Вы тут

Чэлендж па-суседску


Прадстаўнікі Воранаўскага і Гродзенскага раёнаў абмяняліся вопытам работы падчас выязнога семінара.

Такая практыка сёння даволі распаўсюджаная. Сапраўды, чаму не скарыстацца тым, што ўжо напрацавана і мае пэўны вынік. Вось і госці з Воранава завіталі ў Гродзенскі раён, каб паглядзець, як працуе мясцовае самакіраванне ў адным з перадавых раёнаў краіны.


Фота Мікалая Лапіна.

Як правіла, акцэнт у такога кшталту сустрэчах робіцца на добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама знаёмства з цікавымі формамі работы з насельніцтвам.

— Выязныя семінары-практыкумы сталі традыцыйнымі ў рабоце дэпутацкага корпуса, — адзначыла старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч. — Мы можам убачыць, якія метады выкарыстоўваюць нашы суседзі, каб арганізаваць работу на месцах. Кірункі самыя розныя. Гэта і гісторыка-культурная спадчына, і навядзенне парадку на зямлі, і работа з пустымі аб'ектамі, і знаёмства з грамадзянскімі ініцыятывамі. Мы ведаем, што Гродзенскі раён мае вялікі досвед у ажыццяўленні такіх праектаў.

Дарэчы, Воранаўскі раён сёлета прадставіў на абласны конкурс заяўку па добраўпарадкаванні парку ў аграгарадку Пагародна. Тут захаваліся элементы паркавай зоны XVІІІ стагоддзя, што робіць яго гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Але гэтая зона патрабуе значных фінансавых укладанняў, каб набыць належны выгляд. Таму зацікаўленыя госці пазнаёміліся з асартыментам дэндрарыя Скідзельскага лясгаса. Расліны, якія тут прадстаўлены, могуць упрыгожыць любую паркавую зону, лічаць госці з Воранаўскага раёна.

Дарэчы, месцы адпачынку сталі важнымі пунктамі маршруту выязнога турнэ па Гродзенскім раёне. Напрыклад, у аграгарадку Адэльск госці наведалі цэнтральны парк, дзе праходзяць многія святы, у тым ліку брэндавы «Адэльскі фэст» у гонар ахоўніка аграгарадка Святога Антонія. Дарэчы, многія работы па добраўпарадкаванні парку спансіраваныя бізнесменам, які адсюль родам. Аб гэтым гасцям расказаў старшыня Адэльскага сельвыканкама Уладзімір Трутнеў. Ён заўважыў, што мясцовыя жыхары падтрымліваюць парадак, садзяць дрэвы, кветнікі. Дарэчы, парадак тут заахвочваецца і сярод гаспадароў сядзіб. Самыя дбайныя атрымліваюць прэміі і прызы падчас сельскіх конкурсаў.

Ёсць у Адэльску і свая славутасць. Гэта Мар'ян Скрамблевіч, слава якога даўно перайшла межы аграгарадка. Вядомы народны майстар Беларусі, музыкант, ён стварае ўнікальныя народныя інструменты: дудачкі, флейты, акарыны, валынкі, трэмбіты, трашчоткі, бубны з розных парод дрэў. Яго музей налічвае больш за сотню інструментаў, а творчасць майстра ўнесена ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Нядаўна Мар'ян Скрамблевіч быў удастоены медаля Францыска Скарыны. У раёне папулярызуюць творчасць знакамітага земляка, бо такія людзі сваім талентам ствараюць імідж тэрыторыі, дзе пражываюць, становяцца прыкладам у захаванні яе традыцый і самабытнасці. Зразумела, што многія турысты імкнуцца наведаць гэты музей і пазнаёміцца з такім унікальным майстрам. І хоць музыканту ўжо за 80, ён гатовы прыняць усіх і прадэманстраваць свае інструменты.

— Такія ўнікальныя асобы заўсёды цікавяць людзей, яны прыцягваюць турыстаў сваёй энергетыкай, таму вельмі важна як мага больш распаўсюджваць такую творчасць, — лічыць старшыня Радунскага сельвыканкама Андрэй Шынковіч.

У сувязі з апошнім ён прыгадаў знакамітага яўрэйскага праведніка Хафеца Хаіма, які жыў у Радуні і пахаваны там. Каб ушанаваць яго памяць, сюды прыязджаюць турысты з усіх краін свету. Кожны рабін лічыць сваім абавязкам пабываць на месцы пахавання чалавека, які стварыў цэлае вучэнне. Гэты аб'ект стаў часткай турыстычнага маршруту Воранаўскага раёна. Магчыма, з цягам часу будзе магчымасць стварыць тут адпаведны музей. Дарэчы, тэма вясковых музеяў атрымала новы імпульс.

— Сёння важна даць жыццё пустым дамам. Таму мы зацікавіліся вопытам стварэння сельскіх музеяў, у прыватнасці дамоў сельскага быту. Першымі ў вобласці такія дамы-музеі былі арганізаваны ў Зэльвенскім раёне, — звярнула ўвагу старшыня Воранаўскага райсавета Алена Ганевіч. — Цяпер ідзе абмеркаванне ўтрымання аднаго з такіх пустых дамоў у вёсцы Нача, дзе жывуць актыўныя жанчыны, гатовыя навучыць бытавым танцам, праспяваць старыя абрадавыя песні, увогуле гасцінна сустрэць усіх наведвальнікаў.

Воранаўцы таксама паглядзелі на азеляненне тэрыторый Гродзенскага раёна. Менавіта гэты напрамак выклікаў у гасцей найбольшую цікавасць, асабліва пасля наведвання аграгарадка Абухава, дзе старшыня сельвыканкама Валерый Смалей не толькі паказаў знакавыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры, але і пазнаёміў з мясцовымі жыхарамі. Руплівыя гаспадары клапоцяцца пра добраўпарадкаванне свайго населенага пункта, а мясцовая ўлада такія ініцыятывы заахвочвае.

— У нас няма забароны на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый і двароў. Тут кожны можа прыкласці сваю фантазію, — пачаў расказваць Валерый Смалей. — Такіх ініцыятыўных людзей у аграгарадку нямала. Яны самі бяруцца за справу, ствараюць прыгажосць. Бывае, што гэта даволі складана, бо некаторыя носяць ваду з трэцяга паверха свайго дома, каб паліць клумбу. У сваю чаргу, мы дапамагаем ім вывезці расліннае смецце і кампастуем яго. Праводзім розныя агляды-конкурсы прыдамовых тэрыторый і сядзіб, заахвочваем нашых творчых грамадзян.

Па словах старшыні Воранаўскага райсавета Алены Ганевіч, пытанні ландшафтнага азелянення тэрыторый не толькі не губляюць сваёй актуальнасці, але і наадварот — набываюць усё большы размах. Прычым гаворка ідзе пра нестандартны падыход да справы. У сувязі з гэтым у раёне праходзяць выязныя семінары, дзе старшыні сельвыканкамаў якраз дэманструюць работу па дадзеным кірунку. Што датычыцца выязного семінара, ён карысны ў плане набыцця новага вопыту, які можна скарыстаць у сваім раёне, у прыватнасці ў плане работы з насельніцтвам. І тут у гродзенцаў ёсць галоўны прынцып — растлумачыць людзям важнасць такога падыходу.

— Мы праводзім значную тлумачальную работу з жыхарамі населеных пунктаў, гаворым аб важнасці добраўпарадкавання сваёй малой радзімы. Таму што прымушаць у такой справе нельга. Усё павінна ісці ад душы, ад сэрца. Тады родны куток будзе яшчэ прыгажэйшы, — упэўнены старшыня Гродзенскага райвыканкама Ігар Лябецкі.

У рамках семінара госці наведалі Індурскі сельскі Савет, дзе пазнаёміліся з арганізацыяй адпачынку на мясцовым возеры, ацанілі якасць новай спартыўнай пляцоўкі, якая была ўрачыста адкрытая на мінулым тыдні. Яшчэ пабывалі ў Луцкаўлянскай СШ і даведаліся, як пастаўлена працоўнае выхаванне вучняў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.