Вы тут

Для Саюза моладзі важна быць у трэндзе


«Год моладзі — каласальная для нас адказнасць, бо моладзь не церпіць фальшы і падману. І калі мы заявілі, што БРСМ павінен аб'ядноўваць крэатыўных і цікавых маладых людзей, то павінны гэта рабіць. За свае словы трэба несці адказнасць», — заявіў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ.

Маладзёжны лідар лічыць, што даваць ацэнку Году моладзі — рана, бо наперадзе яшчэ шмат цікавых і значных падзей, у тым ліку выбары кіраўніка дзяржавы.

13-22

Бывай, інфантылізм!

— Для моладзі гэта ў пэўнай ступені экзамен на сталасць. Яна не можа заставацца ў баку ад важных падзей, таму што сёння мы вызначаем, як будзем жыць далей, як будуць жыць нашы дзеці, як будзе развівацца дзяржава. І тут маладыя павінны быць у авангардзе, — падкрэсліў Андрэй Белякоў. — Саюз моладзі прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх выбарчых кампаніях. Мы пастараемся, каб актывісты БРСМ, па магчымасці, прысутнічалі ў якасці назіральнікаў на ўсіх выбарчых участках. Гэта важна для пашырэння кругагляду, бо ўдзел у такой важнай палітычнай кампаніі — гэта яшчэ і магчымасць стасункаў, зносін з рознымі людзьмі, у тым ліку з замежнымі назіральнікамі, што, у сваю чаргу, можна назваць і моўнай стажыроўкай.

На думку кіраўніка грамадскай маладзёжнай арганізацыі, самае важнае, чаму навучыць моладзь удзел у выбарчай кампаніі, — гэта адказнасць. Маладыя людзі павінны разумець адказнасць за лёс сваёй краіны. Яны не павінны быць інфантыльнымі, у іх павінен быць стрыжань. Важна разумець, што краіну, у якой яны жывуць, трэба берагчы і развіваць.

— Так, сёння ёсць магчымасць з'ехаць за мяжу, але ўзнікае пытанне: ці патрэбен ты там? Ці не жадаюць выкарыстаць цябе, як працоўную сілу, а потым выкінуць, як смецце? Важна зразумець, што трэба развіваць краіну, дзе жылі нашы продкі, — падзяліўся сваім меркаваннем Андрэй Белякоў. — Ёсць прыклад, пра які нельга не згадаць. Гэта прыклад Украіны, нашай брацкай славянскай краіны, з якой мы ў рамках маладзёжнага абмену пастаянна мелі стасункі. Сёння гэты абмен спыніўся. Якія каштоўнасці там навязваюцца, чаму моладзь, з якой яшчэ ўчора мы сябравалі і разам развівалі праекты, адмовілася ад гэтага, — вялікае пытанне.

13-26

Есць пазіцыя? Заяві...

Нядаўна БРСМ запусціў новы праект «Выбірай.bу!». Адкрытыя дэбаты з'яўляюцца па сутнасці новым этапам «Адкрытага дыялогу», падчас якога моладзь мае магчымасць за «круглым сталом» абмеркаваць розныя пытанні і праблемы. Адна з задач праекта — навучыць маладых людзей аргументаваць свой пункт погляду, адстойваць сваю пазіцыю. У той жа час з дапамогай праекта моладзь зможа атрымаць велізарную колькасць інфармацыі, паколькі дэбаты не зацыкліваюцца на адной тэме.

— Мы прапанавалі больш за 30 тэм, якія тычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, грамадска-палітычных падзей, культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, студатрадаўскага руху, развіцця розных маладзёжных ініцыятываў і гэтак далей, — паведаміў Андрэй Белякоў. — Немалаважна і тое, што ў дэбатах прымуць удзел эксперты. Гэта людзі, якія шмат чаго дамагліся ў сваёй кар'еры, якія могуць чамусьці навучыць, могуць даць ацэнку. Бо мэтай дэбатаў з'яўляецца не спрэчка, а ўменне даказаць свой пункт гледжання, выслухаць апанентаў, экспертаў, зрабіць высновы і зразумець свае памылкі. Каб дасягаць вялікіх мэт, развівацца, вельмі важна аб'ядноўвацца. Гэты праект, безумоўна, не скончыцца ў дзень выбараў. Мы плануем, што ён будзе паўсюдны і пройдзе на ўсіх узроўнях. Дарэчы, адзін са слоганаў дэбатаў — «Узброены інфармацыяй — значыць, карысны». Важна разумець, што праз засваенне новай інфармацыі можна прыносіць карысць: сабе, сваёй сям'і, свайму населенаму пункту, сваёй краіне.

Маладзёжны лідар бачыць пэўны сімвалізм у тым, што Год моладзі супаў з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, бо адна з граняў працы БРСМ — гэта захаванне пераемнасці. На з'ездзе арганізацыі, які прайшоў у студзені, быў дадзены старт праекту «Кветкі Вялікай Перамогі»:

— Нам было вельмі прыемна назіраць, як тысячы беларусаў 9 Мая і на Дзень Незалежнасці прымацоўвалі да сваёй вопраткі чырвона-зялёныя стужкі з яблыневай кветкай. Гэты сімвал аб'яднаў людзей усіх пакаленняў.

13-23

Прывілеі для студатрадаў

Зараз у самым разгары трэці працоўны семестр. Андрэй Белякоў з задавальненнем адзначыў, што студатрадаўскі рух падтрымліваецца на самым высокім узроўні. Кіраўнік дзяржавы, урад, выканаўчая ўлада на месцах выступаюць як адзіная каманда па яго развіцці. Сёння малады чалавек у любы час года можа запісацца ў студэнцкі атрад і працаваць у вольны ад вучобы час, а гэта ў тым ліку і вызваленне ад падаходнага падатку.

БРСМ ініцыяваў увядзенне падатковых паслабленняў для наймальнікаў студэнцкіх атрадаў, але гэтая ініцыятыва выклікае спрэчкі і рознагалоссе.

— Мне б вельмі хацелася, каб у гэтым годзе сітуацыя, нарэшце, вырашылася, — прызнаўся Андрэй Белякоў. — Сапраўды, прапрацоўваецца заканадаўчы акт, каб матываваць прадпрыемствы і арганізацыі, якія прымаюць студэнцкія атрады. Ёсць прапанова, каб частка падаткаў, якія сёння выплачваюцца ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва наймальнікамі, ішла на фінансаванне базы для ўмацавання студатрадаўскага руху на прадпрыемствах і ў фонды развіцця студэнцкіх атрадаў увогуле. Мы б вельмі хацелі, каб сёлета наша ініцыятыва запрацавала. У Расіі практыка вызвалення наймальнікаў ад падаткаў і іх выплата не ў Фонд сацыяльнай абароны, а на развіццё студэнцкіх атрадаў, існуюць ужо некалькі гадоў. У гэтым выпадку мы не вынаходзілі веласіпед. Мы проста жадаем, каб студатрадаўскі рух развіваўся.

У 2014 годзе больш як 70 тысяч чалавек былі задзейнічаны ў працы студэнцкіх атрадаў. Трэба дабавіць сюды таксама ўдзельнікаў добраахвотніцкіх атрадаў, і атрымаецца, што больш як 130 тысяч маладых людзей былі ахоплены летась падобнай формай занятасці. У гэтым годзе пастаўлена задача, як мінімум, не апусціць гэтую планку.

13-24

Заробак — не галоўнае...

Андрэй Белякоў расказаў, што на ўсебеларускай маладзёжнай будоўлі БелАЭС студ-атрады працуюць ужо другі год. Летась там працавалі толькі 209 байцоў студатрадаў, а сёлета іх ужо больш за 400 чалавек. Гэта 20 беларускіх лінейных атрадаў і 3 атрады студэнтаў з Расіі. Сёння будоўля на БелАЭС — гэта прыклад таго, як можна не проста разам працаваць, а яшчэ і сябраваць у рамках Саюзнай дзяржавы.

— Гэта толькі адзін з аспектаў важнасці студатрадаўскага руху. Мяркую, што ў яго цудоўная будучыня. Мы ўпэўнены: у студэнцкіх атрадах фарміруюцца такія важныя якасці маладых людзей, як прыстойнасць і адказнасць, — падкрэсліў кіраўнік Саюза моладзі. — Я не хацеў бы зводзіць карысць працы ў студатрадах выключна да заработнай платы, паколькі студэнцкі атрад для нас — гэта калектыў, гэта песні ля вогнішча, гэта новыя сябры, гэта ў тым ліку і першае каханне, а потым і сем'і, якія ўтвараюцца пасля таго, як маладыя людзі разам папрацавалі ў атрадзе. Ідэалагічны складнік для БРСМ не менш важны, чым заробак. Мы, натуральна, хацелі б, каб заробак студатрадаўцаў быў большым. Але выдатна разумеем, што з аб'ектыўных прычын сацыяльна-эканамічнага развіцця зарплата байца студатрада не можа быць у шмат разоў большай, чым заробак працоўнага або служачага. Вядома, прэферэнцыі ад дзяржавы дапамагаюць зарабляць больш. Напрыклад, байцы студатрадаў на некаторых буйных будоўлях атрымаюць па 15-18 мільёнаў рублёў. Я хачу звярнуць увагу, што гэтыя лічбы нельга вырываць з кантэксту і казаць, што мы абяцаем адно, а ў рэчаіснасці аказваецца іншае. Шмат залежыць ад таго, якая праца выконваецца, а таксама ад кваліфікацыі студэнта. Меркаванне пра тое, што ў атрады прыходзяць студэнты, якія нічога не ўмеюць рабіць, памылковае. На многія будоўлі прыязджаюць сапраўдныя спецыялісты, муляры і бетоншчыкі з разрадамі. Натуральна, яны зарабляюць больш. Наогул, самыя высокія заробкі якраз у будаўнічых студэнцкіх атрадах. У педагагічных, вядома, зарабляюць менш, але ж гэта зусім іншая спецыфіка працы. Хлопцы і дзяўчаты ідуць у студатрады з рознымі мэтамі — набыць прафесію, завесці сяброў, паглядзець іншую краіну. Напрыклад, сёлета наш валанцёрскі атрад выехаў у Італію, былі паездкі ў Польшчу. Вымяраць усё толькі заробкам нельга. А наогул, будзе развівацца наша дзяржава — будуць павышацца і заробкі студатрадаўцаў.

Рух... у ІТ-кірунку

Андрэй Белякоў расказаў, што сёлета БРСМ пачаў актыўна практыкаваць два новыя профілі студэнцкіх атрадаў — медыцынскі і навукова-вытворчы. Іх узнікненне ідзе ад жыцця. Стварэнне медыцынскіх атрадаў ініцыявалі студэнты медыцынскіх ВНУ, у прыватнасці з Віцебска. Іх ідэю падтрымалі і гамяльчане. У вольны ад вучобы час многія з іх працуюць, у тым ліку ў службе хуткай дапамогі. Ініцыятыва студэнтаў знайшла падтрымку з боку міністра аховы здароўя, і з нядаўняга часу такія атрады ўжо дзейнічаюць у медыцынскіх установах.

Профіляў студэнцкіх атрадаў раней было пяць — сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, педагагічныя, экалагічныя і сэрвісныя. А які з іх па сваіх функцыях падыходзіць для працы, напрыклад, у Акадэміі навук? Вось і было прапанавана вылучыць новы профіль — навукова-вытворчыя брыгады. Не выключана, што з часам з'явяцца і іншыя. Ужо цяпер ёсць прапанова вылучыць у асобны профіль ІТ-кірунак. З кожным годам усё больш моладзі працуе ў дадзенай сферы.

— Калі гэта будзе сапраўды неабходна, мы збяромся і ў Рэспубліканскім штабе БРСМ, прымем адпаведнае рашэнне, — паабяцаў Андрэй Белякоў. — Для нас самае важнае, каб новыя напрамкі былі запатрабаваны маладымі людзьмі. Мы развіваем толькі тое, што трэба моладзі і дзяржаве. Навошта займацца тым, у чым няма неабходнасці?

13-25-1

Інтэрнэту — рэспект!

Андрэй Белякоў лічыць сацыяльныя сеткі вельмі важным інструментам для рэалізацыі ініцыятыў Саюза моладзі:

— Як сведчаць апытанні, большую частку інфармацыі моладзь чэрпае менавіта з інтэрнэту. Нават тэлебачанне прайграе сеціву, не кажучы пра радыё і газеты. Гэта даніна часу. Зусім нядаўна мы праводзілі апытанне сярод нашых лідараў і ідэалагічных работнікаў. Высветлілася, што без камп'ютараў не могуць абысціся 99% апытаных, без мабільнага тэлефона — 98%, у той жа час без друкаваных СМІ — толькі 32%, а без тэлебачання — 46%. Мы не можам ігнараваць інтэрнэт. Праца гэтая планавая, сістэмная, мы актыўна працуем ва ўсіх буйных сацыяльных сетках. Толькі «ВКонтакте» створана больш за 340 нашых груп, якія аб'ядноўваюць звыш 400 тысяч маладых людзей. БРСМ прадстаўлен таксама ў Fасеbооk, Twіttеr, Іnstаgrаm. Мы разумеем, што інтэрнэт можа мець як станоўчае значэнне для развіцця маладога чалавека (даносіць патрэбнае, выступаць сродкам для стасункаў), так і ўяўляць велізарную пагрозу, таму што інфармацыя можа быць розная.

Зараз мы запусцілі інтэрнэт-праект «Мая Беларусь — мой выбар». Задача — напоўніць сацыяльныя сеткі пазітыўнай інфармацыяй, фактамі, якія дапамогуць гаварыць з гонарам пра краіну, распавесці пра нашых спартсменаў, алімпійскіх чэмпіёнаў, ІТ-шнікаў, акадэмікаў, бізнесменаў, якія дамагаюцца поспехаў далёка за межамі Беларусі.

Такой інфармацыі ў інтэрнэце не хапае. Нам бы хацелася, каб гэта рабілася ад душы, а не па ўказцы. Каб мы самі разумелі важнасць гэтага працэсу. Бо сёння сецівам карыстаемся мы, а заўтра ў інтэрнэт зойдуць нашы дзеці. Тое, што яны адкрыюць, што яны там убачаць, сфарміруе іх псіхалогію, характар і свядомасць.

Праз інтэрнэт мы спрабуем данесці цікавую інфармацыю аб нашым саюзе. Зразумела, што віртуальная прастора ў будучыні будзе выкарыстоўвацца вельмі актыўна самымі рознымі структурамі і арганізацыямі, там жа пастаянна з'яўляюцца новыя тэндэнцыі, прасочваецца пэўная мода на нейкія рэчы. І для БРСМ важна пастаянна быць у трэндзе, у тым ліку ў інтэрнэце. Расказаць нам ёсць пра што, у саюзе, дарэчы, кожны малады чалавек па-свойму таленавіты і крэатыўны. І са свайго боку мы будзем рабіць усё для таго, каб інтэрнэт быў пазітыўны.

«Казырная карта»

Кіраўнік Саюза моладзі расказаў пра адзін з пілотных праектаў арганізацыі.

— Асэнсоўваючы сусветны вопыт, мы ўжо распрацавалі і ў найбліжэйшы час запусцім спецыяльны маладзёжны білет у выглядзе карты. На ёй будуць знаходзіцца і асабістыя даныя, і іншыя звесткі. Карта дасць магчымасць скарыстацца дысконтнай праграмай не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і сумежных дзяржаў, у прыватнасці ў Расійскай Федэрацыі. Мы зараз прапрацоўваем гэтае пытанне з нашымі партнёрамі. У дадатку да карты будзе знаходзіцца брашура з указаннем адрасоў падтрымкі. Зусім хутка, думаю, адбудзецца прэзентацыя першай партыі такіх маладзёжных білетаў. Адной са сваіх задач БРСМ бачыць падтрымку сваіх жа членаў. І гэтая маладзёжная карта, па сутнасці, паслужыць яшчэ адным інструментам для падтрымкі маладых людзей. Плюс — гэта стыльна, прыгожа, зручна, сучасна.

Андрэй Белякоў раскрыў яшчэ адзін сакрэт: зараз БРСМ працуе над тым, каб стварыць спецыяльную карту і для ўдзельнікаў праекта «100 ідэй для Беларусі». Гэта будзе ў пэўным сэнсе клуб у рамках праекта, а ўладальнікі клубных карт будуць мець дадатковыя бонусы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.