музеем. У склад леташняй увайшлі экспанаты нашай унікальнай выстаўкі «80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны». Сярод іх — гімнасцёрка з Асіповіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, якая не так даўно была знойдзена на гарышчы старога дома. Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей падзяліўся незвычайнай каскай, якая была знойдзена падчас пошукавых работ. У ёй знаходзіўся невялічкі абразок свяціцеля Мікалая Цудатворца...

Сёлета Магілёў збіраецца ажыццявіць яшчэ адзін глабальны праект — адкрыць маштабны музей Славы Магілёўшчыны на Буйніцкім поле. Гэта будзе трэці філіял абласнога краязнаўчага музея. Два іншыя — абласны мастацкі музей імя П. Масленікава і Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі — з’явіліся ў апошнія дні снежня.

— Музей у Буйнічах будзе ўнікальны, — кажа Аляксандра Буракова. — Расіяне на ўзроўні Саюзнай дзяржавы прымаюць удзел у яго будаўніцтве. Тэматыка ў асноўным прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, але ў кантэксце гістарычнага шляху, пачынаючы ад трыццатых гадоў і заканчваючы сучаснымі.

Аляксандра Буракова адзначае, што музейная справа развіваецца дзякуючы падтрымцы дзяржавы. Напрыклад, у рамках праграмы «Культура Беларусі» былі абноўлены экспазіцыі шэрагу раённых музеяў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю