Top.Mail.Ru
210

Звяздоўцы падарылі свята дзецям

Акцыя «Нашы дзеці» стартавала юбілейны 30-ы раз. Яна стала неад’емнай часткай жыцця нашага грамадства, мы да яе прывыклі, а дзеці чакаюць гэтую акцыю з асаблівым нецярпеннем, таму што ведаюць, што яна прынясе ім і падарункі, і атмасферу свята.


Асаблівая ўвага ў рамках акцыі традыцыйна надаецца дзецям, якія маюць патрэбу ў дадатковай падтрымцы. Да навагодняй рэспубліканскай акцыі далучыўся і калектыў «Звязды». З карыснымі і салодкімі падарункамі прадстаўнікі выдавецкага дома адправіліся ў Оршу. 

— Мы вязём дзеткам яркія, маляўнічыя і цікавыя кнігі, выдадзеныя нашым выдавецтвам, і, вядома ж, вялікія салодкія падарункі, як і належыць на Новы год, — расказала намеснік дырэктара выдавецкага дома Святлана Ганцарэвіч. — І ўручым іх асаблівым дзеткам з інваліднасцю. 

Святочнае мерапрыемства адбылося ў бібліятэцы імя Пушкіна Оршы, куды спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра Аршанскага раёна запрасілі сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Арганізатары і ўдзельнікі дабрачыннай акцыі зрабілі ўсё магчымае, каб яркае навагодняе свята надоўга запомнілася дзеткам і іх бацькам. Там быў і маляўнічы канцэрт, і добрыя віншаванні, і непадробныя святочныя эмоцыі. Прычым як у дзяцей, так і ў дарослых. 

— Дзеці не ўмеюць хітраваць, — дзеліцца Святлана Ганцарэвіч, — не ўмеюць падробліваць радасць, яны шчыра вераць у казку і чараўніцтва Новага года. Выдатна, што ў калектыву «Звязды» ёсць выдатная магчымасць гэтую веру падтрымліваць і рабіць дзяцей яшчэ больш шчаслівымі.

Алена Вінаградава.
Фота дадзена Тэрытарыяльным центрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна.

Чытайце таксама: Марафон дабра, цудаў і чараўніцтва. У Беларусі далі старт дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю