Вы тут

Медыцынскіх сёстраў падрыхтуюць менш чым за два гады


Умовы прыёму ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ў бягучым годзе не зменяцца. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Пры паступленні на аснове агульнай сярэдняй адукацыі абітурыенты павінны прадаставіць у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ з любой сумай балаў, акрамя нуля. А выпускнікі базавай школы будуць паступаць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ўвогуле без экзаменаў (за выключэннем спецыяльнасцей, дзе прадугледжаны «творчы экзамен»): конкурс сярод прэтэндэнтаў будзе ажыццяўляцца па сярэднім бале пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

Праўда, ёсць адна ўмова: абітурыенты, якія паступаюць на аснове базавай адукацыі на спецыяльнасці, дзе конкурс летась складаў 5 і больш чалавек на месца, павінны мець у пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі адзнакі, не ніжэйшыя за 4 балы, па рускай мове і беларускай мове, а таксама па прадмеце, што адпавядае профільнаму іспыту.

Прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць ажыццяўляць 216 устаноў адукацыі. Усяго плануецца прыняць 40,5 тысячы чалавек, што на 1% менш, чым было прынята на навучанне ў 2014 годзе. Гэта звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй і змяншэннем колькасці выпускнікоў.

Структура прыёму захаваецца на ўзроўні мінулых гадоў: профілі адукацыі «Тэхніка і тэхналогія», «Архітэктура і будаўніцтва», «Сельская і лясная гаспадарка», «Ахова здароўя» складаюць у агульным прыёме да 70%.

У Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы ў гэтым годзе ўпершыню будзе ажыццёўлены набор на новую спецыяльнасць «Праграмуемыя мабільныя сістэмы». Па заканчэнні навучання выпускнікам будзе прысвойвацца кваліфікацыя «Тэхнік-электронік».

Увогуле, за два апошнія гады пералік спецыяльнасцей і напрамкаў падрыхтоўкі ССНУ істотна пашырыўся. Напрыклад, у Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы летась адкрылася спецыяльнасць «Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў». У Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы — спецыяльнасць «Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы». У Мінскім політэхнічным каледжы — «Электроніка механічных транспартных сродкаў». У Магілёўскім тэхналагічным каледжы пачалі рыхтаваць мехатронікаў 5-га разраду, якія спецыялізуюцца на вытворчасці халадзільнага абсталявання.

Яшчэ адна важная для абітурыентаў інфармацыя тычыцца прыёму на спецыяльнасць «Сястрынская справа» ў медыцынскіх каледжах: рашэннем Міністэрства аховы здароўя тэрмін падрыхтоўкі медыцынскіх сёстраў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі быў скарочаны на цэлы год і складае цяпер 1 год 10 месяцаў.

Дарэчы, летась медыцынскія спецыяльнасці карысталіся ў абітурыентаў папулярнасцю, а конкурс, напрыклад, на «Зубалячэбную справу» нават перавысіў 7 чалавек.

Надзея НІКАЛАЕВА

Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2014 годзе:

«Правазнаўства» (12,7 чалавека на месца),

«Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці» (10,5),

«Банкаўская справа» (7,8),

«Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (7,4),

«Зубалячэбная справа» (7,3),

«Архітэктура» (6,3),

«Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка» (5,9),

«Дызайн» (5,7),

«Фінансы» (5,5),

«Арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце» (5,4),

«Фармацыя» (5,3),

«Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (па напрамках)» (4,9),

«Пад'ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне» (4,8),

«Аўтасэрвіс» (4,3),

«Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі» (4,2),

«Сястрынская справа» (4,0),

«Тэсціраванне праграмнага забеспячэння» (3,4).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.