Вы тут

Выдатнікі ў сваёй прафесіі


Першую спробу беларусаў скарыць Алімп прафесійнага майстэрства на сусветным чэмпіянаце WorldSkіlls-2015 нельга назваць няўдалай: з Бразіліі беларуская каманда прывезла два медалі выдатнікаў.

Наша краіна ўступіла ў міжнародную асацыяцыю WorldSkіlls толькі ў студзені 2014 года і тут жа пачала рыхтавацца спачатку да нацыянальнага, а потым і да сусветнага чэмпіянату. На апошнім беларуская зборная ў складзе 17 чалавек спаборнічала ў 15 кампетэнцыях (аўтамабільныя тэхналогіі, мехатроніка, фрэзерныя і такарныя працы на станках з праграмным кіраваннем, мабільная робататэхніка, электроніка, кабельная сістэма інфармацыйнай сеткі, цырульніцкае мастацтва, рэстаранны сэрвіс і іншых). Усе канкурсанты выступілі вельмі годна, але больш вопытныя сапернікі аказаліся мацнейшымі. Пры гэтым усе ўдзельнікі чэмпіянату, якія набралі 500 і больш балаў, але не былі ўзнагароджаны залатым, сярэбраным або бронзавым медалямі, атрымалі медалі выдатнікаў. Сярод беларусаў такія медалі атрымалі Алеся Назарава, якая дэманстравала сваё прафесійнае майстэрства ў кампетэнцыі «Цырульніцкае мастацтва» (516 балаў), і Вольга Закрэўская — у кампетэнцыі «Дызайн адзення» (515). Таксама Алесі Назаравай уручылі медаль «Вest of natіon», які даюць аднаму канкурсанту ад кожнай краіны, які набраў найбольшую колькасць балаў сярод сяброў па камандзе.

Яшчэ адзін медаль быў уручаны тэхнічнаму дэлегату WorldSkіlls Беларусь Вользе Дзехцярэнцы, якая выступала ў ролі прэзідэнта журы ў кампетэнцыі «Візуальны мерчандайзінг».

У дні правядзення сусветнага чэмпіянату ў Бразіліі прайшла Міжнародная канферэнцыя міністраў адукацыі «Ініцыятывы XXІ стагоддзя, накіраваныя на садзейнічанне прафесійнай адукацыі і навучанню», якую наведаў міністр адукацыі Беларусі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ. У рамках свайго візіту кіраўнік сістэмы адукацыі правёў перамовы са старшынёй WorldSkіlls Іnternatіonal Сайманам Бартлі і сустрэўся з міністрам адукацыі Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія, з якім падпісаў Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Да гэтага часу ў нас з Бразіліяй такога дагавора не было. У дакуменце адзначана, што бакі будуць садзейнічаць усталяванню і развіццю прамых сувязяў паміж установамі адукацыі дзвюх краін.

Спаборніцтвы WorldSkіlls-2015 праходзілі ў Сан-Паўлу ў канцэртна-забаўляльным комплексе Park Anhembі агульнай плошчай213 тысяч кв. На чэмпіянат прыехалі 1192 канкурсанты з 59 краін і 1144 эксперты з 70 краін. Ім дапамагалі 300 перакладчыкаў і 800 валанцёраў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.