Вы тут

У абітурыентаў будзе другі шанц


...але на змяншэнне ніжняга парога на ЦТ лепш не разлічваць

Магчымасць правядзення дадатковага набору на бюджэтныя месцы, што засталіся вакантнымі пасля першай хвалі залічэння, сёлета плануецца прадаставіць усім ВНУ і на ўсіх спецыяльнасцях. Пра гэта расказаў журналістам начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей РАМАНЮК.

— Мяркуем, што дадатковы набор можа спатрэбіцца на спецыяльнасцях, якія традыцыйна не карыстаюцца ў абітурыентаў папулярнасцю, хоць яны вельмі патрэбны эканоміцы нашай краіны. Гэта цэлы шэраг інжынерных, машынабудаўнічых і сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў. Яны не адразу прыцягваюць увагу абітурыентаў, але ў дадатковы набор маладыя людзі на іх ахвотна ідуць, — патлумачыў Сяргей Раманюк.

Нагадаем, што летась дадатковы набор быў аб'яўлены на 1439 месцаў і выкананы на 94%. Ён паспяхова прайшоў ва ўсіх ВНУ Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту, Міністэрства культуры, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства абароны. Праўда, планка патрабаванняў да абітурыентаў, якія паступалі ў рамках дадатковага набору, была летась зніжана. Напрыклад абітурыентам, што паступалі на ваенныя, спартыўныя і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ў другую хвалю, дастаткова было мець у сертыфікаце ўсяго 3 балы. Прычым гэта тычылася ўсіх экзаменацыйных дысцыплін. Таму студэнтамі змаглі стаць нават абітурыенты, якія не пераадолелі на ЦТ ніжні бар'ер па ўсіх трох прадметах. Але гэта было ўсё ж выключэннем з правіла...

Па словах Сяргея Раманюка, на многіх спецыяльнасцях у ВНУ ў мінулым годзе сфарміраваўся конкурс, якога не назіралася падчас асноўнага набору.

— А прахадныя балы істотна перавышалі прахадныя балы ў асноўны набор: на некаторых спецыяльнасцях розніца даходзіла нават да 80 пунктаў! Дадатковым шанцам скарысталіся абітурыенты з высокімі баламі сертыфікатаў ЦТ, якія не прайшлі па конкурсе на прэстыжныя спецыяльнасці асноўнага набору. Да таго ж прыйшлі абітурыенты, што па адной з экзаменацыйных дысцыплін мелі бал, які не дазваляў ім удзельнічаць у асноўным наборы, затое па двух іншых прадметах балы ў іх былі дастаткова высокія. Верагодна, абітурыенты, якія пераацанілі свае сілы і сутыкнуліся з перашкодамі, атрымаўшы дадатковую магчымасць, пачалі больш рэальна ацэньваць сітуацыю. І падавалі свае дакументы туды, куды маглі паступіць. У гэтым сэнсе дадатковы набор аказаўся вельмі карысным, — канстатаваў Сяргей Раманюк.

Першае і самае важнае, што трэба ведаць абітурыентам 2015 года: сёлета мінімальныя балы па прадметах ЦТ, з якімі можна будзе паступаць у рамках дадатковага набору, зніжацца не будуць! Яны такія ж, як і мінімальныя балы, устаноўленыя для асноўнага набору. Толькі для ахвотных паступіць на вакантныя месцы ў ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў у рамках дадатковага набору ніжні бар'ер будзе зніжаны да 5 балаў.

На вакантныя месцы змогуць прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ (але маюць на руках патрэбныя сертыфікаты) або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ.

ВНУ павінны будуць паведаміць пра месцы, якія засталіся вакантнымі пасля асноўнага набору, да 25 ліпеня (ВНУ сілавых ведамстваў — да 23 ліпеня, творчыя ВНУ — да 29 ліпеня). Дадатковы набор будзе ажыццяўляцца з 26 па 29 ліпеня (у ВНУ сілавых ведамстваў — з 24 па 27 ліпеня, у творчых ВНУ — з 30 ліпеня па 1 жніўня).

Адказваючы на пытанне журналіста «Звязды» наконт змянення пераліку ўступных іспытаў на геафаку ў БДУ, Сяргей Раманюк паведаміў, што пералік уступных выпрабаванняў пры паступленні на І ступень вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе быў зацверджаны яшчэ ў ліпені мінулага года. І калі раней абітурыентам, якія паступалі на спецыяльнасць «Геалогія і разведка карысных выкапняў», трэба было здаваць геаграфію і матэматыку, то цяпер замест геаграфіі яны будуць здаваць фізіку.

Але сапраўдным ударам стала замена профільнага іспыту для тых абітурыентаў, якія збіраліся паступаць на «Геаінфармацыйныя сістэмы». Асобная спецыяльнасць «Геаінфармацыйныя сістэмы» з'явілася ў іншым профілі адукацыі, дзе замест геаграфіі трэба здаваць ужо фізіку.

— Натуральна, што ёсць маладыя людзі, якія два апошнія гады рыхтавалі да паступлення менавіта геаграфію, магчыма, нават удзельнічалі ў алімпіядзе і сталі яе пераможцамі. Таму мы вырашылі прыняць рашэнне на карысць абітурыентаў і вярнуцца на год назад: тыя маладыя людзі, якія плануюць паступаць у гэтым годзе на спецыяльнасць «Геаграфія» (геаінфармацыйныя сістэмы), будуць здаваць усё ж такі геаграфію. А калі абітурыент паступае на спецыяльнасць «Геаінфармацыйныя сістэмы» (напрамак зямельна-кадастравыя) і «Геаінфармацыйныя сістэмы» (напрамак спецыяльныя — на ваенным факультэце), здаваць трэба фізіку, — удакладніў Сяргей Раманюк.

А вось ад рашэння зрабіць апошні дзень падачы дакументаў «днём цішыні» ў Міністэрстве адукацыі ўсё ж такі адмовіліся. У галоўным адукацыйным ведамстве прызнаюць, што абнаўленне інфармацыі пра колькасць пададзеных заяў і суму балаў кожныя тры гадзіны спрыяе стыхійнасці выбару прафесіі маладымі людзьмі, якія спрабуюць пралічыць свае шанцы на паступленне. Але паколькі абітурыенты і бацькі за шмат гадоў ужо прызвычаіліся менавіта да такога пастаяннага і ўсебаковага інфармавання, вырашана пакуль нічога не мяняць. Так што можна не сумнявацца, што і ў гэтым годзе знойдуцца маладыя людзі, якія будуць штурмаваць прыёмныя камісіі перад іх закрыццём літаральна ў апошнія хвіліны...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.