Вы тут

Балонскі працэс: новыя магчымасці для вышэйшай школы


Пытанне аб уключэнні Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі будзе абмеркавана на пасяджэнні міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі 14-15 мая ў Ерэване. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі нашай краіны. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў атрымаў афіцыйнае запрашэнне для ўдзелу ў мерапрыемстве.

Нагадаем, што ідэя стварэння еўрапейскай універсітэцкай супольнасці і адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі належыць найстарэйшаму ў Італіі Балонскаму ўніверсітэту. Яшчэ ў 1986 годзе, рыхтуючыся да свайго 900-гадовага юбілею, кіраўніцтва ўніверсітэта звярнулася да ўсіх універсітэтаў Еўропы з прапановай прыняць Вялікую хартыю ўніверсітэтаў — MagnaChartaUnіversіtarum. Ідэя была з энтузіязмам успрынята ВНУ, і падчас юбілейных урачыстасцяў у 1988 годзе гэты дакумент, які абвяшчае ўніверсальныя і вечныя каштоўнасці ўніверсітэцкай адукацыі, а таксама неабходнасць цесных сувязяў паміж імі, быў падпісаны рэктарамі 80 ВНУ.

У 1999 годзе на радзіме MagnaCharta ў Балонні адбылася першая канферэнцыя трыццаці еўрапейскіх міністраў адукацыі. Прынятая імі дэкларацыя «Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі» вызначыла асноўныя мэты, якія вядуць да збліжэння і гарманізацыі нацыянальных адукацыйных сістэм вышэйшай адукацыі ў краінах Еўропы і павышэння канкурэнтаздольнасці еўрапейскай вышэйшай школы.

Балонскі працэс стварае спрыяльныя ўмовы для максімальна спрошчанага перамяшчэння студэнтаў і ўладальнікаў дыпломаў у межах агульнай адукацыйнай прасторы, спрашчае ўзаемнае прызнанне кваліфікацый і адпаведных дакументаў аб вышэйшай адукацыі, спрыяе ўзаемадзеянню паміж ВНУ ў адукацыйнай і даследчай дзейнасці і гэтак далей. Адна з галоўных пераваг Балонскай ідэі — магчымасць больш рацыянальна выстраіць усемагчымыя адукацыйныя траекторыі. Балонскі працэс прапануе варыянт універсітэцкай адукацыі, які адпавядае патрэбам сучаснага тэхналагічнага ўкладу.

Балонскі працэс адкрыты для ўсіх краін, якія жадаюць у ім удзельнічаць, таму імкненне Беларусі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, стаць яго часткай, цалкам лагічнае і натуральнае

Сёння Балонскі працэс аб'ядноўвае ўжо 47 краін. Расія далучылася да Балонскага працэсу ў 2003 годзе, Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна — у 2005-м, а Казахстан — у 2010-м.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.