Вы тут

Вось такое вяселле


Што не дзiва, у мiнулым стагоддзi многае рабiлася зусiм не так, як цяпер. Узяць, напрыклад, вяселлi. Хто ў 1960-я — 1970-я гады мог дазволiць сабе нейкi шык ды вялiкi збор? Я такiх не ведаю. Усе, здаецца, гулялi цiха, сцiпла, у хаце жанiха або нявесты. Хто-нiхто хiба запрашаў гасцей у нейкую сталовую цi кавярню...

Ну дык вось. Кватэр у нашым драўляным двухпавярховым доме было восем, сем'яў — вядома ж — значна больш. Галоўнае — нiхто нi з кiм не сварыўся, усе жылi дружна, разам дзялiлi i гора, i шчасце.

Яно якраз i чакалася: у нашых суседзяў з другога паверха — у Рывы i Самуiла — занявесцiлася дачка. Бацькi сталi рыхтаваць вяселле, мы ўсiм домам — iм дапамагаць...

Усё паспелi, усё зрабiлi! I, вядома ж, усе былi потым запрошаны. У тым лiку i Лазар...

Ён у нашым доме адметны быў. Хаця б тым, што, працуючы на рынку секарам мяса, неяк прывык да гарэлкi. Прычым выпiць любiў не чарку-другую (гэта яму што слану шрацiна была), а як мiнiмум паўлiтра...

Дык, значыць, сышлiся ўсе, паселi за сталы, налiлi па чарцы. Маладых павiншавалi iх родныя бацькi.

Усё правiльна: астатнiя госцi свае пажаданнi пакiдаюць пры сабе, бо яно ж, як меркавалi, неаднойчы будуць чаркi падымаць.

Выпiўшы па першай, схiлiлiся над талеркамi, сталi закусваць. Закусiўшы — пераглядвацца памiж сабой у чаканнi, што зараз жа нехта налье, нешта скажа. Аднак слова нiхто нiкому не даваў. I самастойна яго ўзяць нiхто не асмельваўся. Павiсла цiшыня.

Як i варта было чакаць, парушыў яе Лазар.

— Сёма, — досыць гучна прамовiў ён, — ты, можа, нальеш нам яшчэ па адной?

Гаспадар падняўся з месца, узяў у рукi пляшку з гарэлкай, спытаў у прысутных.

— Ну, i хто тут хоча, каб я налiў?

Госцi сарамлiва апусцiлi вочы ў талеркi — далiкатна прамаўчалi.

— Ну вось бачыш, — звярнуўся Самуiл да Лазара, — нiхто не хоча. А ты кажаш «налi»...

Вось такое ў нашым доме было вяселле — мякка кажучы, не вясёлае. Але ж пажаданнi маладым суседзi сказалi — на абсалютна цвярозую галаву, пры развiтаннi, iдучы дадому.

Раiса Васiльева, г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.