Вы тут

Быць у сядле!


Коні вучаць гэтаму не толькі ў спорце.

Навошта дзеці носяць з сабой у лагер цукар, пра што лепш не ведаць іх бацькам і як навучыцца кіраваць пяццю цэнтнерамі жывой вагі, высвятлялі карэспандэнты «Чырвонкі», якія наведалі спартыўна-аздараўленчы лагер дзённага знаходжання для навучэнцаў Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі.

[caption id="attachment_92938" align="alignnone" width="600"]23-5 Да­ша Брон­ская і Ха­рыз­ма спя­ша­юц­ца на ра­ніш­нюю трэ­ні­роў­ку.[/caption]

Харызма выхаванкі Дашы

— Не бойцеся вы яго так, — паказваючы на каня, звяртаецца да мяне выхаванка цэнтра Даша Бронская. — Гэта Харызма. Яна вельмі любіць цукар і яблыкі. Вось, — працягвае Даша пачастункі, — пакарміце свайго новага сябра.

Сябрамі, як мне падалося, з Харызмай мы так і не сталі. Кабыла з маёй рукі ўсё, вядома, з'ела, але пасля зноў павярнулася да Дашы.

— Харызма адчувае, што вы яе трохі баіцеся, — быццам апраўдваецца дзяўчына. — Я ўвогуле да гэтага каня тры месяцы падыход шукала. Тут не ўсё так проста. Спачатку жывёла да цябе прывыкае, потым правярае і толькі пасля дазваляе вершніку стаць у «дуэце» галоўным.

Юная спартсменка прызнаецца, што не заўсёды расказвае пра падобныя «прыгоды», калі конь шкоднічае, бацькам.

Каб не так хваляваліся. Дарэчы, самым распаўсюджаным аргументам, чаму мама і тата не хочуць аддаваць сваё дзіця ў конны спорт, з'яўляецца яго траўматычнасць.

— У кожным відзе спорту ёсць свае нюансы. І рызыка будзе заўсёды. Гэта нармальна. Іншая справа, як зрабіць так, каб непрыемных сітуацый амаль не было. З гэтай задачай у нас добра спраўляюцца трэнеры, — тлумачыць начальнік вучэбна-спартыўнага аддзела РЦАП коннага спорту і конегадоўлі Святлана Сіроткіна.

Другая змена дзённага конна-спартыўнага лагера сабрала 30 юных наезнікаў. Усе яны — выхаванцы цэнтра. Ліпеньская змена праводзіцца для тых, хто займаецца конным спортам трэці-чацвёрты год. Кожны з такіх падлеткаў ужо прайшоў пачатковую падрыхтоўку і трапіў у адно з трох спартыўных аддзяленняў: трохбор'я, выездкі ці пераадольвання перашкод. Каня для заняткаў і ўдзелу ў спаборніцтвах хлопцам і дзяўчатам прадастаўляе цэнтр. Дзеці шмат трэніруюцца і абавязкова сочаць за здароўем свайго сябра.

— Я дзесяць гадоў займалася акрабатыкай, але заўсёды марыла быць бліжэй да коней. І вось калі бацькі вырашылі пераехаць ў Мінск, адразу ўзгадала пра Ратамку. Спачатку было цяжка звыкнуцца з тым, што пасля заняткаў адразу дадому не пабяжыш. Чаму? Таму што каня, як інвентар, на паліцу не пакладзеш. Жывёлу трэба супакоіць, памыць, пачысціць, — расказвае выхаванка цэнтра Паліна Дунаева.

І сапраўды, падлеткі шмат часу аддаюць любімаму занятку. Здаецца, яны правялі б каля коней увесь дзень!

[caption id="attachment_92940" align="alignnone" width="600"]23-7 Юныя спарт­сме­ны да­гля­да­юць сва­іх ча­ты­рох­но­гіх на­пар­ні­каў з пя­шчо­тай і кло­па­там.[/caption]

Давер як гарантыя поспеху

Любы летнік — гэта, безумоўна, аздараўленне. А спартыўна-аздараўленчы лагер яшчэ і добрая магчымасць для юных наезнікаў зразумець усю спецыфіку гэтага спорту, трэнерам — лепш прыгледзецца да задаткаў сваіх выхаванцаў.

— Як вы лічыце, — звяртаецца да мяне Уладзімір Краеўскі, трэнер аддзела трохбор'я, — што ў конным спорце самае цяжкае?

— Напэўна, утрымацца ў сядле, каб падчас спаборніцтваў і розных трукаў не апынуцца на зямлі...

— У чымсьці вы маеце рацыю. Але каб не зваліцца з каня, трэба не проста моцна трымацца, а перш за ўсё неабходна навучыцца давяраць жывёле. Вы павінны прыручыць яе, дабіцца ад яе паслухмянасці.

Першая палова дня ў лагеры — гэта трэніроўкі. Летам іх больш за тры гадзіны. Гэта, як лічаць падлеткі, не шмат, але і ў вольны час таксама можна быць побач з любімымі жывёламі.

— У маёй бабулі ў вёсцы ёсць конь. Я з ім пасябравала, але ісці ў канкур жывёла не хоча. Не прывыкла яна да гэтага! Яе праца іншая — воз цягнуць, па гаспадарцы дапамагаць, — жартуе выхаванка цэнтра Ліяна Кароткіх.

Цікава, што ўсе коні цэнтра выведзены на мясцовым конным заводзе і належаць да асаблівай тракененскай пароды. У музеі коннага спорту і конегадоўлі асобны стэнд прысвечаны гісторыі гэтай пароды і найлепшым яе прадстаўнікам. Дарэчы, менавіта ў Ратамцы праходзіла падрыхтоўку Ірына Ліс, спартсменка, якая прадстаўляла Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Афінах і Пекіне.

— Мы не можам гарантаваць, што ўсе выхаванцы цэнтра вырастуць чэмпіёнамі. Але тое, што кожны наезнік набудзе такія якасці, як мэтанакіраванасць, спрытнасць і адказнасць, сказаць магу са стапрацэнтнай упэўненасцю! — дзеліцца Уладзімір Краеўскі.

[caption id="attachment_92939" align="alignnone" width="600"]23-6 Да­вер у спар­тыў­ным ду­э­це — га­ран­тыя пос­пе­ху![/caption]

Скачуць не толькі коні

Другая палова дня ў лагеры — гэта час гульняў і тэматычных віктарын. У вольны час падлеткі з захапленнем чытаюць кнігі пра коней, іх звычкі, асаблівасці характару, глядзяць фільмы, дзе галоўная роля абавязкова належыць іх любімай жывёле. Акрамя гэтага, юныя вершнікі ладзяць сапраўдныя спаборніцтвы паміж сабой. Хлопцы і дзяўчаты вызначаюць, хто з іх самы хуткі, спрытны і вынослівы спартсмен. Дарэчы, перад тым, як пачаць займацца у конна-спартыўным цэнтры, дзеці абавязкова здаюць нарматывы па скачках, адцісканні, бегу.

— Аднойчы да нас прыйшла незадаволеная бабуля з пытаннем: «Навошта маёй унучцы бегаць і скакаць? Гэта ж коні павінны рабіць, а не людзі!» Насамрэч без фізічнай падрыхтоўкі ў гэтым спорце ніяк не абысціся, а яна ў цяперашніх дзяцей вельмі слабая, — распавядае Святлана Сіроткіна. — Як наезнікі збіраюцца кіраваць конямі, калі самі прабегчы сто метраў без моцнай задышкі не могуць?!

Выхаванцы цэнтра і трэнеры расказваюць, што верхавая язда танізуе ўвесь арганізм, асабліва сэрца і сасуды, нармалізуе работу дыхальнай сістэмы. Акрамя таго, паездкі верхам станоўча ўплываюць не толькі на фізічны стан арганізма, але яшчэ і на псіхіку. Такія рэгулярныя заняткі здольны пазбавіць чалавека ад дэпрэсіі і бяссонніцы.

— Заўсёды думала, што ў конным спорце больш хлопцаў, чым дзяўчат. Але цяпер бачу, што гэта не так. За ўвесь час знаходжання ў лагеры не сустрэла ніводнага юнака! — здзіўляюся я.

— Дзяўчаты больш адказныя і клапатлівыя. А коням гэта неабходна! Да таго ж смеласці і зацятасці ў прыгожай паловы чалавецтва дастаткова! У конным спорце вынікаў адразу не даб'ешся, але калі ўпэўнена і доўга ісці да сваёй мэты — усё абавязкова атрымаецца, — тлумачыць Уладзімір Краеўскі.

Ці стануць сённяшнія выхаванцы лагера ў Ратамцы чэмпіёнамі коннага спорту, пакуль невядома. Але з упэўненасцю можна сказаць, што юныя спартсмены добра ведаюць сваю справу і адчуваюць тых, каго яны завуць сваімі напарнікамі.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.