Вы тут

Студатрад... у белых халатах


З пачатку ліпеня ў клініках і бальніцах Мінска пачалі працаваць медыцынскія студэнцкія атрады. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведалі 5-ю гарадскую клінічную бальніцу і даведаліся, як на практыцы выкарыстоўваюць свае веды студэнты-медыкі.

27-6

Запомніць на ўсё жыццё

— Толькі накіньце, калі ласка, халат, — папярэджвае мяне адразу, як толькі мы падняліся на трэці паверх, Даша Рындава. — У нас тут з гэтым строга. Самі разумееце, аддзяленне рэанімацыі.

Даша вучыцца на шостым курсе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і расказвае, што ўсе студатрадаўцы стараюцца выконваць нават самыя простыя «законы і правілы» бальніцы, у якой працуюць. «Адзін раз запомніш, як трэба, і на ўсё жыццё адкладзецца». А ў іх прафесіі, як кажа дзяўчына, рабіць няправільна забараняецца.

Усяго гэтым летам у сталічных медыцынскіх студатрадах задзейнічана 206 студэнтаў. Для тых, хто ўжо паспеў скончыць трэці курс, у клініках даступныя вакансіі медсясцёр і медбратоў, а для астатніх — медыцынскіх рэгістратараў і санітараў.

Дарэчы, сёлета медыцынскія студатрады працуюць у тэставым рэжыме і ўступіць у іх змогуць толькі студэнты сталічнага медуніверсітэта. Але калі гэты пілотны праект зарэкамендуе сябе, то не выключана, што ўжо наступным летам атрымліваць бонусы ад працы ў студатрадах змогуць таксама студэнты ўсіх беларускіх медыцынскіх ВНУ і каледжаў. А іх абяцаюць нямала. Напрыклад, засяленне ў інтэрнат і значная зніжка (да 60%) на аплату навучання. Найбольш жа актыўных студэнтаў будзе прэміраваць і сам універсітэт.

— Я працую медыцынскай сястрой і выконваю ўсе лячэбныя, гігіенічныя і іншыя ўрачэбныя прызначэнні. Медсястра раздае лекі, ставіць кампрэсы, гарчычнікі, клізмы, бярэ ў хворых матэрыял для лабараторных даследаванняў, сочыць за выкананнем прызначанага хвораму рэжыму, прыёмам лекаў. Падчас свайго дзяжурства сястра павінна сачыць за станам і самаадчуваннем хворых (вымяраць тэмпературу, адсочваць дынаміку пульсу і дыхання), — тлумачыць студэнтка.

І гэта яшчэ не ўвесь спіс абавязкаў, якія выконвае Даша. Дзяўчына прызнаецца, што спачатку было вельмі цяжка.

— У першы мой працоўны дзень памёр пацыент. Вядома, я разумею, што гэта здарылася не па маёй віне (выпадак быў вельмі складаны), але непрыемны асадак застаўся. Увогуле, складана ўліцца ў рабочы працэс. Ад цябе патрабуюць зрабіць і тое, і гэтае, а ты разумееш, што яшчэ не справіўся з самым першым даручэннем, — узгадвае Даша.

На шчасце, як кажа студэнтка, цяпер яна ўжо спраўляецца са сваёй работай. Ёсць, зразумела, нейкія пытанні, але адказы на іх можна знайсці ў вопытных урачоў і медсясцёр, якія заўсёды знаходзяцца побач са студэнтамі.

27-7

Тэорыя і практыка — розныя рэчы

— Я хачу стаць хірургам. Так, зараз мае абавязкі медбрата маюць мала агульнага з «прафесіяй мары», але гэты досвед лішнім не будзе. Непатрэбных ведаў у медыцынскай сферы проста не бывае, — упэўнены Юрый Лагун.

Хлопец таксама вучыцца на шостым курсе Белмедуніверсітэта.

— Ведаеце, што больш за ўсё мяне ўразіла падчас працы? Тое, наколькі не супадаюць тэорыя ў падручніку і практыка ў бальніцы. Чытаеш у кнізе адно, а ў палаце бачыш зусім іншае. Увогуле, без практыкі ўсе тыя веды з універсітэта пустыя, — дзеліцца студэнт.

Юра плануе працаваць і падчас вучобы. Прызнаецца, што сумяшчаць работу і заняткі ва ўніверсітэце будзе складана. Але такога вопыту, як у бальніцы, не набярэшся нідзе. У адміністрацыі медустановы студатрадаўцы на добрым рахунку. Энергічныя, адказныя, старанныя работнікі заўсёды патрэбны. Дзяжурствы і выхадныя ў студэнтаў-медыкаў — па графіку. Зарплата і прэміі — як у штатных супрацоўнікаў.

— Хлопцы і дзяўчаты ў нас разумныя, уважлівыя і, галоўнае, «жывыя». У іх «вочы гараць», так яны хочуць усяму навучыцца! А калі ёсць жаданне — будзе і вынік, — лічыць галоўная медсястра Святлана Калбенева.

[caption id="attachment_97920" align="alignnone" width="600"]27-5 Юрый Лагун.[/caption]

Цяжка найперш маральна

Шасцікурсніца Анжаліка Бялоцкая працуе ў аддзяленні хірургіі. На размову з намі дзяўчына адвяла літаральна дзесяць хвілін. Анжаліка прызнаецца, што ў тыя свабодныя моманты, якія вельмі рэдка з'яўляюцца на рабоце, яна проста хоча пасядзець у цішыні.

— Для мяне праца цяжкая маральна, а не фізічна. Амаль кожны дзень прыходзіцца бачыць хворых, знясіленых людзей. Згадзіцеся, малюнак не самы прыемны. А яшчэ становіцца горш, калі ты не ў сілах дапамагчы, — прызнаецца студэнтка.

Дзяўчына лічыць, што яе эмацыянальнасць і ўспрымальнасць з часам пройдзе. Галоўнае — не пераставаць займацца любімай справай. Анжаліка чытае шмат медыцынскай літаратуры і спрабуе прымяняць новыя веды на працы.

— Займацца з дзецьмі мне вельмі падабаецца. Ад іх зыходзіць столькі цяпла і шчырасці! Але ў той жа час да дзяцей патрэбен нейкі іншы падыход, чым да дарослых, — расказвае дзяўчына.

Анжаліка канстатуе, што размаўляць з роднымі хворых няпроста. Звычайна гэта робіць урач, але нават збоку зразумела, якім тонкім псіхолагам трэба быць. Студэнтка лічыць, што такіх каштоўных парад, якія можна пачуць у бальніцы, не знойдзеш ні ў адным падручніку.

Студэнты-медыкі прызнаюцца, што ім вельмі прыемна, калі іх працу заўважаюць. Пачуць пахвалу ад калегі-ўрача — як узнагарода. Атрымаць «дзякуй» ад пацыентаў ці іх родных — стымул працаваць далей.

— Адна пацыентка прысвяціла мне верш. Словы ў ім простыя, але такія цёплыя. Гэты падарунак я захоўваю, — дзеліцца Даша Рындава.

Бываюць і такія сітуацыі, калі ўзрост студэнтаў-медыкаў насцярожвае людзей. Маўляў, яшчэ маладыя, нявопытныя. Але ўрачы кажуць, што чулае кіраўніцтва і жаданне вучыцца зробяць сваё, і з сённяшніх студэнтаў абавязкова вырастуць сапраўдныя прафесіяналы ў сваёй справе.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.