Вы тут

Падрыхтаваліся на 100 балаў!


У Міністэрстве адукацыі разглядаюць магчымасць здачы абітурыентамі на цэнтралізаваным тэсціраванні чатырох дысцыплін, каб пашырыць для маладых людзей магчымасці для выбару прафесіі. Аб гэтым расказаў журналістам міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. «Але ўсе новаўвядзенні будуць добра прадуманы, а «правілы гульні» стануць вядомыя абітурыентам загадзя», — паабяцаў ён.

9-40

9-40

 

Міхаіл Жураўкоў падвёў папярэднія вынікі цэнтралізаванага тэставання. Сёлета 11 абітурыентаў набралі 100 балаў па двух прадметах з трох. Пры гэтым па трэцім прадмеце ЦТ у іх таксама вельмі высокія вынікі — 95, 96, 98 балаў. Напрыклад, Вольга Голуб набрала 100 балаў на ЦТ па рускай мове і грамадазнаўстве, Настасся Захаранка — па беларускай мове і хіміі, Уладзіслаў Меліхаў і Павел Меркіс — па фізіцы і матэматыцы.

«У гэтым годзе мы адышлі ад практыкі падлічваць сярэдні бал па прадмеце, бо ён, у прынцыпе, ні пра што не кажа. Усе ўдзельнікі ЦТ былі падзелены на катэгорыі: на тых, хто скончыў школы, ліцэі, гімназіі, сярэднія спецыяльныя ўстановы і прафтэхустановы сёлета і тых, хто завяршыў навучанне ў папярэднія гады. Па гэтых катэгорыях і падлічваўся сярэдні бал», — патлумачыў міністр.

Аналіз вынікаў ЦТ паказаў, што па рускай і беларускай мовах абітурыенты дастаткова пісьменныя. Сярэдні бал па рускай і беларускай мовах у выпускнікоў ліцэяў і гімназій гэтага года склаў больш за 60 балаў, а ў выпускнікоў агульнаадукацыйных школ — больш за 40. Па матэматыцы сярэдні бал у выпускнікоў ліцэяў — 51, у выпускнікоў школ — 27 балаў. Па словах Міхаіла Жураўкова, самым складаным прадметам для абітурыентаў, як і ў ранейшыя гады, застаецца фізіка. Праўда, сярэдні бал ліцэістаў па гэтым прадмеце — 52 балы, у гімназістаў — 45, а ў выпускнікоў школ — 26. Такім чынам, відаць, што прафілізацыя, якая ёсць у ліцэях і гімназіях, дае свой плён. Тыя ліцэісты і выпускнікі гімназій, якія надавалі фізіцы больш увагі, — здаюць яе на ЦТ лепш, чым выпускнікі звычайных класаў. А выпускнікі прафтэхустаноў здаюць фізіку горш, чым учарашнія школьнікі, бо ў сістэме прафесійнай адукацыі больш увагі надаецца прафесійным, а не агульнаадукацыйным дысцыплінам.

Вельмі нядрэнны вынік на ЦТ паказалі выпускнікі пры здачы замежных моў. Напрыклад, па англійскай мове сярэдні бал выпускнікоў гімназій — 59,8, а ў выпускнікоў школ — 39.

01-01

01-01

 

«Увогуле, калі падводзіць папярэднія вынікі, то сістэма цэнтралізаванага тэсціравання зноў даказала сваю жыццяздольнасць і эфектыўнасць, — падкрэсліў міністр. — Мы будзем і далей яе ўдасканальваць, але гэта не будзе паспешлівым працэсам. ЦТ будзе мадэрнізавацца з улікам прафілізацыі навучання ў старшай школе. Плануем увесці яшчэ адну частку — «С», якая будзе адрознівацца ў залежнасці ад патрабаванняў да абітурыентаў канкрэтнай вышэйшай навучальнай установы. Напрыклад, калі ўзяць фізічны факультэт БДУ і любы тэхнічны факультэт, то, вядома, патрабаванні да абітурыента па веданні фізікі ў першых і другіх будуць розныя».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны Бегунковай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.