Вы тут

Якасць медыцынскіх паслуг, рэгулярнасць медаглядаў...


Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў чацвёртым квартале 2023 года вывучыў меркаванне насельніцтва краіны аб сістэме аховы здароўя і аб уласным здароўі. Апытанне было праведзена ва ўсіх абласных цэнтрах Рэспублікі Беларусь, сталіцы, асобных раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах. Аб’ём выбарачнай сукупнасці — 901 рэспандэнт (памылка выбаркі ±3,3%). Метад даследавання — тэлефоннае апытанне на аснове камп’ютарызаванай сістэмы CATI ASSO, якая дазваляе адбіраць рэспандэнтаў у любым рэгіёне краіны, пільна кантраляваць ход даследавання і правяраць выніковасць любога званка.


Лад жыцця, харчаванне і псіхаэмацыянальны стан 

Па выніках даследавання, большасць беларусаў (80,5%) сцвярджае, што здароўе залежыць ад абранага чалавекам ладу жыцця. У ролі іншых фактараў, якія ўплываюць на здароўе чалавека, удвая радзей рэспандэнты згадваюць стан навакольнага асяроддзя (45,3%) і спадчыннасць (44,2%). Якасць медыцынскіх паслуг для 38,3% насельніцтва краіны таксама выступае важным аспектам падтрымання стану здароўя.

Клопат аб ім, на думку ўдзельнікаў апытання, праяўляецца, у першую чаргу, у самастойнай арганізацыі рухомага ладу жыцця (48,5%) і ў адносінах да харчавання (44,9%). Таксама насельніцтва краіны адзначае важнасць выканання такіх мерапрыемстваў, як рэгулярнае праходжанне медаглядаў (40,8%), пазбяганне шкодных звычак (40,2%), прыём прэпаратаў, якія павышаюць імунітэт (39,0%). 

Далей ідуць кантроль псіхаэмацыйнага стану (32,2%) і захаванне рэжыму дня (32,0%). Таксама рэспандэнтамі згадваліся заняткі фізкультурай, спортам, гартаванне (31,8%). Пры гэтым 6,3% апытаных прызналіся, што нічога не робяць для клопату аб уласным здароўі.

Размеркаванне адказаў адносна задаволенасці аказаннем медыцынскіх паслуг па месцы жыхарства дэманструе, што большасць беларусаў (67,8%) задаволены іх якасцю. А не задаволены 23,1%.

Лічбавыя паслугі ў медыцынскай сферы

Па дадзеных даследавання больш за палову насельніцтва краіны (60,0%) інфармаваныя аб дзейнасці аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Электронны рэцэпт». Астатнія грамадзяне (39,7%) з ёй не знаёмыя. Не змаглі адказаць 0,3%.

Пошук лекавых прэпаратаў у аптэках з дапамогай сеткі Інтэрнэт выкарыстоўваюць 43,2% насельніцтва. Заказ талона або запіс да ўрача ў анлайн-фармаце прымяняюць на практыцы 35,6% грамадзян. Да звестак, размешчаных на сайце медустаноў, звяртаюцца 15,6 % беларусаў. Карыстаюцца паслугай выкліку ўрача да дому з дапамогай інтэрнэту 7,0 % апытаных. Да анлайн-кансультацый урачоў і заказу дастаўкі лекаў у сетцы інтэрнэт звяртаюцца па 2,9% рэспандэнтаў. Пры гэтым 44,4% удзельнікаў апытання прызналіся, што не карыстаюцца лічбавымі паслугамі ў галіне аховы здароўя.

Вірусныя захворванні і вакцынацыя

Больш беражлівыя і ўважлівыя адносіны да ўласнага здароўя пасля пандэміі СOVID-19 адзначаюць дзве траціны беларусаў (65,7 %). Прызналіся, што пандэмія не паўплывала на іх стаўленне да ўласнага здароўя 31,3% апытаных.

Аб рацыянальным успрыманні самазахавальных паводзін і захаванні нормаў гігіены сведчыць папулярнасць практыкі рэгулярнага мыцця рук і выкарыстання антысептыку, пра што паведамілі 66,4% рэспандэнтаў. 

Падтрыманне імунітэту фізічнай актыўнасцю, вітамінамі і БАДамі лічаць мэтазгодным 51,1% насельніцтва. Каля 50 % апытаных рэгулярна праводзяць вільготную ўборку і праветрыванне памяшканняў. Пазбягаць наведвання грамадскіх месцаў з вялікай колькасцю людзей лічаць эфектыўнай мерай 34,4% рэспандэнтаў. 

Акрамя ахоўных і абмежавальных практык, важнай формай супрацьстаяння вірусным захворванням з’яўляецца вакцынацыя, аб праходжанні якой заявілі 30,7% апытаных. Чвэрць удзельнікаў апытання (25,1%) адзначылі, што імкнуцца радзей выкарыстоўваць грамадскі транспарт. Практыку нашэнне медыцынскіх масак у грамадскіх месцах кожны пяты беларус (20,3%). А кожны дзесяты ўдзельнік апытання паведаміў, што ніякіх ахоўных мер не прадпрымае (10,9%).

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.