Вы тут

Я не Шарлі (Je ne suis pas Charlie)


Пра французскі сатырычны штотыднёвік “Шарлі Эбдо” да нядаўняга часу чуваць асабліва не было. Прынамсі, пасля таго страшнага студзеня, калі дзесяць супрацоўнікаў выдання загінулі ад куль тэрарыста, які ўварваўся ў офіс рэдакцыі з аўтаматам, каб адпомсціць за апаганьванне прарока Мухамеда на старонках часопіса. Тады на пачатку года ад гэтай страшнай навіны скалануўся ўвесь свет, а Францыя проста здрацвянела ад шоку.  Пасля было масавае шэсце па вуліцах Парыжа, шматтысячнае, з удзелам лідараў еўрапейскіх дзяржаў. Амаль ўсе маніфестанты неслі плакаты і расцяжкі з надпісам: “Je suis Charlie” (Я – Шарлі), выказваючы тым самым салідарную пазіцыю ў абарону дэмакратыі і свабоды слова – галоўных еўрапейскіх каштоўнасцяў, апалагетам якіх умомант стаў расстраляны штотыднёвік.

шарли

Крывавых навін у нашым шалёным свеце хапае штодня, таму гісторыя з расстралянымі журналістамі і карыкатурыстамі проста стала ў шэраг адпрацаваных матэрыялаў у архівах сеціва. Пасля шоку ад таго, што падобнае магло здарыцца ў цэнтры еўрапейскай сталіцы, прыйшоў час разваг, у тым ліку і пра тое, наколькі дэмакратыя і свабода слова можа сягаць за бар’еры дазволенага. Законам, мараллю, традыцыямі, звычайнай чалавечай сумленнасцю, калі хочаце. Бо, малюючы і публікуючы карыкатуры на прарока, супрацоўнікі часопіса ведалі, што закранаюць самыя святыя пачуцці, без перабольшвання, мільёнаў людзей. І сярод гэтых мільёнаў знойдуцца тысячы, хто гатовы будзе жорстка помсціць (гэта не ў бок мусульман камень, у кожнай распаўсюджанай рэлігіі і сёння знойдуцца яе фанатычныя рупліўцы).  Калі па-абывацельску:  ці варта было так рызыкаваць? Дзеля чаго і дзеля каго? Калі па-чалавечы: навошта чапаць тое, што іншым – баліць?

Падчас паездак у Еўропу я бачыла “Шарлі Эбдо” неаднойчы: мой нямецкі сябар – яго адданы аматар, купляе пры любой нагодзе. Глядзіць карыкатуры на грані фола і залівіста рагоча. Няважна, што там намалявана: фрау Меркель у камічнай ці нават непрыстойнай позе або тэракт у Іраку, з якога таксама зрабілі шарж. Мне, шчыра кажучы, было ўсё роўна да аднаго канкрэтнага выпадку. Тады якраз судзілі дзявок, якія ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве наладзілі непрыстойныя скокі. Еўрапейская прэса пільна сачыла за гэтым працэсам, нібы судзілі не адвязаных хуліганак, а вядомых палітыкаў. “Шарлі Эбдо” ўбаку не застаўся: з’явілася злосная карыкатура на праваслаўны храм, на святароў, на прыхаджан. Я сама ад сябе таго не чакала, але ад убачанага на вочы навярнуліся слёзы, захацелася штосьці камусьці даказваць, калі трэба – дык і з кулакамі. Мы тады моцна з прыяцелем пасварыліся, бо ён не разумеў маёй крыўды і гневу, зноў залівіста рагатаў, яму было проста смешна.

Без имени-1

Калегі з “Шарлі” не зразумелі своечасова адну вельмі важную рэч, і ад гэтага загінулі. Тое, што “глытала” і са смакам ператраўляла Еўропа, у якой ужо даўно ў многіх рэчах дэмакратыю змяніла ўсёдазволенасць і адсутнасць элементарнай маралі, не гатовыя нават каштаваць прадстаўнікі іншых частак свету, якіх у Еўропе становіцца ўсё больш. І што варта ўжо ўспамінаць і пра этыку, і пра мараль, і пра элементарную прыстойнасць. Здавалася, у студзені яны атрымалі вельмі жорскі ўрок, які запомняць надоўга.

Аказалася, не надоўга. Карыкатуры на сірыйскага трохгадовага хлопчыка, які патануў ля берагоў Турцыі, не тое што на мяжы фола – далёка па-за ёй. Бо каб намаляваць мёртвае дзіця на пляжы, якое ляжыць побач з біл-бордам, які прапануе дзіцячае меню два па цане аднаго, і напісаць “Так блізка ад мэты” – гэта трэба быць... не толькі таленавітым мастаком, які нічога і нікога не баіцца, але і маральным вычварэнцам, які ні ў што не верыць, нікога не шкадуе, нічога не адчувае. Усё выглядае менавіта так, як бы ні дэкларавалі цяпер супрацоўнікі часопіса, што такім чынам яны высмейваюць цынічныя адносіны Еўропы да бежанцаў,. Калі на тое пайшло, у цынізме з імі наўрад ці хто паспрачаецца.

Гэтага падалося мала – у тым жа нумары яшчэ вырашылі падражніць і хрысціян, і мусульман. Хрыстос ідзе па вадзе, а з вады тырчаць у ногі тапельца (у кантэксце зразумела, што гэта ногі таго ж няшчаснага дзіцяці). А для тых, хто не зразумеў, надпіс-тлумачэнне: “Хрысціяне ходзяць па вадзе, а мусульманскія дзеці топяцца”...

Я вось думаю: ці пайшлі б сёння Ангела Меркель і Франсуа Аланд, якія ўсяляк дэманструюць талерантнасць у пытанні бежанцаў, пад плакатамі з надпісам “Я Шарлі”, як рабілі гэта ў студзені? Наўрад ці. Упэўнена: многія з тых, што ішлі тады ў шматтысячным натоўпе, сёння, пасля хвалі абурэння па ўсім свеце, гатовы сказаць: “Я – не Шарлі”. Але не будуць гэтага рабіць публічна, не пойдуць на маніфестацыю. Бо – дэмакратыя і свабода слова. Як жа супраць іх выступаць?

Ёсць у гэтай зусім не вясёлай гісторыі яшчэ адзін персанаж, які застаўся за кадрам, але адыграў у ёй ледзь не галоўную ролю. Нілюфер Дэмір. Вы не ведаеце, хто гэта? Турэцкая журналістка, якая сфатаграфавала цела Алана Курдзі – таго самага няшчаснага сірыйскага хлопчыка, якога мора выкінула на пляж Бодрума. Фота разляцелася па першых старонках таблоідаў, і стала асновай для сатырычнай фантазіі карыкатурыстаў “Шарлі Эбдо”.

Заўважце, яна (жанчына!) не кінулася да нерухомага цельца, не паспрабавала ратаваць (а раптам дзіця жывое?). Не заплюшчылася ад убачанага жаху. Добра настроіла фотакамеру, падышла бліжэй, выбрала ўдалы ракурс. Атрымала сусветную вядомасць і, мяркуючы па ўсім, немалы ганарар. Якой цаной? Аб цане задумваюцца толькі тады, калі гучаць аўтаматныя чэргі.

Еўропе трэба ратавацца не ад бежанцаў – найперш ад самой сябе, такой, якая яна ёсць сёння. Сказаць ва ўвесь голас: “Я – не Шарлі”, успомніць пра звычайныя чалавечыя каштоўнасці і пра элементарную людскасць. Гэта сёння нават не праблема  дэмакратыі ці яе адсутнасці, -- гаварыць ужо трэба ўвогуле пра выжыванне. Ці разумее гэта сама Еўропа – вось у чым пытанне.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.