Вы тут

Праблемы вёскі — як свае асабістыя


Як выхаваць «самакіравальнага» грамадзяніна?

— Жыццё не стаіць на месцы, яно ўвесь час змяняецца. І задача ўлады — не толькі сачыць за гэтымі зменамі, але і прадбачыць варыянты вырашэння тых задач, якія з’явяцца заўтра, — адзначае старшыня Савета дэпутатаў Нараўлянскага раёна Ала
НАВУМЕНКА.

1381873560791_16-8

У гэтым паўднёвым раёне Беларусі не чакаюць, пакуль праблема «выспее» і прарвецца вонкі скаргамі грамадзян. Тут загадзя пайшлі «ў народ», каб даведацца, што хвалюе людзей. Для гэтага раз на два месяцы ў сельскіх населеных пунктах і ў мікрараёнах Нароўлі праводзяцца сходы грамадзян. Яны праходзяць з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады: старшыні райвыканкама, яго намеснікаў, адказных супрацоўнікаў, старшыні райсавета, старшынь сельскіх Саветаў, вясковых старастаў і непасрэдна дэпутатаў — як раённага, так і сельскага ўзроўняў.
Парадак дня правядзення сходаў складаецца з пытанняў, якія самым непасрэдным чынам датычацца жыхароў. Гэта пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, дапаможных гаспадарак, добраўпарадкавання тэрыторый і многія іншыя. Афармленне пратаколаў замацоўвае адказнасць кіраўнікоў, якія павінны сачыць за вырашэннем тых ці іншых праблем, паднятых грамадзянамі падчас сходу.
Ала Навуменка расказвае, што з 2008 года ў мясцовай раённай газеце існуе старонка «Мясцовае самакіраванне», дзе змяшчаецца інфармацыя пра рэалізацыю ініцыятыў райсавета ў жыццё, пра мерапрыемствы, якія адбываюцца ў раёне: гэта і семінары, і конкурсы сярод сельсаветаў, і месячнікі па добраўпарадкаванні... Тут жа публікуюцца графікі прыёму грамадзян дэпутатамі ўсіх узроўняў, інфармацыя пра іх дзейнасць у выбарчых акругах і шмат іншай карыснай інфармацыі для арганізацыі работы мясцовага самакіравання.
— Штоквартальна зацвярджаецца графік прыёму дэпутатаў раённага Савета, зацверджаны графік сумесных прыёмаў дэпутатамі ўсіх узроўняў. Інфармацыя аб прыёме дэпутатамі змешчана на інфармацыйных стэндах у населеных пунктах, а таксама штоквартальна публікуецца ў раённай газеце. У раёне ўкаранёна практыка правядзення сумесных прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях дэпутатамі розных узроўняў. Асноўныя пытанні, з якімі прыходзяць да дэпутатаў жыхары нашага раёна, гэта стан дарог, каналізацыйнай і водаправоднай сетак, вулічнага асвятлення, навядзення парадку на зямлі.
Пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва вырашаюцца ў тым ліку з дапамогай пяці рабочых груп. Пры гэтым за кожным сельскім населеным пунктам (а ў горадзе — за кожнай вуліцай) замацаваны адказны супрацоўнік райвыканкама. За кожным сельсаветам замацаваны кіраўнік рабочай группы, у склад кожнай з якіх уваходзіць 10 чалавек. Такім чынам адказныя асобы, замацаваныя за населенымі пунктамі, штодзень звязваюцца са старастамі сельскіх населеных пунктаў, высвятляюць праблемы, якія хвалююць насельніцтва. Гэтая інфармацыя даводзіцца да кіраўніка рабочай групы, акумулюецца ў старшыні райсавета, каб потым на ўзроўні райвыканкама прыняць адпаведнае рашэнне ў кожнай канкрэтнай сітуацыі.
— Усім сёння зразумела, што праца па навядзенні парадку на зямлі — гэта не часовая кампанія, — падкрэслівае старшыня Нараўлянскага райсавета. — Вяртанне зямлі ў гаспадарчы абарот паляпшае эканоміку раёна. Ды і настрой людзей, якія пражываюць у дагледжаных добраўпарадкаваных населеных пунктах, становіцца больш пазітыўным. Дарэчы, работы па добраўпарадкаванні ацэньваюцца і калегамі з іншых раёнаў — сёлета на Нараўляншчыне пабывалі дэлегацыі з Петрыкава і Рагачова.
Пры актыўным удзеле насельніцтва, сельскага Савета і сельскагаспадарчага прадпрыемства прыво-
дзяцца ў парадак могілкі. Сёлета таксама даводзіліся да ладу пустуючыя падворкі і тэрыторыі ля будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца. Паводле распараджэнняў старшыні райвыканкама за сельскімі населенымі пунктамі замацаваны пэўныя прадпрыемствы, арганізацыі, установы. Ала Навуменка асабліва адзначае разуменне важнасці гэтай справы кіраўнікамі прыватных прадпрыемстваў. Так, «Белкансалт-А» выдзеліў грошы ў суме 10 млн рублёў для набыцця кустарэза Нараўлянскаму сельсавету і аказаў спонсарскую дапамогу Кіраўскаму сельсавету —
4,5 млн рублёў для набыцця бензапілы і камплектных запчастак, электрычнага гэбліка.
Трэба дадаць, што цяпер на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў Нараўлянскага раёна ўладкаваны дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі — з арэлямі, горкамі, малымі архітэктурнымі формамі (хто жыў у вёсцы, зразумее, як гэта важна). Удзел у гэтай справе прынялі дэпутаты ўсіх узроўняў. А на тэрыторыі аграгарадка Галоўчыцы зрабіць дзіцячую пляцоўку дапамог мясцовы прадпрымальнік — дырэктар прадпрыемства «Леспрамтэкс».
— Сёння вельмі важна далучаць саміх грамадзян да вырашэння мясцовых праблем, — разважае Ала Валер'еўна. — Для гэтага неабходна пераадолець сіндром утрыманства некаторых асоб, якія прывыклі бачыць сябе выключна спажыўцамі грамадскіх выгод, просьбітамі, скаржнікамі перад органамі мясцовай улады. Трэба выхоўваць «самакіравальнага» грамадзяніна, які ўсведамляе прыналежнасць да мясцовых спраў, успрымае грамадскія праблемы сваёй вёскі як асабістыя і гатовы без прымусу ўдзельнічаць у іх рашэнні. Сёлета добраахвотныя ўнёскі грамадзян склалі ў сярэднім 17 тысяч рублёў на адзін падворак. Вядома, гэта невялікія сумы. Тым не менш, мы паступова і паслядоўна адыходзім ад сіндрому ўтрыманства.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.