Асноўны прыём дакументаў працягнецца ўсяго 6 дзён — з 12 да 17 ліпеня ўключна.
У гэтай сувязі ў Міністэрстве адукацыі раяць тым, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам, зрабіць гэта хутчэй. Праўда, для тых, хто абраў для навучання сельскагаспадарчыя кірункі, ветэрынарыю, рыбную гаспадарку, ахову працы, а таксама для абітурыентаў сілавых ВНУ, ваенных факультэтаў, платнікаў без унутраных экзаменаў і завочнікаў аграрных ВНУ тэрміны зрушаныя.
Звычайная ВНУ, стандартная траекторыя
З 12 да 17 ліпеня падаюць дакументы тыя, хто паступае ў дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі на бюджэт або на платную форму, іншымі словамі — калі абітурыент ідзе ў звычайную дзяржаўную ВНУ па стандартнай траекторыі. Спецыялісты адукацыйнага ведамства кажуць, што гэта самы шчыльны і напружаны перыяд прыёмнай кампаніі, таму ў чарговы раз раяць звярнуцца да электроннай чаргі.
«Прадоўжанка»
На два дні — да 19 ліпеня — падоўжаны тэрмін прыёму дакументаў у тых, хто паступае на дзённую форму навучання па кірунках «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы», прычым як на бюджэт, так і на платнае навучанне.
У гэты ж тэрмін прымаюць дакументы ў Ваенную акадэмію, Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Інстытут пагранічнай службы, а таксама на ваенныя факультэты і ў ваенны інстытут без права юрыдычнай асобы ва УВА. Гаворка ідзе пра бюджэтнікаў.
Унутраныя экзамены
У большасці ўніверсітэтаў яны пройдуць з 18 да 25 ліпеня. Гэта датычыцца тых выпадкаў, калі праграма патрабуе экзамену ў самой ВНУ: напрыклад, творчага ці прафесійнага выпрабавання або іншай формы адбору, названай у правілах прыёму.
Для дзённай формы па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях унутраныя выпрабаванні прызначаныя на 20–25 ліпеня. Ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС — на 18–20 ліпеня. На ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — на 20–21 ліпеня.
Для завочнай формы ў сельскагаспадарчых ВНУ графік асобны: уступныя выпрабаванні пройдуць з 6 да 15 снежня.
Паступіў — не паступіў
Для большасці дзяржаўных ВНУ залічэнне на бюджэт завяршаецца да 27 ліпеня. Але не для ўсіх. У Ваеннай акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС і на ваенных факультэтах залічэнне на бюджэт пройдзе да 22 ліпеня. У Акадэміі МУС і Магілёўскім інстытуце МУС — да 29 ліпеня ўключна.
Залічэнне платнікаў у большасці ўніверсітэтаў пройдзе да 3 жніўня. Для завочнай формы ў сельскагаспадарчых ВНУ тэрмін іншы — да 20 снежня.
Увесь камплект?
У адукацыйным ведамстве ў чарговы раз рэкамендуюць загадзя праверыць наяўнасць неабходных дакументаў:
-
пашпарта;
-
арыгінала дакумента аб адукацыі;
-
сертыфікатаў ЦЭ і ЦТ;
-
медыцынскай даведкі;
-
фатаграфій;
-
дакументаў аб ільготах або асабістых дасягненнях, калі яны ёсць і ўлічваюцца пры паступленні.
Алена ВІНАГРАДАВА