Беларускі клуб прайшоў у трэці кваліфікацыйны этап Лігі чэмпіёнаў за кошт гола, забітага на выездзе
Пасля хатняй нулявой нічыёй з албанскім «Скендэрбеў» гульня ў адказ для БАТЭ з вялікай верагоднасцю станавілася выпрабаваннем. Праўда, беларускі клуб і раней любіў панерваваць сваіх заўзятараў, пакідаючы вызначэнне пераможцы на гасцявую для сябе сустрэчу. Але цяпер у большасці фанатаў не было ніякай упэўненасці ў пазітыўным выніку — надта нясмела выглядаў БАТЭ ў першым раўндзе супрацьстаяння ў Барысаве.
Для албанскіх фанатаў вынік таксама стаў сюрпрызам. Многія нават казалі пра тое, што з беларусамі «Скендэрбеў» правёў лепшую гульню ў сваёй гісторыі, і абяцалі шалёную падтрымку сваім любімцам у Корчы.
У другой гульні галоўны трэнер барысаўчан Аляксандр Ермаковіч пакінуў на лаўцы запасных адну з галоўных ударных сіл БАТЭ — Сяргея Крыўца. Відавочна, разлік рабіўся на тое, што калі сітуацыя стане зусім крытычнай, на поле з'явіцца гэты крэатыўны хаўбек.
Тым не менш першымі мяч з сеткі дасталі гаспадары поля. На 29‑й хвіліне Максім Валадзько ад самай лініі варот навесіў мяч у штрафную, дзе першым на мячы апынуўся далёка не самы высокі абаронца барысаўчан Анры Хагуш. Расійскі легіянер не памыліўся і галавой прабіў пад самую перакладзіну — 0:1.
БАТЭ ад пачатку матча не змяншаў ціск на вароты «Скендэрбеў», і гэта давала плён. Албанцы не рызыкавалі ўсімі сіламі ісці наперад і пакідалі шмат прасторы для фантазіі беларускім футбалістам. Першы тайм скончыўся з перавагай БАТЭ як па гульні, так і на табло.
У другой палове албанцы ўзвінцілі тэмп гульні, разумеючы, што для праходу далей ім трэба адзначыцца як мінімум двойчы. БАТЭ пачаў выбудоўваць масіраваную абарону каля сваіх варот. Першыя хвіліны гэта атрымлівалася нядрэнна, да галявых сітуацый у «Скендэрбеў» справа не даходзіла. Але ўсе карты барысаўчанам змяшала памылка ўласнага галкіпера — Сяргея Чэрніка. Харват Марка Радаш рэалізаваў штрафны ўдар, метраў з трыццаці прабіўшы па варотах БАТЭ. Здавалася б, Чэрнік павінен забіраць даволі просты мяч, але мяч па-здрадніцку выскачыў з рук у барысаўскага галкіпера і адскочыў у вароты.
Астатнія амаль паўгадзіны гульні праходзілі пад дыктоўку гаспадароў. БАТЭ намертва засеў у абароне, не даючы албанцам развярнуцца. Пры гэтым беларусы нават не рабілі спроб контратакаваць. «Скендэрбеў» мог навальвацца на вароты беларусаў у поўным складзе. Першая ж контратака БАТЭ ўжо ў дабаўленыя да асноўнага часу хвіліны скончылася выхадам «два ў аднаго». Але Віталь Радзівонаў спачатку дазволіў дагнаць сябе абаронцу «Скендэрбеў», а потым памыліўся з завяршальнай перадачай. БАТЭ не без удачы захаваў свае вароты «сухімі» і давёў справу да выніковай нічыёй.
У наступным раўндзе беларускаму клубу будзе супрацьстаяць венгерскі «Дэбрэцэн», які па суме дзвюх сустрэч перайграў паўночнаірландскі «Кліфтанвіль». БАТЭ і «Дэбрэцэн» ужо сустракаліся ў адборачным турніры Лігі чэмпіёнаў 2012/13. Тады барысаўчане дома згулялі ў нічыю 1:1, а ў гасцях перамаглі з лікам 2:0.
Сваімі ўражаннямі ад гульні з карэспандэнтам «Звязды» падзяліўся каментатар БДТРК Уладзіслаў ТАТУР:
— Зараз усе вельмі скептычна выказваюцца наконт гульні «БАТЭ» ў гэтым сезоне, але я гэтага скептыцызму не падзяляю. Такія эмоцыі — вынік завышаных чаканняў. Трэба разумець, што каманда не можа ўвесь час падтрымліваць вельмі высокі ўзровень гульні. БАТЭ шмат гадоў быў гегемонам у айчынным футболе і дасягнуў многага на еўраарэне. Цяпер часткова абнавіўся склад каманды, падцягваюцца маладыя футбалісты. Пры гэтым барысаўчане ідуць на другім месцы ў чэмпіянаце краіны і сёння знаходзяцца ўсяго ў адным кроку ад групавога этапу Лігі Еўропы. Што яшчэ трэба заўзятарам? Калі казаць менавіта пра матч са «Скендэрбеў», то, я думаю, трэнер рабіў усё правільна — гуляў па ліку. Безумоўна, не абышлося без шанцавання, але гэта неад'емны складнік футбола. Думаю, нейкія вынікі па перспектывах БАТЭ ў сезоне варта будзе рабіць пасля сустрэч з «Дэбрэцэнам» і мінскім «Дынама».
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Уражанні беларускіх і албанскіх заўзятараў пасля гульні:
AVANK, by.trіbuna.com:
— Прыемна ўсведамляць, што склад БАТЭ пры яго маладосці амаль цалкам беларускі. Мінаюць гады і пакаленні гульцоў, а свайму курсу чэмпіён не змяняе. І калі пад гэтым ракурсам глядзіш на такія матчы, то ўзгадваеш, што і раней было не менш «валідольна». Ёсць упэўненасць, што на пытанне ў варотах у Барысаве знойдуць адказ.
Yanus, forum.pressball.by:
— Вядома, пашанцавала. «Скендэрбеў» лёгка мог прайсці далей… Будзем спадзявацца, што галкіпер усё ж такі супакоіцца, і венграў пройдзем. А там ужо і групу ў еўракубку гарантуем.
Ну, а тым, хто крычыць «ганьба», магу нагадаць, як усе радаваліся, калі БАТЭ першы раз выйшаў у групу. Тады, вядома, прайсці было складаней, але паўтарыць гэтага пакуль не змог ніводзін беларускі клуб. І ў мяне вялікія сумненні, што сёлета нехта з астатніх зможа прайсці кваліфікацыю і адабрацца ў групу Лігі Еўропы.
Florіnd Kamberі, facebook.com:
— Дзве гульні, і абедзве склаліся няўдала для «Скендэрбеў». Трэба сказаць, што і БАТЭ нічога не паказаў, значна большага мы чакалі ад гэтай каманды. Усё адно, наша каманда заслугоўвае падзякі за такую адданую гульню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?