Вы тут

"Сакрэтныя" тэхналогіі ЦТ


Цэнтралізаванае тэсціраванне — не школьны экзамен,  або Чаму ў айчынных тэстах няма «творчых» заданняў.

Крыху больш за тыдзень аддзяляе беларускіх абітурыентаў ад важнага «старту». У нядзелю 14 чэрвеня яны прыйдуць у пункты правядзення ЦТ, каб здаваць беларускую мову. Улічыўшы вынікі апошняй прыёмнай кампаніі, дзяржаўная камісія ўнесла свае прапановы па далейшым удасканаленні адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. Мы сустрэліся з чалавекам, які ведае пра ЦТ практычна ўсё. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ расказаў, што зменіцца для абітурыентаў гэтага года...

Цэнтралізацыя па сутнасці

— Мікалай Сцяпанавіч, гэта добра ці дрэнна, што створаная ў нашай краіне больш як 10 гадоў таму сістэма ЦТ застаецца фактычна нязменнай?

— Сапраўды, калі ЦТ толькі пачало ўкараняцца, цяперашнія выпускнікі яшчэ не хадзілі ў школу. Але на сёння гэта, напэўна, самы зразумелы і празрысты механізм, дзякуючы якому ўступная кампанія праходзіць вельмі арганізавана і спакойна. Кожны абітурыент добра ведае «правілы гульні» і разумее, што поспех на ЦТ залежыць выключна ад яго ўласных намаганняў. Усе ведаюць: каб паступіць на нейкі прэстыжны факультэт, патрабуецца не менш як 300 балаў, а на некаторыя і 350 балаў можа не хапіць. Добра, што адразу была закладзена 100-бальная шкала ацэньвання ведаў. Дарэчы, краіны, якія выкарыстоўваюць тэставыя тэхналогіі, як правіла, ужываюць 100- альбо 1000-бальныя шкалы ацэньвання. Складана выправіць «дзявятку» на «дзясятку», а вось дабраць хоць некалькі дадатковых пунктаў пры 100-бальнай сістэме — мэта, якая прымушае абітурыентаў працаваць. Тэст, магчыма, і не ўніверсальная, але найбольш аб'ектыўная і непрадузятая форма кантролю, якая дазваляе ацаніць рэальны ўзровень ведаў прэтэндэнтаў на студэнцкі білет і пастроіць іх рэйтынг паспяховасці. Асноўныя пастулаты, закладзеныя ў ЦТ, застаюцца нязменнымі, і я лічу гэта вялікім плюсам. Баюся паказацца нясціплым, але такой цэнтралізацыі экзаменацыйнай кампаніі, як у нас, няма больш нідзе. У Беларусі тэсціраванне з'яўляецца цэнтралізаваным не толькі па назве, але і па сутнасці.

Але думка, што сістэма ЦТ не змяняецца, не адпавядае рэчаіснасці. За 12 гадоў тэхналагічнае суправаджэнне прайшло далёка наперад: я маю на ўвазе не толькі тэхналогіі, што выкарыстоўваюцца для рэгістрацыі ўдзельнікаў тэсціравання, але і тэхналогіі апрацоўкі бланкаў адказаў.

4-30

4-30

 

Сёння ў нас абсалютна ўсе працэсы аўтаматызаваны і абаронены ад вонкавага ўмяшання. Не спыняецца і праца над удасканаленнем зместу тэстаў, над фармулёўкамі заданняў. Спецыялісты інстытута штогод праводзяць абнаўленне зместу (мадэляў, тыпаў і формаў заданняў) тэстаў на 15-20%. Гэта робіцца як з мэтай пастаяннай ратацыі заданняў і максімальнага ахопу зместу ўсяго курса, так і для супрацьдзеяння прыёмам муштры абітурыентаў з боку асобных настаўнікаў і рэпетытараў. Так, летась па геаграфіі, хіміі, біялогіі, грамадазнаўстве была павялічана колькасць заданняў з невербальнай формай падтрымкі. Па матэматыцы і фізіцы праведзена карэкціроўка заданняў з улікам стандартных фармулёвак вучэбных дапаможнікаў; павялічана ўдзельная вага задач практыка-арыентаванай накіраванасці; па замежных мовах павялічана колькасць камунікатыўна-арыентаваных заданняў.

Гэта толькі на першы погляд ствараецца ўражанне, што сістэма цэнтралізаванага тэсціравання «закансерваваная».

Закрытыя і адкрытыя заданні

— Больш за ўсё апанентаў у заданняў, дзе прапануюцца варыянты адказаў...

— Ва ўсіх краінах, дзе прымяняюцца тэставыя формы кантролю, ёсць заданні з выбарам адказу (частка «А»): ва Украіне, Літве, Казахстане, Азербайджане, Арменіі, Турцыі... Прэстыжная Лонданская школа эканомікі і палітычных навук прапануе сваім абітурыентам 30 заданняў тэста па матэматыцы выключна з выбарам адказу. І чамусьці праблема так званага ўгадвання іх не турбуе.

Многія краіны, у тым ліку і Казахстан, каб максімальна аўтаматызаваць працэс апрацоўкі тэставых матэрыялаў, прапануюць на экзаменах заданні толькі з выбарам варыянту адказаў. Мы сёлета пашырылі частку «В» у тэстах па рускай і беларускай мове на 2 заданні. Цяпер суадносіны адкрытых і закрытых заданняў дасягнулі сваёй мяжы, каб можна было захаваць аўтаматызаваную апрацоўку бланкаў адказаў у ранейшыя тэрміны.

Аўтаматызаваная апрацоўка адказаў — ключавы момант любога масавага працэсу кантролю ведаў, у тым ліку і цэнтралізаванага тэсціравання. Апрацоўка паўмільёна бланкаў адказаў менш чым за 14 дзён з друкаваннем імянных сертыфікатаў магчымая толькі дзякуючы добра наладжанай тэхналагічна-арганізацыйнай схеме. У гэтыя тэрміны бланкі адказаў не толькі апрацоўваюцца, але і неаднаразова верыфікуюцца, што дае гарантыю адсутнасці памылак пры іх апрацоўцы і выключае магчымасць тэхнічных збояў. Адмова ад дадзенай формы тэставых заданняў або істотнае павелічэнне часткі «В» пацягне неапраўданае павелічэнне часу апрацоўкі тэставых матэрыялаў, рызыку ўзнікнення тэхнічных памылак і складанасці ў падрыхтоўцы якаснага і надзейнага тэставага матэрыялу. Насамрэч, гэтыя прапановы можна рэалізаваць, толькі калі зноў перайсці да традыцыйнай формы ўступных іспытаў, з так званай ручной праверкай разгорнутых адказаў абітурыентаў.

Існуюць пэўныя законы пабудовы тэста, згодна з якімі ўзровень заданняў павінен узрастаць. Заданні часткі «А», дзе прапануюцца варыянты адказаў, правяраюць або ўменне лагічна разважаць, або ўменне аналізаваць і хутка рабіць выснову. Правільна сфармуляванае заданне патрабуе ўдумлівага аналізу і супастаўлення магчымых варыянтаў рашэння.

А для таго, каб тэст мог больш дакладна пабудаваць рэйтынг удзельнікаў тэсціравання, існуе вобласць «В», дзе няма адказаў на прапанаваныя пытанні і задачы. Заданні субтэста «В» у большай ступені дазваляюць дыферэнцаваць абітурыентаў з больш глыбокай падрыхтоўкай. Мы аналізавалі, як спраўляюцца абітурыенты з вобласцю «А» і «В», і пераканаліся, што карэляцыя іх паспяховасці ў рабоце над адкрытымі і закрытымі заданнямі вельмі высокая. Таксама мы ўстанавілі, што працэнт няправільных адказаў на аналагічныя заданні, прадстаўленыя ў частцы «А» і частцы «В», практычна аднолькавы, што абвяргае тэорыю пра магчымае ўгадванне. Калі ёсць пэўны прабел у ведах, значыць, ён ёсць. І тэст яго абавязкова высвеціць...

18 крокаў

— А якім павінен быць якасны тэст, з пункту погляду прафесіянала?

— Замежныя спецыялісты вылучаюць 12 крокаў пры стварэнні тэста. Лічыцца, што калі тэст будзе стварацца з захаваннем гэтых 12 правілаў, то ён будзе валідным. Валіднасць — гэта надзейнасць тэста. Мы ж пры стварэнні тэста абапіраемся на 18 крокаў, гэта значыць, што наш алгарытм стварэння тэстаў яшчэ больш падрабязны. Па-першае, тэст павінен максімальна поўна адлюстроўваць змест вучэбнай дысцыпліны. Па-другое, для яго адбіраецца такі кантрольны матэрыял, які з высокай верагоднасцю дазваляе вызначыць індывідуальны ўзровень падрыхтаванасці маладога чалавека і дыферэнцыяваць абітурыентаў. Зусім лёгкія заданні ў нашых тэстах не выкарыстоўваюцца, як не выкарыстоўваюцца і абсалютна невыканальныя заданні.

Час для выканання тэста падбіраецца доследным шляхам з улікам працягласці найбольш плённага часу працы. Тэарэтычныя даследаванні і практычныя назіранні сведчаць, што час, адведзены на выкананне тэста, не павінен перавышаць тры гадзіны, інакш абітурыенты стамляюцца, што не дазваляе ім якасна выконваць заданні. Ды і вынікі нашага маніторынгу пацвярджаюць, што па фізіцы і матэматыцы толькі асобныя ўдзельнікі ЦТ працуюць у аўдыторыі ўсе тры гадзіны. Затым тэсты абавязкова праходзяць апрабацыю ў ходзе пробнага і рэпетыцыйнага тэсціравання. Удзел у апрабацыі тэстаў бяруць і будучыя выпускнікі, і навучэнцы падрыхтоўчых аддзяленняў ВНУ, і студэнты-першакурснікі, якія здавалі пры паступленні ўступныя іспыты па тых жа прадметах. Мы заўсёды глядзім на працэнт выкання заданняў: скажам, калі з заданнем спраўляюцца 92% удзельнікаў выпрабавання, значыць, яго трэба ўскладняць, або, наадварот, калі з заданнем спраўляюцца ўсяго 10-12 працэнтаў удзельнікаў, значыць, гэтае заданне трэба спрашчаць або ўвогуле ад яго адмаўляцца.

Некаторыя апаненты абвінавачваюць тэсты ў тым, што ў іх бракуе творчасці. Я з гэтым поглядам не згодны. Практычных задач у нашых тэстах становіцца ўсё больш. З іншага боку, творчасць трэба развіваць у працэсе навучання, а не на экзамене.

У расiйскiя тэсты, што выкарыстоўваюцца на адзiным дзяржаўным экзамене, уключаюцца i заданнi часткi «С», якiя патрабуюць разгорнутых адказаў: доказаў, эсэ, кароткiх сачыненняў i г. д. Аднак, як паказалi даследаваннi Расiйскага цэнтра тэсцiравання, карэляцыя памiж вынiкамi заданняў «А», «В» i «С» настолькi высокая, што значымасць гэтых заданняў зусiм невялiкая. Па матэматыцы да выканання часткi «С» прыступаюць не больш як 50% школьнiкаў, прычым большая палова з iх не атрымлiвае нiводнага бала. Разам з тым, тая акалiчнасць, што гэтыя заданнi правяраюцца ўручную групай экспертаў, знiжае аб'ектыўнасць цэнтралiзаванай формы выпрабаванняў.

Што агульнага паміж АДЭ і ЦТ?

— У нашай краіне ёсць шмат ініцыятараў сумяшчэння выпускных іспытаў у школе і ўступных у ВНУ, якія ківаюць у бок расійскага адзінага дзяржаўнага экзамену...

— Не ўсе разумеюць, што адзіны дзяржаўны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта дзве прынцыпова розныя сістэмы. Нават многія педагогі не бачаць паміж імі прынцыповай розніцы. Я асабіста абсалютна перакананы, што аб'ядноўваць адначасова выніковую атэстацыю за курс сярэдняй школы з уступнымі экзаменамі — вялікая памылка. Хоць бы таму, што пры правядзенні выніковай атэстацыі выкарыстоўваецца нарматыўна-крытэрыяльны падыход, накіраваны на выяўленне вучэбных дасягненняў навучэнцаў, а пры цэнтралізаваным тэсціраванні — нарматыўна-арыентаваны, заснаваны на статыстычных метадах апрацоўкі вынікаў. Задача абітурыенцкага тэсціравання ў тым, каб размеркаваць абітурыентаў па ўзроўні падрыхтоўкі і суаднесці іх паміж сабой, пабудаваць больш дакладны рэйтынг прэтэндэнтаў на званне студэнта. Гэта конкурс сярод абітурыентаў з прэтэнзіяй на пэўнае месца, пажадана больш высокае, у агульным спісе прэтэндэнтаў.

А ў Расіі спрабуюць вырашаць адначасова дзве задачы: гэта прыкладна тое ж, што вызначаць адлегласць ад Мінска да Лондана з такім разлікам, што да Парыжа мы будзем лічыць адлегласць у кіламетрах, а ад Парыжа да Лондана — у мілях. А затым паспрабуем іх скласці...

Крыўдзіцца на люстэрка

— А што вы адкажаце тым, хто прапануе перагледзець сістэму падліку балаў удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання? Маўляў, бацькам незразумела, чаму іх дзіця атрымлівае ў школе «васьмёркі» па прадмеце, а на тэсціраванні набірае ўсяго 30 балаў...

— Не варта праводзіць паралелі паміж школьнай атэстацыяй і конкурсным адборам у ВНУ. Па-першае, падчас вучэбнага працэсу ў школе ў больш высокай адзнацы зацікаўлены не толькі сам вучань, але і настаўнік, які вучыць яго шмат гадоў. Там вельмі праблематычна выключыць суб'ектыўны фактар: шмат што ўсё ж такі залежыць ад асобы настаўніка, яго патрабавальнасці, наладжаных кантактаў з тым ці іншым вучнем, асабістых сімпатый і антыпатый. А мэта цэнтралізаванага тэсціравання — правесці конкурсны адбор. На ЦТ у аснову методыкі разліку тэставага была пакладзена стабальная шкала, якая дазваляе не толькі прыняць пад увагу колькасць правільна выкананых заданняў тэста, але і ўлічыць адносную складанасць кожнага выкананага ці нявыкананага задання. А пакуль гэта ўсе не зразумеюць, так і будуць думаць, што 30 балаў на ЦТ — гэта школьная «тройка», а 20 балаў — «двойка».

— Як вы ставіцеся да абвінавачванняў кшталту «ЦТ падрывае вучэбны працэс у школе, настаўнікі муштруюць дзяцей пад тэсты»? І што ўвогуле якасць адукацыі стала зніжацца пасля ўвядзення на экзаменах ЦТ?

— Сапраўды, хапае тых, хто лічыць, што праблемы, якія мы найчасцей адзначаем у адукацыі, з'явіліся з пачаткам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Так склалася, што выніковасць выпускнікоў на ЦТ стала ў апошнія гады яшчэ адным паказчыкам работы навучальнай установы. Гэта не зусім правільна, бо мы не займаемся выніковай атэстацыяй. Але ці можна абвінаваціць прыбор для вымярэння артэрыяльнага ціску ў гіпертанічнай хваробе пацыента? Дык чаму ў тым, што веды некаторых беларускіх абітурыентаў моцна «кульгаюць», абвінавачваюць цэнтралізаванае тэсціраванне? Фактычна ЦТ выконвае функцыю таго самага «танометра» — «высвечвае» ў падрыхтоўцы беларускіх школьнікаў тыя ці іншыя праблемы...

Для школьных настаўнікаў, складальнікаў падручнікаў і тых, хто працуе над вучэбнымі праграмамі, вынікі тэсціравання павінны быць вельмі важным сігналам. Але сустракаючыся са школьнымі настаўнікамі, заўважыў, што апошнія пільна сочаць за зместам і формай тэставых заданняў і старанна іх аналізуюць. І калі два-тры гады запар у тэстах адсутнічаюць заданні па асобных раздзелах, настаўнік на ўроку паціху згортвае з імі актыўную работу. Таму такі ўскосны ўплыў ЦТ на змест школьнай адукацыі і сапраўды мае месца.

Асобныя педагогі пачатак рэпетыцыйнага тэсціравання чакаюць зусім не для таго, каб на падставе бягучай паспяховасці і вынікаў іспытаў ліквідаваць прабелы ў ведах сваіх вучняў. На жаль, у навучальны працэс укараняюцца не самыя рацыянальныя і метадычна апраўданыя прыёмы працы. Заганная практыка вучыць матэматыку, фізіку, біялогію і іншыя прадметы па нашых тэстах — не самы лепшы метадычны прыём! Мы не стамляемся паўтараць, што нашы заданні адпавядаюць школьнай праграме, але тэсты не перадаюць усёй паслядоўнасці таго ці іншага курса, а таму рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання трэба не па тэстах, а па падручніку. Тэст — гэта найперш сродак дыягностыкі, а не навучання!

— Мікалай Сцяпанавіч, ужо не першы год вядуцца размовы пра тое, што трэба павялічыць колькасць прадметаў, якія абітурыенты могуць здаваць на ЦТ. Чаму не ідзяце насустрач?

— Мы таксама лічым, што трэба даць абітурыентам магчымасць здаваць ЦТ больш чым па дзвюх профільных дысцыплінах (акрамя абавязковага экзамену па дзяржаўнай мове). Гэта пашырыла б магчымасці для выбару і дазволіла б удзельнічаць у конкурсе на «сумежныя» спецыяльнасці.

На наш погляд, было б добра, калі б усе абітурыенты здавалі абавязковы іспыт і па беларускай, і па рускай мове, тым больш што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. А затым яны маглі б выбіраць сертыфікат з найлепшым вынікам. Але, на жаль, нашы прапановы пакуль не знайшлі падтрымкі. Мы ўпэўнены, што вызначаць парогавае значэнне тэставага бала трэба пасля правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па кожным прадмеце дыферэнцыявана (а не абвяшчаць яго перад ЦТ), а ў якасці альтэрнатывы існуючай практыцы можна было б даць права ўстановам вышэйшай адукацыі самастойна вызначаць парог тэставага бала па профільных прадметах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.