Вы тут

Паэзія Усходу натхняе і кліча!..


У Мінску віталі кітайскага перакладчыка і мастака Гао Мана

Перакладчык, які пераўвасобіў на кітайскую мову творы Ганны Ахматавай, Тараса Шаўчэнкі, Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, нарадзіўся ў 1926 годзе. Вучоба ў Харбіне ў выхадцаў з Расіі дазволіла яму выдатна авалодаць рускай мовай. Неаднойчы Гао Ман прыязджаў у складзе розных дэлегацый у Савецкі Саюз. Быў і ў Беларусі, наведваў майстэрню скульптара Заіра Азгура. У Пекіне пазнаёміўся з Максімам Танкам.

28-41

А сёлетняя жнівеньская сустрэча з кітайскім перакладчыкам мастацкай літаратуры насіла віртуальны характар. У мінскай краме «Кніжны салон» сабраліся тыя, хто добра ведае яго, сустракаўся з ім, меў шчасце гутарыць з патрыярхам мастацкага слова. Адкрыў сустрэчу Навум Гальпяровіч. Вядомы беларускі паэт яшчэ ўвосень 2011 года пазнаёміўся з Гао Манам у Пекіне. Як плён тае сустрэчы — каліграфічны партрэт Навума Гальпяровіча, верш, які кітайскі творца прысвяціў беларускаму калегу.

— Мяне ўразіла высокая чалавечая культура перакладчыка, — падзяліўся сваімі згадкамі Навум Якаўлевіч. — Знаёмства як быццам засведчыла, што я ведаю Гао Мана многія дзесяцігоддзі. Здзівіла велізарная бібліятэка. У ёй — процьма кніг на рускай і іншых славянскіх мовах. Гао Ман літаральна гарэў жаданнем як мага шырэй пазнаёміць мяне з Пекінам, кітайскай культурай, кітайскім побытам. Такое не забываецца!..

28-44

З цікавасцю слухалі прысутныя мастака, кніжнага графіка Георгія Паплаўскага. Якраз Гао Ман расказваў неаднойчы кітайскім чытачам пра беларускага творцу, друкаваў у розных выданнях рэпрадукцыі з яго работ. Георгій Георгіевіч падзяліўся ўражаннямі ад знаёмства з размешчанымі ў «Кніжным салоне» рэпрадукцыямі партрэтаў беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, выкананымі Гао Манам. Беларускі мастак адзначыў добрую школу каліграфа, падкрэсліў яго высокі прафесіяналізм. Расказаў Георгій Георгіевіч і пра свае паездкі ў Кітай, розныя краіны Азіі. Асобу Гао Мана дапамог уявіць і кітайскі мовазнаўца, паэт, перакладчык, каліграф Лі Цзо, які зараз працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У Мінску выйшла кніга вершаў класіка літаратуры Паднябеснай Лі Бо на рускай мове. А перакладчыкам выступіў Лі Цзо. Між іншым, ён добра вядомы як каліграф. Адна з яго мінскіх выставак прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Што цікава, да першых вершаваных практыкаванняў Лі Цзо яшчэ ў Пекіне ў час вучобы ва ўніверсітэце натхніў менавіта Гао Ман.

28-42

Вечарына ў «Кніжным салоне» прыцягнула ўвагу беларускіх паэтаў, празаікаў Алеся Бадака, Алега Ждана, Таццяны Сівец, Адама Мальдзіса, Святланы Дзянісавай, Уладзіміра Мазго, музейных і бібліятэчных работнікаў, супрацоўнікаў Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міністэрства замежных спраў Беларусі, гендырэктара гасцініцы «Пекін» спадара Го Тунцына. Сярод арганізатараў сустрэчы ў гонар кітайскага перакладчыка і мастака Гао Мана — Выдавецкі дом «Звязда». Дарэчы, сваіх мінскіх сяброў у пярэдадзень імпрэзы ў кнігарні кітайскі творца вітаў і наступнымі словамі:
«…усім сэрцам і душой з вамі. Як хацелася б яшчэ што-небудзь зрабіць у імя нашай дружбы і ўмацавання культурных сувязяў нашых народаў». І мы верым, глыбокапаважаны Гао Ман, што такія жаданні яшчэ сцвердзяцца!..

Мікола Міршчына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.