Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у верасні прыме ўдзел у Канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку. Ён правядзе сустрэчы з генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам і кіраўнікамі ўрадаў замежных дзяржаў. Канферэнцыя, якая адбудзецца напярэдадні адкрыцця чарговай сесіі Генасамблеі ААН, будзе прысвечана змене клімату.
Намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў падкрэсліў высокі ўзровень гэтага мерапрыемства. На саміт прыбудуць каля 60 кіраўнікоў дзяржаў на ўзроўні прэзідэнтаў і віцэ-прэзідэнтаў; каля трох дзясяткаў краін, у тым ліку Беларусь, будуць прадстаўляць прэм'ер-міністры.
«Плануецца выступленне Міхаіла Мясніковіча на гэтым мерапрыемстве, а таксама ўдзел ва ўрачыстасцях, якія арганізуюцца з нагоды пачатку чарговай сесіі Генеральнай асамблеі ААН», — расказаў журналістам намеснік міністра замежных спраў.
Аляксандр Гур'янаў таксама паведаміў, што працэс далучэння Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі зрушыўся з мёртвага пункта ў дыялогу з ЗША. «У апошні час мы актыўна абменьваемся пытаннямі і адказамі ў частцы ўдасканалення заканадаўства Беларусі ў вобласці знешняга гандлю, — сказаў намеснік міністра. — Амерыканскіх калег цікавіць цэлы шэраг кірункаў, уключаючы прынцыповую тэму для амерыканскіх кампаній — правы інтэлектуальнай уласнасці».
«Што да беларуска-амерыканскіх адносін і тэматыкі СГА, мы дамовіліся прагматычна і паступальна рухацца ў рамках перамоў экспертаў і не прыпыняць гэты працэс», — дадаў Аляксандр Гур'янаў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.